Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХК «Дынама» адмовіўся камэнтаваць зьнікненьне анонсу канцэрту «Brutto»


Сяргей Міхалок, архіўнае фота

Сяргей Міхалок, архіўнае фота

Канцэрт плянаваўся на 29 лістапада на «Мінск-арэне» перад матчам рэгулярнага чэмпіянату КХЛ «Дынама» (Менск) — «Медвешчак» (Заграб). Цяпер па ранейшай спасылцы з інфармацыяй пра канцэрт сайт Дынама выдае памылку «Старонка ня знойдзена».

Кіраўнік прэс-службы хакейнага клюбу «Дынама» Раман Стронгін ня стаў камэнтаваць сытуацыю.

«Нічога не магу пракамэнтаваць. Нічога ня ведаю, усё будзе ў панядзелак», — сказаў Раман Стронгін карэспандэнту Свабоды.

Прадусар «Brutto» Антон распавёў Свабодзе, што музыкі даўно рыхтуюцца да канцэрту:

«Былі доўгія перамовы і ўзгадненьні, потым гэты канцэрт аб’явілі. А таго, адбудзецца ён ці не, нам не пацьвярджалі, і нам пакуль ніхто не тэлефанаваў. Мы ня ведаем. Мы да выступу гатовыя і нічога самі не адмяняем. У нас усё добра, усе здаровыя і ніякіх тэхнічных прычынаў у нас няма для адмены канцэрту. Пры гэтым на хакеі нашы песьні круцяцца, людзі слухаюць, сьпяваюць, усё нармальна. Таму сытуацыя для нас незразумелая».

XS
SM
MD
LG