Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Гуркоў: Мы запішам круты альбом і паедзем у Кітай


Віталь Гуркоў

Віталь Гуркоў

Калі табе 13, ты скачаш перад люстэркам у майцы-баксёрцы з гітарай, уяўляючы сябе Кабэйнам (а на другім дзясятку дваццаць першага стагодзьдзя яны ўсё адно ўяўляюць сябе Кабэйнамі), равеш пад песьню, якую ніхто ня чуе праз твае навушнікі, і верыш, што ўсё магчыма.

Калі табе 13, ты скачаш перад люстэркам у майцы-баксёрцы, у якой аднолькава крута выглядаюць чэмпіёны сьвету і рок-зоркі, ловіш удары свайго адбітку і верыш, што непераможны.

А пасьля, як усе, паступаеш у БДЭУ, працуеш спэцыялістам і вядучым спэцыялістам і загадчыкам аддзелу ў ААТ «Беларусбанк», аддзяленьне нумар 293 дроб 710.

Насуперак таму, што хлапец з твайго двара, які вучыўся з табой у адной школе, на пару гадоў маладзейшы ці старэйшы, спраўдзіў усе хлапечыя мары.

Віталь Гуркоў, 29 гадоў, 10-разовы чэмпіён сьвету па тайскім боксе, вакаліст гурту Brutto, рыхтуецца да чэмпіянату Эўропы ў сутарэньнях панэльнага дому на Валгаградзкай і чакае выхаду новага альбому.

Я адзін з вакалістаў новага гурту Brutto

Раней я граў у школе ў панк-гурце на гітары. Такі стрыт-панк мы гралі. Потым я быў вакалістам у хардкор-групе. Я спрабаваў чытаць рэп. Увесь час нешта такое муціў у музыцы. Апошняе — я граў на бас-гітары ў хардкор-гурце. Але ўсё гэта было так несур’ёзна, больш для асалоды.

Ці буду займацца музыкай прафэсійна? Займаюся ж.

Мне падабаецца вельмі розная музыка. Цяжка сказаць. Андэрграўнд, і панк-рок, хардкор і мэтал і хіп-хоп, і фанк я люблю, Бары Ўайт — мой любімы выканаўца. 50 Cent, Tupac люблю. І Onyx. Шмат чаго.

Атрымліваецца і трэніравацца, і музыкай займацца. Пакуль не перашкаджае. Не праблема.

Мы зь Міхалком сябруем сем гадоў

Мы адзін пра аднаго ведалі раней, а бліжэй сышліся, калі займаліся ў аднаго трэнэра па боксе. Ён нас пазнаёміў. Потым я, калі быў «Культпрасьвет», упершыню зьняўся ў кліпе для «Ляпіса Трубяцкога». Езьдзіў на канцэрты. Сябравалі, размаўлялі, абмяркоўвалі розныя пытаньні. Размаўлялі пра музыку. Аб’яднала нас любоў да андэрграўнду і любоў да спорту.

Як здымаліся кліпы Brutto

У першым кліпе была сяброўская атмасфэра. Мы даволі даўно сябруем. І гэта не было акторствам. Цягам гэтых здымачных дзён мы пражылі цэлае жыцьцё. Там былі сапраўды і паездкі на гэтых пікапах, і баі, і трэніроўкі, і сем’і, пікнікі, вогнішчы, спаборніцтвы. Мы гэта ўмоўна назвалі «зьезд Brutto». Так мы праводзім час, калі мы разам.

А другі кліп — тэматычны. Ён пра баксёра. Такая гісторыя. Ну што там граць — я ж усё ведаю.

Я ня думаю, ці дазволяць нам выступаць у Беларусі

Мы запішам круты альбом і паедзем у Кітай. Гэта наша мэта. У Японію дык пэўна паедзем. Будзем мы тут выступаць ці не, я ня ведаю.

А што Кітай? Там жа любяць такіх. Я ж зорка тайскага боксу. Гэта нармальны піяр-ход. Я баксіраваў з самымі топавымі тайцамі і кітайцамі. Там мяне любяць, ведаюць, паказвалі па тэлебачаньні. Мяне там пазнаюць на вуліцах. Трэба перамовіцца з пэўнымі людзьмі, і нам там зробяць прома.

Калі б я не займаўся боксам, мы б зь Сяргеем не пазнаёміліся. Гэта значная частка жыцьця, якая наклала адбітак на ўсё.

Я ня думаю пра грошы

Мне ўсё адно, колькі там што будзе прыносіць і ці будзе ўвогуле. Галоўнае, што гэта мне падабаецца. Гэта тое, чым я заўжды хацеў займацца. Мая мара была — зрабіць гурт, быць у гурце кшталту такога. Апроч таго, што гэта гурт, бла-бла-бла, музыка, — там усе мае сябры. Мы адзін аднаго шмат часу ведаем. Гэта наша тусоўка, скажам так.

Мажор ня пойдзе ў тайскі бокс

Гэта такі спорт — «андэрграўнд». Ну які мажор пойдзе займацца ў такі цяжкі від спорту? Зазвычай бацькі, якія забясьпечаныя матэрыяльна, не аддаюць сюды сваіх дзяцей. Навошта аддаваць іх у такі спорт, у якім б’юць у галаву — так ужо проста скажам. Трэба нейкі тэніс, хакей-шмакей, нешта больш грашовае, футбол той жа.

А гэта спорт сапраўдны, цяжкі. Для тых, хто хоча змагацца са складанасьцямі па жыцьці, змагацца са сваімі слабасьцямі, цяжкасьцямі жыцьця, характару. Гэта спорт больш набліжаны да вуліцы, больш хуліганісты.

Рана ці позна камусьці трэба даць у галаву

Людзі часам паважлівасьць і ветлівасьць маюць за слабасьць. Ніхто ж ня думае, што ты, такі паважлівы і ветлівы, можаш сківіцу зламаць калі-небудзь. Ёсьць жа людзі, якія па-іншаму не разумеюць.

Я быў вельмі маленькі, вельмі худы, і, як заўжды бывае ў школе, зьдзекаваліся зь мяне. Я ня быў аўтсайдэрам, але часта за..ліся, і даводзілася біцца. Я стаяў на сваім, а пасьля зразумеў, што някепска было б навучыцца, як гэта правільна рабіць. Бо ёсьць хлопцы вышэйшыя, дужэйшыя, большыя, зь імі таксама трэба біцца. Так і пайшоў. Зацягнула — і ўсё.

Я ня ведаю, што такое спорт па-за палітыкай. На кожных спаборніцтвах ёсьць падводныя рухі, нейкая палітыка: гэтых мы прапускаем, а гэтых не прапускаем. Сёньня мы возьмем пяць допінг-пробаў, а зь іх тры ў беларусаў. Паўсюль ёсьць палітыка.

У Беларусі я на месцы

Тут мае сябры, мае бацькі, тут я нарадзіўся. Чаму мне павінна быць тут некамфортна? Тыя, хто хоча зьехаць, спрабавалі зьяжджаць? Я спрабаваў. Я быў шмат дзе. Апошнім разам быў у Амэрыцы. У Лас-Вэгасе. У мяне ёсьць шматразовая віза ў Штаты. Думаў паехаць у Нью-Ёрк, там шмат сяброў, але пасьля вырашыў, што ня так ужо гэта і цікава. Паўгода жыў у Аўстраліі. Нейкі час пажыць цікава, паглядзець як і што. Але ўяўленьня, што гэта «маё месца», у мяне не было. Заўжды было пачуцьцё, што не на сваім.

У палітыцы я сябе ня бачу

Палітыка — гэта сумна. Трэба вырашаць нейкія пытаньні, размаўляць зь людзьмі, зь якімі не хацелася б размаўляць, дый бачыць бы не хацелася. Можна ж жыць цудоўна і так.

Вайна можа быць

Побач з намі выбухі, усе гэтыя падзеі. Канечне, я адчуваю, што гэта можа крануць і нас. Ці справімся? Ну, нешта будзе. Яны ж неяк спраўляюцца. Гэта ж жыцьцё, нехта памрэ, нехта не памрэ. Сьмелыя раней памруць. Баязьлівыя, трусьлівыя — іх больш застанецца. Гэта эвалюцыя.

Я чакаю чэмпіянату Эўропы

21 верасьня паеду. Чакаю выхаду нашага альбома Brutto. Гэта будзе самая цудоўная рэч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG