Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гунар Віганд пра лідэраў беларускай апазыцыі: «Я зь імі ўжо сустракаўся»


Гунар Віганд, архіўнае фота

Гунар Віганд, архіўнае фота

Эўрапейскі чыноўнік распавёў журналістам пра вынікі сваіх сустрэч з прадстаўнікамі беларускай улады, грамадзянскай і экспэртнай супольнасьцяў.

«Тэма палітзьняволеных у Беларусі абмяркоўвалася на ўсіх маіх сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады. Я ня проста закранаў гэтае пытаньне агулам, а згадваў канкрэтныя выпадкі», — заявіў сёньня пасьля завяршэньня свайго візыту ў Беларусь кіраўнік дэпартамэнту Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд на кароткай сустрэчы з журналістамі.

На пытаньне журналістаў, як рэагавалі прадстаўнікі беларускай улады на ягоныя захады, эўрачыноўнік адказаў:

«Ад іх імя я ня буду казаць, але я ім даў зразумець, што каб цалкам рэалізаваць патэнцыял адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, трэба рабіць новыя крокі».

Гунар Віганд сказаў, што гэта была чацьвёртая сустрэча ў рамках дыялёгу аб мадэрнізацыі. Гэтым разам яна ахоплівала такія тэмы, як магчымыя рэформы ў сфэры адукацыі, рэгіянальнага разьвіцьця і сацыяльных пытаньняў.

На пытаньне, чаму гэтым разам спадар Віганд не сустрэўся зь лідэрамі беларускай апазыцыі, ён адказаў наступнае:

«Калі прыяжджаеш некуды на абмежаваны час, дык цяжка сустрэцца з усімі. Я раней сустракаўся зь лідэрамі апазыцыі і ў Менску, і ў Брусэлі. Зь імі сустракаліся і эўракамісары, і прадстаўнікі дыпмісіяў краінаў Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. Прычым апошняя сустрэча была ня больш чым дзесяць дзён таму».

Гунар Віганд паведаміў журналістам, што на наступным тыдні ў Брусэлі адбудзецца другі раўнд перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Дырэктар дэпартамэнту Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд ад 18 лістапада знаходзіцца ў Беларусі з чарговым візытам. 18 лістапада адбылася ягоная сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і аналітыкамі. 19 лістапада Віганд сустракаўся зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем.

МЗС: завяршыўся чацьвёрты раўнд кансультацый з ЭЗ

У Менску адбыўся чацьвёрты раўнд кансультацый па пытаньнях мадэрнізацыі паміж Беларусьсю і ЭЗ. У ім бралі ўдзел намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына і дырэктар дэпартамэнту Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўнітва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд.

«Падчас сустрэчы прадметна абмеркаваныя пытаньні адукацыі, рэгіянальнага разьвіцьця і сацыяльнай палітыкі ў Беларусі, а таксама інструмэнты садзейнічаньня ЭЗ у гэтых абласьцях. Галоўнай мэтай кансультацый па мадэрнізацыі зьяўляецца вызначэньне лепшай будучай формы ўзаемадзеяньня паміж урадам Беларусі і ЭЗ», — паведаміла прэс-служба МЗС.

XS
SM
MD
LG