Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьпяховым спартоўцам — пернік, няўдалым аматарам — пуга


Аляксандар Лукашэнка абураны апошнімі выступамі беларускіх футбалістаў, хакеістаў ды іншых «гульнявікоў».

Аляксандар Лукашэнка, абураны апошнімі выступамі беларускіх футбалістаў, хакеістаў ды іншых «гульнявікоў», правёў адмысловую нараду ў пытаньнях дзяржаўнага фінансаваньня відаў спорту, якія не даюць чаканага эфэкту. Кіраўнік краіны адзначыў, што «аматарства» больш падтрымлівацца ня будзе, а меркаю заробку, прэмій і астатніх заахвочваньняў павінны стаць паказаныя вынікі. Хто насамрэч вінаваты ў тым, што спартоўцы сталі дармаедамі?

Сёньня футбольная зборная Беларусі правядзе апошні матч у сэзоне — таварыскую гульню з камандай Мэксыкі на «Барысаў Арэне». Беларусы не выйгравалі ў афіцыйных сустрэчах больш за два гады, фактычна правалены і групавы раўнд Эўра-2016 — тры паразы і нічыя з Люксэмбургам. Сваімі вынікамі «зборнікі» падхапілі сумную эстафэту ад клюбаў, якія гэтаксама няўдала выступаюць у эўракубках: БАТЭ тройчы разгромна прайграў супернікам па Лізе чэмпіёнаў, не адказаўшы на 18 мячоў ніводным. Менскае «Дынама» гуляе не нашмат лепш у Лізе Эўропы, зарабіўшы 1 ачко ў чатырох гульнях.

Ня цешаць і іншыя — у прыватнасьці, улюбёны Лукашэнкаў хакей. «Дынама» зь Менску прайграла пяць запар матчаў у Кантынэнтальнай хакейнай лізе і адкацілася да рызыкоўнай 7-й пазыцыі ў зоне плэй-оф. Нацыянальная зборная пад кіраўніцтвам Уладзімера Крыкунова зьезьдзіла на міжнародны турнір у Славенію і прайграла ўсе сустрэчы, нават Японіі. Пры гэтым дзяржава ледзь ня пачкамі раздае беларускае грамадзянства замежнікам, спадзеючыся падцягнуць узровень ня ўласнымі кадрамі, а за кошт асыміляваных прадстаўнікоў Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкі, блізкіх і далёкіх краінаў Эўропы.

У часе дакладу аб мерах дзяржаўнай падтрымкі арганізацыяў фізкультуры і спорту Аляксандар Лукашэнка заявіў: на фінансаваньне змогуць разьлічваць толькі тыя, хто дэманструе прымальныя вынікі. Паводле Лукашэнкі, указ № 911, падпісаны летась у красавіку, працуе ўжо паўтара года; дзяржава ў няпростых умовах выдаткоўвае на спорт немалыя сродкі, але плёну, на які мае права разьлічваць, няма. І Лукашэнка робіць высновы:

Мне вельмі часта кажуць: ах, вось калі мы зараз не акажам падтрымку таму ці іншаму клюбу, ён загіне, спорт гэты заглухне. Хай гінуць і хай глухнуць!

«Мне вельмі часта кажуць: ах, вось калі мы зараз не акажам падтрымку таму ці іншаму клюбу, ён загіне, спорт гэты заглухне. Хай гінуць і хай глухнуць! Публічна вам пра гэта кажу. Нам проста аматарства, як у Беларусі кажуць, ня трэба фінансаваць. Таму калі яны выйшлі на пляцоўку спартовую (гэта гульнявікоў больш за ўсё тычыцца), дык хай выдаюць вынік. І ня проста вынік — яны яшчэ і артысты, акторы, яны павінны як акторы падабацца людзям. Яны павінны настрой ствараць у грамадзтве, яны павінны прыносіць славу дзяржаве, імідж дзяржавы ўздымаць. Вось каго мы павінны падтрымліваць і заахвочваць. І дзетак, таму што бязь іх вялікіх ня будзе».

Аляксандар Лукашэнка даручыў дакладна вызначыцца з зарплатамі ў спартовай сфэры: «Несправядліва заробленых грошай быць не павінна — заробкі павінны быць вызначаныя, усё павінна быць празрыста».

Наколькі заможныя тыя ж хакеісты? Хто гуляе ў КХЛ, той, відавочна, зусім ня бедны. Агалошваліся сумы кантрактаў, якія маюць тыя ж дынамаўцы, — ад 20 тысяч да 50 тысяч даляраў штомесяц, залежна ад заслугаў. Зрэшты, былі часы і нашмат лепшыя, калі прыбытак асобных легіянэраў складаў да мільёна даляраў за сэзон. А што з гульцамі ўнутранага чэмпіянату? Вось што кажа хакейны агент Андрэй Грум-Гржымайла:

Андрэй Грум-Гржымайла

Андрэй Грум-Гржымайла

«Гледзячы ад чаго адштурхоўвацца. Калі параўноўваць з простым чалавекам — пэўна, што так. А калі зь нядаўнім мінулым — дык не сказаў бы. Цяпер прыбытак у хакеістаў — вышэйшы за сярэднестатыстычны. Скажам так: як дабіваліся сярэдняга паказьніка па краіне ў 500 даляраў, то дзесьці разоў у 5–6 больш. Мне сапраўды часта кажуць: хакеісты шмат зарабляюць. Але ў хакеістаў такая прафэсія, што кожная гульня можа стаць апошняй. Яму трапіла шайба ў калена, і ён больш не гуляе. А палова хакеістаў у нас, апроч хакею, нічога рабіць ня ўмее. Гэта не катэгорыя Ігара Ларыёнава, хто можа перабудавацца, віно выпускаць, штосьці іншае. У нас такіх няма, дый куды ўкладаць грошы — асабіста я ня бачу. Магчыма, дзесьці яно і ёсьць, але я пра гэта ня ў курсе. Ня ведаю ніводнага хакеіста, у якога пасьля заканчэньня выступу быў бы свой нармальна наладжаны бізнэс».

Здабыткі футбалістаў нацыянальнага першынства таксама непараўнальныя зь сярэднімі па краіне. Прэміяльныя ад эўракубкаў даюць магчымасьць зусім нядрэнна сябе пачуваць гульцам барысаўскага БАТЭ, а сёлета і менскага «Дынама». Таму мэта бальшыні маладых людзей — трапіць прынамсі ў мясцовую эліту. Аднак узровень падрыхтоўкі ў дзіцячых школах такі, што не заўсёды ўдаецца прэтэндаваць нават на другарадны па эўрапейскіх мерках чэмпіянат. Вядомы ў мінулым футбаліст Міхаіл Мустыгін кажа, што клопат пра пачаткоўцаў трэба рэалізоўваць не на словах, а на справе:

Міхаіл Мустыгін

Міхаіл Мустыгін

«Ад трэнэра вельмі шмат залежыць, пра гэта трэба заўсёды памятаць. Футбалісты, якія самі адгулялі ў футбол, нашмат большаму навучаць, чым тыя, якія прыходзяць пасьля інстытуту — можа, і ў футбол самі ніколі не гулялі, а пачынаюць займацца зь дзецьмі. Трэба працу будаваць так: скончыў футбол — ідзі працуй зь дзецьмі. Як мы раней пачыналі, з 8—9-гадовага ўзросту. Некалі нам, кожнаму трэнэру, давалі пэўны раён — Фрунзенскі, Ленінскі ці Першамайскі. Дык вось ходзіш па школах, глядзіш, выбіраеш лепшых. Але дзеля гэтага трэба пратупаць шмат кілямэтраў, дзясяткі школаў наведаць. Бо абавязкова, каб глядзеў спэцыяліст, які сам гуляў, які здолее навучыць, як ударыць, як абгуляць праціўніка, як мысьліць на полі. Павінен быць гулец. Праўда, для гэтага трэба рабіць дзіцячым трэнэрам добры заробак. А паколькі плацяць капейкі, то ніхто ня хоча аддавацца справе, важдацца, бо дзецям надзвычай цяжка даваць рады».

Аляксандар Лукашэнка адзначыў: ніхто з тых, хто паказаў вынік, ня можа пакрыўдзіцца на дзяржаву. Пры гэтым спаслаўся на прыклад алімпійскай трыюмфатаркі, біятляністкі Дар’і Домрачавай. А ці задаволеныя дзяржаўнай увагай прадстаўнікі іншых дысцыплінаў, якія з году ў год паказваюць выбітныя дасягненьні? Гаворыць галоўны трэнэр каманды фрыстайлістаў Мікалай Казека:

Мікалай Казека

Мікалай Казека

«Ну як вам сказаць? Цяпер перад намі, вядома, практычна ўсе дзьверы адчыненыя, фінансаваньне збольшага дастатковае. Вядома, былі часы, калі існавалі, як кажуць, на галодным пайку. А цяпер, з такімі нашымі посьпехамі, безумоўна, ідуць насустрач з усіх бакоў — і Нацыянальны алімпійскі камітэт, і Міністэрства спорту і турызму, і Менскі гарадзкі спорткамітэт, і лыжны саюз, і ўсе іншыя. То бок фактычна з усіх бакоў дапамагаюць, мы сабе камфортнае месца, скажам так, заслупавалі. Гэта вынік перадусім таго, што нам вераць, што нашы абяцаньні працуюць. Таму на нешта наракаць не даводзіцца. Але паўтаруся, што так было не заўсёды».

Тым часам Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў, што сродкі, якія спартовыя арганізацыі атрымліваюць з замежных крыніцаў, неўзабаве будуць абкладацца падаткамі. Перадусім гэта тычыцца грошай за выступы ў міжнародных турнірах. Па словах Лукашэнкі, ён пайшоў насустрач БАТЭ, які паабяцаў частку сродкаў, заробленых у Лізе чэмпіёнаў, накіраваць на будоўлю стадыёну ў Барысаве. Але калі справа будзе не такая важная, то падставы да вызваленьня ад падатковай адказнасьці кіраўнік краіны ня бачыць.

XS
SM
MD
LG