Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі хакейнага майстэрства ад «маленькага прынца» Колі Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Як падаюць афіцыйныя мэдыі, працягваецца працоўны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ). Адметна, што візыт акурат супаў са школьнымі вакацыямі малодшага сына Лукашэнкі Мікалая, які разам з бацькам гуляе там у хакей. Нават са справаздачы Беларускага тэлебачаньня вынікае, што адна з галоўных мэтаў Лукашэнкаў у Абу-Дабі — здабыць дзьве перамогі ў супрацьстаяньні з камандай вэтэранаў арабскага хакею.

Інфармацыйныя выпускі Першага тэлеканала 28 кастрычніка пачыналіся з навіны пра перамогу прэзыдэнцкай хакейнай каманды над арабскімі хакеістамі. Карэспандэнтка аналізавала тактыку прэзыдэнцкай каманды, якая прымусіла суперніка прыціснуцца да ўласных варотаў, пасьля чаго беларусам засталося толькі даводзіць сваю «майстравітасьць». Рваў варожую абарону 10-гадовы Мікалай Лукашэнка, расстрэльваючы брамніка. Стараньні малога далі плён — 2 закінутыя шайбы. Яшчэ трыма выніковымі кідкамі адзначыўся ягоны бацька. Агулам у актыве Лукашэнкаў — пяць галоў з трынаццаці, апанэнты адказалі толькі сямю.

Адзін з гульцоў лукашэнкаўскай каманды, экс-трэнэр нацыянальнай зборнай Беларусі Міхаіл Захараў гэтаксама захоплена расказваў, зь якім моцным супернікам давялося біцца:

«Нядрэнная каманда. Тут крыху не хапае трэнэрскай рукі хлопцам: яны вельмі добра трымаюць шайбу, але зусім мала лезуць на браму. Мабыць, нават болей, чым мы, валодалі шайбай, проста нашы хакеісты — адразу на браму і робяць кідкі. Ведаеце, усё ж Беларусь для іх — гэта хакейная дзяржава. Тым больш шмат хто з гэтай каманды прыяжджаў да нас на чэмпіянат сьвету па хакеі, бачылі нашу „Менск Арэну“, прысутнічалі на матчах, іх усё гэта вельмі ўразіла».

Матч-рэванш на хакейнай арэне Абу-Дабі адбудзецца ў чацьвер. Але з такой зьвязкай наперадзе, як два Лукашэнкі, цемнаскурым арабскім хакеістам марыць пра перамогу наўрад ці выпадае. Адметна, што — насуперак правілам нават аматарскіх турніраў — у абодвух Лукашэнкаў на швэдрах красуюцца аднолькавыя лічбы «1».​

Пэдагог з Таварыства беларускай школы Ягор Сурскі лічыць, што ўсё сваё жыцьцё Коля Лукашэнка існуе ў ілюзорным сьвеце, які для яго прыдумляе дарослае атачэньне. Але як у антуражы, створаным вакол «маленькага прынца», канчаткова ня страціць сувязь з рэальнасьцю?

«Можна, напэўна, сьцьвярджаць, што гэта зусім іншая рэчаіснасьць. У нейкім сэнсе яе сапраўды можна параўнаць з такой вось уяўнай рэчаіснасьцю „маленькага прынца“. Бо гэта рэчаіснасьць, якая не ўласьцівая ня тое што большасьці дзяцей у нашай краіне, а дзецям увогуле. Таму што, яшчэ раз паўтару, гэта зусім іншыя рэаліі жыцьця. Шчыра кажучы, я не магу сказаць, ці заслугоўвае дзіця ў такім узросьце такога да сябе стаўленьня, у першую чаргу з боку дарослых. Бо менавіта яны ствараюць тыя правілы гульні, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці. У прыватнасьці, засмучае сам узровень гэтай гульні. Бо калі дарослы чалавек яшчэ здольны зразумець усю гэтую ўмоўнасьць, пастановачнасьць, сцэнар адмысловы, то дзіця — наўрад ці. Я ня думаю, што яму нехта шчыра тлумачыць: ты выйграеш таму, што ў цябе такі бацька, ці таму, што сапраўды такія хакеісты слабыя».

Шчыра кажучы, я не магу сказаць, ці заслугоўвае дзіця ў такім узросьце такога да сябе стаўленьня, у першую чаргу з боку дарослых

На думку суразмоўцы, раней ці пазьней «маленькаму прынцу» Мікалаю Лукашэнку давядзецца сутыкнуцца з рэальным сьветам, які мае мала агульнага з тым, які створаны прыдворнымі «чараўнікамі» ў Драздах. І як хлопец, падросшы, адрэагуе на сапраўдныя, а не ілюзорныя рэчы, прадказаць досыць складана:

«Вядома, можна ствараць гэткі ўмоўны сьвет для дзіцяці, але якія наступствы гэта будзе мець — гэта ж нікому не вядома. Усё ж гэта збольшага рэаліі асобна ўзятай краіны ў цэнтры Эўропы, дзе такое яшчэ магчыма. А сьвет — ён жа зусім іншы, усё роўна інтэграцыя са зьнешнім сьветам рана ці позна адбудзецца. І тут вось паўстае пытаньне: ці будуць захоўвацца гэтыя правілы гульні ў далейшым, якія існавалі, да прыкладу, падчас таго матчу ў Абу-Дабі? Зразумела, больш паказушнага і пастановачнага. Таму мне падаецца, што сама сытуацыя сьведчыць якраз пра ўзровень дарослых, якія прымаюць і культывуюць падобныя правілы гульні. А наступствы? Наступствы тут вельмі цяжка прадказаць».

Арабскія Эміраты даўно сталі прыцягальным месцам для сям’і Лукашэнкаў. Апошнім часам сюды зачасьціў памочнік прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Віктар Лукашэнка, старэйшы сын кіраўніка Беларусі.

Некалькі гадоў запар Віктар Аляксандравіч значыцца ў ліку ганаровых гасьцей Гран-пры Абу-Дабі — аднаго з этапаў чэмпіянату сьвету ў клясе элітарных аўтагонак «Формула-1», які традыцыйна праводзіцца ў лістападзе. Адмысловае запрашэньне паступае ад кіроўнай сям’і эмірата, і няма падставаў сумнявацца, што неўзабаве ён зноў зможа паназіраць за каралеўскімі гонкамі зь віп-ложы. Пры гэтым афіцыйная прэса сьцьвярджае, што Віктар Лукашэнка праводзіць перамовы з высокапастаўленымі чыноўнікамі. Траса на востраве Яс недалёка ад сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў лічыцца адной з самых прыгожых, а гонкі — самымі ўражальнымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG