Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнта Чэхіі Зэмана закідалі яйкамі


Чырвоныя карткі Мілашу Зэману.

Чырвоныя карткі Мілашу Зэману.

Пад час сьвяткаваньня 25-й гадавіны Аксамітнай рэвалюцыі ў Празе прайшло некалькі дэманстрацыяў супраць прарасейскай палітыкі прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана.

Спачатку раніцай некалькі тысяч чалавек прыйшлі з чырвонымі карткамі і сьвісткамі на месца сутычак студэнтаў з паліцыяй у 1989 годзе. Калі Зэман прыйшоў пакласьці кветкі да мэмарыялу, усе засьвісьцелі і паказалі яму чырвоныя карткі — патрабуючы адстаўкі.

Акцыя прайшла пад лёзунгам «Зэман — з Граду!» Гэты лёзунг як бы перайначваў лёзунг рэвалюцыі 1989 году «Гавэл — на Град!», калі за Вацлава Гаўла агітавалі як за будучага прэзыдэнта Чэхаславаччыны. Пазьней дэманстранты з тымі ж лёзунгамі пайшлі на Праскі Град, дзе знаходзіцца рэзыдэнцыя прэзыдэнта Чэхіі.

А пазьней яны прынесьлі чырвоныя карткі і яйкі ў мікрараён Альбертаў, дзе Зэман у прысутнасьці іншых прэзыдэнтаў краін Вышаградзкай чацьвёркі адкрываў памятную дошку. Менавіта з гэтага раёну 25 гадоў таму пачалося шэсьце дэманстрантаў у цэнтар Прагі. Крытыкі палітыкі Зэмана скандавалі: «Miloše do koše» або «Nechceme Zemana» («Мілаша ў кошык», «Ня хочам Зэмана»), некаторыя пачалі кідаць у яго яйкамі, ахова заланяла Зэмана ад яек парасонамі.

Дэманстранты такім чынам выказвалі сваё абурэньне прарасейскімі і антыўкраінскімі выказваньнямі Мілаша Зэмана, а таксама ягонымі грубымі словамі пра гурт Pussy Riot.

Зэман пачаў свой выступ словамі: «Не баюся вас, як не баяўся 25 гадоў таму». У сваёй кароткай прамове, сказанай пад шквалам яек з натоўпу, Зэман зазначыў, што падобныя праявы нянавісьці ад людзей, якія не былі ў 1989 на Нацыянальным праспэкце ( месцы сутычак паліцыі і студэнтаў), расцэньвае як баязьлівасьць.

XS
SM
MD
LG