Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гомсельмаш» вяртаецца ў 90-я гады


«Гомсельмаш», адзін са складоў

«Гомсельмаш», адзін са складоў

У найбуйнейшым у Беларусі аб’яднаньні «Гомсельмаш» 6 лістапада зноў абвешчаны выходным днём.

Ня будзе працаваць прадпрыемства і ў наступны панядзелак, 10 лістапада. Прадстаўнікі адміністрацыі кажуць, што працаўнікі бяруць адгулы ў зьвязку са сьвятам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Рабочыя ж заяўляюць пра прымусовыя адпачынкі за свой кошт з прычыны адсутнасьці збыту прадукцыі і складанага фінансавага стану аб’яднаньня.

Два тыдні таму сельмашаўцы ўжо не працавалі чатыры дні, два зь якіх прыпадалі на суботу й нядзелю. Гэтым разам адпачынак расьцягнуўся на пяць дзён, бо да законных выходных дадалося яшчэ й афіцыйнае сьвята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, якое Беларусь адзначае амаль гэтаксама, як і ў камуністычныя часы.

На гомсельмашаўскім ЗЛІНе — заводзе ліцьця й нармаляў — адзін з прадстаўнікоў дырэкцыі патлумачыў, што ўсе службы сёньня працуюць як звычайна, а ў адпачынак пайшлі толькі тыя, хто гэтага захацеў:

«Афіцыйна — працоўны дзень, усе службы працуюць. Проста асобныя напісалі заявы на адпачынак, хто пажадаў. Таму што сёньня перадсьвяточны, кароткі дзень. Хто ў вёску сабраўся ехаць, хто да сваякоў — туды-сюды, у такім пляне. Частка людзей напісала, але я ўжо не скажу колькі. Частка ў нас пастаянна піша, бо камусьці штосьці трэба. Тым больш калі надыходзяць гэтыя сьвяты — камусьці трэба па справах зьезьдзіць, тым больш што і надвор’е добрае. А так — звычайны працоўны дзень».

Завод ліцьця і нармаляў

Завод ліцьця і нармаляў

Рабочы ЗЛІНа, які назваўся Анатолем, у сваю чаргу тлумачыць, чаму сёньня гуляе:

«У цэхах — выходны. І ў панядзелак выходны. На працу ў аўторак. Нам не дакладваюць, чаму так вырашылі. Працы няма — мэталу бракуе, заказаў. Проста за свой кошт заявы пішам. Кожны месяц па два дні гулялі. А гэтым разам, перад сьвятам, больш зрабілі».

Падобная сытуацыя і на іншых прадпрыемствах аб’яднаньня. Працавалі найперш адміністрацыі ды будаўнікі, якія рыхтавалі памяшканьні да зімы. А яшчэ канструктары з ГСКТБ — Гомельскага спэцыяльнага канструктарска-тэхнічнага бюро. Усе іншыя — адпачывалі.

Апавядае рабочы Аляксандар з заводу самаходных камбайнаў:

«Увесь завод, наш ЗСК, а таксама галаўны, ЗЛІН, СІТА — усіх выгналі сілай. Гэта для нас нуль заробку. Зь мінулага верасьня ходзім у адпачынак — раней па два дні ў месяц, потым зрабілі тры, чатыры. Кожны павінен адгуляць: два, тры ці чатыры дні на месяц. Зьвязана гэта з тым, што няма збыту прадукцыі. Гэта ж ня толькі на Гомсельмашы — па ўсёй Беларусі так: склады заваленыя».

Галоўны корпус

Галоўны корпус

Суразмоўца кажа, што яму такі адпачынак не патрэбны. Лепей працаваць і мець капейку, бо заробкі цяпер вярнуліся на ўзровень чатырохгадовай даўніны — 4–5 мільёнаў. І надзеі на хуткае паляпшэньне сытуацыі сельмашавец ня мае:

«Якія надзеі? Ніякіх надзеяў! Гэта доўгая песьня. Наступаюць прамінулыя, дзевяностыя гады. Гэта ня толькі я — усе так лічаць. Пайшоў развал».

XS
SM
MD
LG