Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як моладзевы стартап зьбеларусіў чэмпіёнаў, банкіраў і закаханых


Каманда Арт Сядзібы Аляксандар Крупіна, Алесь Сьнег, Мікіта Броўка, Зьміцер Афанасенка, Аляксей Сапрыкін, Стася Шаблінская

Каманда Арт Сядзібы Аляксандар Крупіна, Алесь Сьнег, Мікіта Броўка, Зьміцер Афанасенка, Аляксей Сапрыкін, Стася Шаблінская

Вышымайкі, сьпід-дэйтынг па-беларуску, Дзень вышыванкі — усе гэтыя і іншыя мэгапапулярныя падзеі і зьявы прыдумалі людзі, якіх аб’яднала Арт Сядзіба.

Творчая прастора Арт Сядзіба пераехала ў вялікі двухпавярховы офіс у цэнтры гораду зь відам на праспэкт. Тут каманда працуе ўжо месяц і спадзяецца, што шукаць іншага месца ўжо не давядзецца. Хоць і да гэтага супрацоўнікі Арт Сядзібы прызвычаіліся — кажуць, што нават у качалку ня мусяць хадзіць: столькі разоў перацягвалі маёмасьць з офіса ў офіс. І акурат гэтыя пераезды адыгралі не апошнюю ролю ў папулярнасьці арт-прасторы — пра чарговыя апячатаныя памяшканьні і забарону правядзеньня канцэртаў раз за разам бываў гучны розгалас у мэдыях.

Адзін з заснавальнікаў Арт Сядзібы Павал Белавус распавядае, што цяпер каманда плянуе адысьці ад выкарыстаньня пляцоўкі як цалкам публічнай прасторы, дзе штодня адбываюцца канцэрты і іншыя мерапрыемствы.

«Асноўнай прычынай, чаму мы тры гады таму стварылі Арт Сядзібу, быў недахоп месцаў, дзе можна было б правесьці сваё мерапрыемства. Цяпер жа такой праблемы няма, бо новых месцаў — мноства. Таму цяпер гэта будзе крэатыўны цэнтар, які будзе займацца рыхтаваньнем буйных праектаў і маштабных падзеяў», — распавядае Павал Белавус.

Дырэктар Арт Сядзібы Павал Белавус

Дырэктар Арт Сядзібы Павал Белавус

Беларушчына і гламур

На самаакупнасьць Арт Сядзіба выйшла, запусьціўшы сайт Symbal.by, празь які можна набыць «вышымайкі» — сучасныя стылізаваныя цішоткі зь беларускім прынтом-арнамэнтам, якія скарылі ня толькі сталых наведнікаў беларускамоўных імпрэзаў. Набываюць цішоткі і дзяржаўныя прадпрыемствы, і спартоўцы, і музыкі.

«Вышымайкі» і іншыя вырабы Арт Сядзібы

«Вышымайкі» і іншыя вырабы Арт Сядзібы

«На мінулым тыдні „Прыёрбанк“ набыў 40 штук. Кіраўніцтва „Беларусбанку“ таксама зьвярнулася з просьбаю зрабіць для іх адмысловы дызайн і адаптаваць нашы вышымайкі. Прыходзілі фанаты хакейнага клюбу „Дынама“, якія едуць на матч у Хэльсынкі, і ўзялі адразу 53 штукі. Увесь аўтобус будзе на стадыёне ў гэтых кашулях. То бок цяпер гэта фактар, які яднае разнаплянавую публіку», — адзначыў Павал Белавус.

Пакупнікі «вышымаек»

Пакупнікі «вышымаек»

Цяпер пра Арт Сядзібу пішуць ня толькі незалежныя, але і дзяржаўныя мэдыі. А ў глянцавым часопісе «ICON» зьявіліся здымкі дзьвюх міс Беларусі — 2004 і 2008 гадоў — у вышымайках. Ідэя такога фатасэту належыць галоўнаму рэдактару часопіса і тэлевядоўцу Сашу Яраслаўцаву.

Павал Белавус каля паліцы з «вышымайкамі»

Павал Белавус каля паліцы з «вышымайкамі»

Рабіць бізнэс на беларускай справе

Вышымайкі прыдумаў сузаснавальнік Арт Сядзібы журналіст Франак Вячорка. Над дызайнам дзіцячай вышымайкі працуе Зьміцер Афанасенка з гурту «Амарока». У плянах Зьмітра — вырабіць бранзалеткі зь беларускім арнамэнтам.

Зьміцер Афанасенка з гурту «Амарока»

Зьміцер Афанасенка з гурту «Амарока»

«Прычым арнамэнт будзе адмысловы, са сваім значэньнем — каб меў, напрыклад, абарончую функцыю. Хочам іх выпускаць цэлымі сэрыямі, наборам. Гэта можа быць і падарунак на сьвята. Таксама плянуем выпусьціць беларускія нашыўкі на кашулі ці футболкі, а таксама рамяні з тканіны», — кажа Зьміцер Афанасенка.

Новыя ўзоры, якія распрацоўвае Арт Сядзіба

Новыя ўзоры, якія распрацоўвае Арт Сядзіба

Сярод іншай прадукцыі Symbal.by — пашпарт грамадзяніна NRM, які распрацаваў Лявон Вольскі, ці адмысловыя сьцягі, каб прымацоўваць у аўтамабілі — беларускі адказ на георгіеўскія стужкі. Пры падтрымцы Арт Сядзібы выйшлі настолкі «Разам» і «1514». На паліцах тут ёсьць і іншыя рэчы ад беларускіх рамесьнікаў.

Пашпарт грамадзяніна NRM, які распрацаваў Лявон Вольскі

Пашпарт грамадзяніна NRM, які распрацаваў Лявон Вольскі

Паводле Паўла Белавуса, бізнэс на беларускай справе рабіць можна і трэба.

«Можна і зарабляць на гэтым, і папулярызаваць беларускія сымбалі, бо яны карыстаюцца попытам — асабліва цяпер, з прычыны ўкраінскіх падзеяў. Беларусы разумеюць, што пакуль ня позна, трэба сябе адрозьніць хаця б візуальна. Асабліва калі і кіраўніцтва краіны робіць такія заявы пра беларускую мову. Таму выходзіць, што мы цяпер працуем на сыстэму», — кажа Павал.

У новым памяшканьні Арт Сядзібы

У новым памяшканьні Арт Сядзібы

Вышыванкі ў Палацы мастацтваў, арт-мэнэджэры ў рэгіёнах

Яшчэ адзін зь вялікіх праектаў Арт Сядзібы — «Школа арт-мэнэджэра» для крэатыўнай моладзі, якая хоча папулярызаваць беларускую культуру. Адзін з арганізатараў сэмінараў Мікіта Броўка кажа, што асноўнае адрозьненьне іхніх курсаў — ня проста тэарэтычныя веды, але і практычныя заданьні. Удзельнікі школы рабілі свае праекты — напрыклад, гумарыстычнае шоў «Стэндап па-беларуску».

Мікіта Броўка

Мікіта Броўка

Мікіта Броўка, арганізатар «Школы арт-мэнэджэра»: «У нас тады была такая ж сытуацыя, як і на Дні вышыванкі — прыйшло вельмі шмат людзей, ня ўсім хапіла месца, былі журналісты, драматург Андрэй Курэйчык. Быў вялікі ажыятаж, таму хутка абвесьцім новы набор у „Школу арт-мэнэджэра“. Марым гэтыя курсы зрабіць у рэгіёнах, бо ў Менску і так шмат „дзьвіжухі“. А ў сталіцы плянуем правесьці Дзень вышыванкі з большым размахам — у Палацы мастацтваў, дзе будзе кірмаш рамесьнікаў. Хочам запрасіць і камэрцыйных спонсараў», — распавёў Мікіта Броўка, у мінулым журналіст «Новага часу».

Мікіта Броўка і Алесь Сьнег

Мікіта Броўка і Алесь Сьнег

Speed dating, або хуткія спатканьні па-беларуску

Новы праект «Хуткія спатканьні па-беларуску» Арт Сядзіба запусьціла на мінулым тыдні і плянуе працягваць далей. Сэнс у тым, што цягам некалькіх хвілінаў незнаёмыя хлопец і дзяўчына маюць некалькі хвілінаў, каб паразмаўляць. Калі ж узьнікне ўзаемная зацікаўленасьць ці сымпатыя, яны могуць працягваць знаёмства.

Паэт Алесь Сьнег у Арт Сядзібе займаецца сайтам і арганізацыяй канцэртаў

Паэт Алесь Сьнег у Арт Сядзібе займаецца сайтам і арганізацыяй канцэртаў

«На першым спатканьні ў нас было 9 параў — дзяўчаты і хлопцы абсалютна ня ведалі адно аднаго. На гэтым быў акцэнт, і гэта ў нас, на дзіва, атрымалася, бо звычайна беларускамоўныя асобы дзесьці маглі ўжо бачыцца. Такім чынам, мы проста далі ім месца і чатыры хвіліны, каб яны пазнаёміліся», — распавядае паэт Алесь Сьнег, які ў Арт Сядзібе займаецца сайтам і арганізацыяй канцэртаў.

Крама Арт Сядзібы

Крама Арт Сядзібы

Арт Сядзіба — ня толькі памяшканьне, але і школа

У плянах яшчэ адзін вялікі праект — «Школа новых мэдыяў». Мэта — стварыць сетку грамадзянскіх журналістаў, апантаных беларускаю справаю.

«Гэта будуць трэнінгі, практычныя заняткі для маладых асобаў, якія не абавязкова прафэсійныя журналісты, але якія шчыра хочуць займацца такой дзейнасьцю. Выкладаць жа будуць дасьведчаныя прафэсіяналы. Але ўхіл будзе на практычныя заданьні», — распавёў Аляксей Сапрыкін, які адпрацоўвае па разьмеркаваньні, а Арт Сядзібе прысьвячае вольны час.

Аляксей Сапрыкін (у цэнтры)

Аляксей Сапрыкін (у цэнтры)

Калі са сваімі буйнымі праектамі Арт Сядзіба стараецца выйсьці па-за межы офісу, то ў памяшканьні практычна штовечар адбываюцца розныя мерапрыемствы — курсы беларускай мовы, якія вядуць мовазнаўцы Вінцук Вячорка і Пётра Садоўскі, заняткі па аратарскім майстэрства, якія ладзіць Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, ці курсы відэамантажу.

XS
SM
MD
LG