Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сталкеры Свабоды

Дырэктар «Арт Сядзібы» Павал Белавус: «Думаць свабодна нам ніхто не забароніць»


Два гады таму група моладзі адчыніла ў Менску ў адным з былых цэхаў заводу «Гарызонт» недзяржаўную культурніцкую агенцыю «Арт сядзіба». Якую, як толькі яна зрабілася папулярнай, улады пазбавілі памяшканьня. Цяпер маладыя энтузіясты ладзяць свае імпрэзы віртуальна, марачы пры гэтым пра дзяржаўную падтрымку. Дырэктар «Арт сядзібы» Павал Белавус — у новым выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Мы прыдумалі стварыць у горадзе сваю пляцоўку, дзе будзем зьбірацца зь сябрамі і зможам праводзіць у гэтым месцы нейкія свае імпрэзы: невялікія канцэрты, сустрэчы. Да таго ж — гэта проста месца, дзе можна па-беларуску паразмаўляць.

Кожны з нашай каманды, з аднаго боку — чалавек ідэйны, а з другога — кар’ерыст, які хоча чагосьці дасягнуць. І адна з нашых мэтаў — паказаць, што ты можаш нешта рабіць сам і можаш рабіць гэта з добрым вынікам. Мы абралі свой шлях. Нам цікава ствараць у горадзе нейкія свае новыя рэчы.

Былі паэты, якія прыходзілі да нас і чыталі свае вершы па-расейску, а на наступныя літаратурныя сустрэчы яны ўжо прыходзілі зь некалькімі вершамі па-беларуску. Вось такі ўплыў.

Пасьля таго як наша пляцоўка стала папулярнай і ня вельмі кантраляванай з боку дзяржаўных структур, то яе хутка і «дапамаглі» нам прыкрыць.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Ва ўнівэрсытэцкія гады я на сваім геафаку быў штатным вядучым, вёў вечарыны на 8 сакавіка, 23 лютага, да 60-годзьдзя геаграфічнай навукі ў нашым унівэрсытэце ды іншыя, а на наступны дзень ішоў ужо па-за межамі ўнівэрсытэту зьбіраць, напрыклад, подпісы за дэмакратычных кандыдатаў на выбарах. Адзін дзень дэкан мяне хваліў, скажам, за добры выступ на КВЗ, нават каньяку наліваў, а на наступны дзень ён мяне, як клапатлівы бацька, ушчуваў за палітычную і грамадзкую дзейнасьць. Навошта табе, казаў, гэта трэба, ты ведаеш, што ў цябе будуць праблемы. Вось такое ў мяне было двухбаковае студэнцкае жыцьцё.

«Арт Сядзіба» — гэта свабода ў дзеяньнях, каб я ня толькі мог свабодна думаць. Думаць мне ніхто не забароніць, а вось свабода дзеяньняў крыху абмежаваная. Я не магу рабіць усё, што хачу. Я не хачу рабіць нікому нічога дрэннага, а толькі тое, што мне цікава, але свабода для гэтага ў пэўнай ступені адсутнічае.

Калі б да мяне зьвярнуўся, напрыклад, БРСМ ці аддзел культуры гарвыканкаму і сказаў:

«Давайце мы вас возьмем пад сваё крыло», — я б з задавальненьнем пагадзіўся на такую прапанову. У мяне ёсьць мара ў будучым працаваць як мінімум дэпутатам, а максымум — у гарадзкім аддзеле культуры ці дзесьці ў нейкім такім месцы. Мне б гэта было цікава. Але, зь іншага боку, я б пагадзіўся на такую прапанову толькі пры ўмове, што мяне ня будуць абмяжоўваць. Зразумела, што там ёсьць нейкія адміністрацыйныя абмежаваньні, але ў творчым пляне каб я мог рэалізоўваць свае ідэі. Калі б так атрымалася ў сёньняшні час працаваць зь людзьмі, арганізоўваць у горадзе добрыя культурныя пляцоўкі, калі б мне гэта дазволілі і калі б гэта ішло ад гарвыканкаму ці БРСМ, пры гэтым калі б не прымушалі на кожнай сьцяне павесіць партрэт Лукашэнкі ці размаляваць усе сьцены чырвона-зялёнымі колерамі і кожную раніцу пачынаць са сьпеваў дзяржаўнага гімну, тады б я з задавальненьнем прыняў прапанову. Прынамсі, на нешта такое пагадзіўся б і працаваў зь нейкімі дзяржаўнымі структурамі. Але пакуль што такіх прапаноў не было».
XS
SM
MD
LG