Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы абвясьцілі акцыю салідарнасьці з Аленай Танкачовай


Алена Танкачова

Алена Танкачова

Вядомай праваабаронцы Алене Танкачовай, якая ўжо 30 гадоў жыве ў Беларусі, анулявалі від на жыхарства, а 5 лістапада будзе разгледжанае пытаньне аб яе высылцы з краіны.

Кіраўніцтва «Цэнтру прававой трансфармацыі» заклікае беларускіх грамадзянаў зьвяртацца ў адпаведныя дзяржаўныя структуры з просьбай прыняць рашэньне на карысьць Алены Танкачовай. Дырэктар цэнтру Вольга Смалянка з гэтай нагоды паведаміла Радыё Свабода:

«Наша арганізацыя, у якой Алена працуе адпачатку — з 1996 году — расцэньвае гэтую сытуацыю як ціск на Алену, на нашу праваабарончую арганізацыю і на ўсе іншыя недзяржаўныя арганізацыі. Бо за ўсе гады, якія Алена жыла і працавала ў Беларусі, яе дзеяньні ніколі ня мелі нейкага шкоднага ўплыву на грамадзкі парадак ці нацыянальную бясьпеку краіны.

Алена — высокакваліфікаваны спэцыяліст, добры чалавек, яна дапамагла многім людзям. „Цэнтар прававой трансфармацыі“, які яна ўзначальвае, аказвае кансультацыі шматлікім некамэрцыйным арганізацыям, праводзіць вялікую колькасьць адукацыйных мерапрыемстваў, праграмаў для студэнтаў.

Беларускія грамадзяне і беларуская супольнасьць шмат страцяць, калі Алена Танкачова будзе высланая з краіны. Таму мы спадзяёмся на салідарнасьць, і мы яе бачым, калі людзі прыходзяць у наш офіс і пішуць заявы ў падтрымку Алены Танкачовай.

На жаль, у Беларусі заўсёды штосьці адбываецца зь людзьмі, якія працуюць у праваабарончых аб’яднаньнях, грамадзкіх арганізацыях. Практыка паказвае, што зь любым чалавекам, які актыўна адстойвае сваю грамадзянскую пазыцыю, можа здарыцца што заўгодна. Ніхто яшчэ не забыўся прыклад Алеся Бяляцкага, таму салідарнасьць у нашай сытуацыі вельмі важная і неабходная».

Кіраўніцтва «Цэнтру прававой трансфармацыі» заклікае пісаць хадайніцтвы ва Ўпраўленьне па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканкаму і ў Аддзел па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС Менску з просьбай не высылаць Алену Танкачову з краіны і аднавіць яе від на жыхарства.

Узор хадайніцтва — па спасылцы.

Хадайніцтва можна накіраваць некалькімі спосабамі (да вечара аўторка, 4 лістапада):

1) самастойна аднесьці хадайніцтва ва Ўпраўленьне па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканкаму (пр-т Незалежнасьці, 48Б) і Аддзел па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС г. Менску (вул. Бялінскага, 10) і зарэгістраваць яго ў канцылярыі.

2) падпісаць хадайніцтва ў офісе Цэнтру прававой трансфармацыі (Нававіленская вул., 38-10), а таксама ў офісах Праваабарончага цэнтру «Вясна» (вул. Мяржынскага, 8-26), БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3-39).

3) адправіць хадайніцтва факсам: ва Ўпраўленьне па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканкаму — факс 8-017 331-81-68, у Аддзел па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС г. Менску — факс 8-017 280-01-62.

Кіраўніцтва «Цэнтру прававой трансфармацыі» заклікае зьбіраць подпісы ў абарону Алены Танкачовай.

XS
SM
MD
LG