Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі грамадзкіх арганізацыяў у 12 разоў меней, чым у Эстоніі


Алена Танкачова

Алена Танкачова

Беларусь застаецца самай несвабоднай у Эўропе краінай што да правоў людзей на саюзы і сходы. Да такой высновы прыйшлі беларускія праваабаронцы, якія падрыхтавалі справаздачу для Рады правоў чалавека ААН у межах усеагульнага пэрыядычнага агляду.

Асацыяцыя няўрадавых арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі падрыхтавалі справаздачу пра свабоду асацыяцыяў у Беларусі і заканадаўства ў гэтай галіне. Высновы — несуцяшальныя. Нягледзячы на дробныя паляпшэньні, Беларусь застаецца самай несвабоднай краінай у Эўропе што да свабоды саюзаў і сходаў, а па некаторых пазыцыях сытуацыя за 5 год нават пагоршала. Кіраўнік Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова кажа пра сыстэмныя заганы:

«Дзяржава сыстэматычна ідзе шляхам альбо пагаршэньня дзейнасьці партыяў і няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў, альбо прыняцьця законаў рэпрэсіўнага пляну. Некаторыя паляпшэньні зьвязаныя з пэрыядамі выбараў, але ўстойлівай тэндэнцыяй застаецца адзіная — нэгатыўная».

Юры Чавусаў з Асамблеі няўрадавых арганізацыяў прывёў такую лічбу: толькі 70 няўрадавых арганізацыяў атрымалі рэгістрацыю мінулым годам:

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Большасьць NGO нават не спрабуюць зарэгістравацца, бо ведаюць, што ім адмовяць. Прыкладам, праваабарончыя арганізацыі».

Апошні выпадак рэгістрацыі палітычнай партыі ў Беларусі меў месца ажно ў 2000 годзе. За 2010–2014 гады было адмоўлена ў рэгістрацыі партыі БХД і Беларускай камуністычнай партыі працоўных. Таксама ўлады не зарэгістравалі мясцовыя філіі партыі БНФ. 50% зарэгістраваных няўрадавых арганізацый — тыя, якія зьвязаныя са спортам альбо маюць выразную праўладную пазыцыю, адзначаюць праваабаронцы. Паводле справаздачы, законы, якімі рэгулююцца рэгістрацыя і ўмовы дзейнасьці партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі, за 5 год ня сталі больш дэмакратычнымі, а пэўныя зьмены нават пагоршылі сытуацыю. Пры гэтым магчымасьці, каб абараніцца ад свавольства чыноўнікаў у судах, звузіліся, мяркуюць абаронцы правоў чалавека. Як вынік: у параўнаньні з суседнімі краінамі ў Беларусі дзейнічае на парадак меней партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у разьліку на тысячу жыхароў. Гэтак, у нашмат меншай Эстоніі грамадзкіх арганізацыяў — больш за 30 тысяч, а ў Беларусі — толькі 2,5 тысячы.

Партыі і грамадзкія арганізацыі самі не зарабляюць грошай, а жывуць на складкі і ахвяраваньні. У Беларусі забаронена наўпрост дапамагаць няўрадавым арганізацыям з-за мяжы, але, калі такая дапамога ўзгодненая з урадам, то яна даходзіць і нават не абкладаецца падаткам. «Хай грошы ідуць у краіну», — такую пазыцыю вышэйшага кіраўніцтва адзначаюць дасьледчыкі. Але, паводле іхніх назіраньняў, такі дазвол ня тычыцца праваабарончых, экалягічных ды іншых арганізацыяў, якія залічаныя ў блізкія да апазыцыі.

Ня менш дзіўнае становішча і зь фінансаваньнем зь дзяржаўнага бюджэту. Гэтае фінансаваньне вельмі непразрыстае і яўна мае палітычны характар, адзначаюць праваабаронцы і згадваюць, што БРСМ, Беларускі саюз вэтэранаў ды некаторыя іншыя грамадзкія арганізацыі фінансуюцца зь бюджэту, але нават памер гэтага фінансаваньня хаваецца. Праблемай застаецца і фінансаваньне няўрадавых арганізацыяў прыватнымі асобамі ці бізнэсам, адзначае Юры Чавусаў:

Некалькім, 8–9 арганізацыям, дазволена атрымліваць грошы, якія не абкладаюцца падаткам, у тым ліку спартовым арганізацыям, а ўсім іншым — не

«У Беларусі ёсьць вялікая праблема і з атрыманьнем айчыннай грашовай дапамогі. Пералік мэтаў, на якія беларускія прадпрыемствы і бізнэс могуць ахвяраваць грошы — таксама абмежаваны. Скажам, сярод гэтых мэтаў няма гендэрнай роўнасьці, правоў чалавека, аховы навакольнага асяродзьдзя. Да таго ж тыя грошы, якія дазволена даваць грамадзкім арганізацыям, не вызваляюцца ад падаткаў. Ёсьць унікальная сытуацыя, калі некалькім, 8–9 арганізацыям, дазволена атрымліваць грошы, якія не абкладаюцца падаткам, у тым ліку спартовым арганізацыям, а ўсім іншым — не».

У 2011 годзе ў ААН быў падрыхтаваны першы ўсеагульны пэрыядычны агляд па правах чалавека ў Беларусі. У 2015 годзе будзе праведзены другі такі ж агляд. Сваю справаздачу ў студзені 2015 году мусіць прадставіць у ААН і МЗС Беларусі. Праваабаронцы гадаюць, што станоўчага адзначаць беларускія чыноўнікі, калі большасьць рэкамэндацыяў мінулага агляду, зь якімі Беларусь нібыта пагадзілася, так і ня ўлічаныя ў законах і практыцы. У прыватнасьці, не адменены сумнавядомы артыкул Крымінальнага кодэксу 193-прым, які дазваляе адпраўляць у вязьніцы за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

«З 2008 году гэты артыкул не ўжываюць, але і не адмяняюць, што не спрыяе пашырэньню палітычных свабод у Беларусі. Стала практыкай, што арганізацыі рэгіструюцца за мяжой», — адзначае Юры Чавусаў, які сам прадстаўляе Асацыяцыю няўрадавых арганізацый, зарэгістраваную ў Літве.

XS
SM
MD
LG