Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры шэрагу палітычных партый, грамадзкіх арганізацый і рухаў арганізавалі і правялі акцыю па ўшанаваньні памяці ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій у Курапатах.

Актывісты руху салідарнасьці «Разам», ініцыятывы «За уратаваньне Курапатаў», Беларускай філі міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» — усяго каля двух дзясяткаў чалавек — прыйшлі ў Курапаты зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і сьцягам Украіны, а таксама зьнічамі і кеткамі.

Напачатку удзельнікі зладзілі флэш-моб: на ўзьмежку Курапатаў разгарнулі плякаты зьместу часоў камунізму: «Слава Сталіну», «Слава КПСС», «Камунізм пераможа» і іншыя. А затым, згарнуўшы іх са словамі ганьбы, кінулі іх у сьметніцу і затым спалілі. Гэтую акцыю яны правялі на знак пратэсту супраць зьезду камуністычных партый, які мае адбыцца ў Менску ў бліжэйшыя выходныя дні.

Як адзначыла Ганна Шапуцька, актывістка Ініцыятывы за «Уратаваньне Курапатаў», ганьба, што ў гэтыя жалобныя дні, на Дзяды, у Менску праходзіць зьезд прадаўжальнікаў камуністычных ідэй, у імя якіх праводзіліся масавыя рэпрэсіі.

Пазьней, падчас жалобнага мітынгу, кіраўнік Беларускай філіі міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» Ігар Кузьняцоў дадаў, што цяперашнія камуністы мусілі б гэтымі днямі прыйсьці ў Курапаты, каб схіліць галаву перад памяцьцю закатаваных і папрасіць прабачэньня ў іх нашчадкаў за масавыя рэпрэсіі.

Другой часткай акцыі памяці сталася асьвячэньне алеі зь сямі крыжоў, усталяваных у заходняй частцы ўрочышча. Гэтае месца перш ачысьцілі ад хмызоў, цяпер тут паўсталі крыжы, адзін зь якіх — імяннны. Грамадзкая актывістка Ларыса Стома ўсталявала яго ў памяць пра сваіх закатаваных сваякоў.

Затым Алею крыжоў асьвяціў праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко. Да прысутных ён зьвярнуўся з такімі словамі: «Сёлета Дзяды супадаюць з Днём памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Гэтыя крыжы асьвечаныя на хвалу Хрыста і ў памяць закатаваных ахвяраў. Каб мы памяталі, што д’ябал працягвае з намі змагацца. З намі — гэта тымі простымі людзьмі, якія ратуюць гэтае месца ад прыніжэньня. І гэта зьвязана з тым рэжымам, які ўчыніў гэтыя злачынствы». Затым удзельнікі акцыі накіраваліся на ўзгорак да трох крыжоў, дзе правялі невялікі жалобны мітынг і запалілі зьнічы. Затым прайшліся са зьнічамі па галоўнай алеі, расстаўляючы іх на крыжах. Каля галоўнага крыжа — Пакутнікам Беларусі — завершылі акцыю памяці , прасьпяваўшы «Магутны Божа».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG