Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова расейцаў асьцерагаецца палітычных рэпрэсій


Архіўнае фота «Ахвяр чырвонага тэрору» ў музэі памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Пасёлак Далинка Карагандзінскай вобласці Казахстану.

Архіўнае фота «Ахвяр чырвонага тэрору» ў музэі памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Пасёлак Далинка Карагандзінскай вобласці Казахстану.

Палова расейцаў ўпэўненая, што апраўдваць масавыя палітычныя рэпрэсіі 1930-х гадоў нельга, але лічыць магчымым іх паўтор. Пра гэта гаворыцца ў выніках дасьледаваньня расійскага фонду «Грамадзкая думка» (ФОМ).

Паводле дадзеных ФОМ, 48% расейцаў лічаць, што пры іх жыцьці могуць паўтарыцца палітычныя рэпрэсіі, аналягічныя тым, што праводзіліся ў часы СССР (зь іх 14% мяркуюць, што верагоднасьць паўтарэньня масавых рэпрэсій вялікая, 34% — малая).

Пры гэтым чвэрць расейцаў ўпэўненая, што рэпрэсіі не паўторацца, 22% не змаглі вызначыцца з адказам.

На думку навуковага супрацоўніка Інстытута сацыялёгіі РАН Лявонція Бызава, многія расейцы лічаць, што рэпрэсіі «ня толькі магчымыя, але і патрэбныя». «Яны неабавязкова маюць на ўвазе палітычныя рэпрэсіі, але гатовыя ўжыць жорсткія меры супраць карупцыянэраў або парушальнікаў грамадзкага парадку, — кажа сацыёляг.- Людзі настроеныя на жорсткае падаўленьне „ворагаў“, нейкая частка грамадзтва асьцерагаецца гэтага, нейкая лічыць, што інакш як рэпрэсіямі парадку не навесьці ».

Паводле дадзеных ФОМ, дзве траціны расейцаў упэўненыя, што ў СССР у 1930 гадах праводзіліся «масавыя палітычныя рэпрэсіі», 16% перакананыя, што іх не было. 56% кажуць, што падчас палітычных рэпрэсій у СССР «мог пацярпець любы чалавек». Яшчэ 11% думаюць, што тэрор закрануў толькі «пэўныя групы насельніцтва» (у першую чаргу палітыкаў і партыйных дзеячаў). 17% не змаглі сказаць, ці былі рэпрэсіі масавымі. Меркаваньні аб адказных за рэпрэсіі таксама падзяліліся (апытаныя маглі выбраць некалькі варыянтаў адказаў): 40% вінавацяць у іх Іосіфа Сталіна, 42% — яго асяродзьдзе, 23% — «супрацоўнікаў НКВД», 9% мяркуюць, што адказнасьць ляжыць «на ўсім народзе» , 15% не схільныя нікога вінаваціць, таму што «такі быў час». Пры гэтым 53% грамадзян лічаць, што апраўдаць масавыя рэпрэсіі нельга, інакш думаюць 17%, 23% не змаглі вызначыцца з адказам.

Аналітык ФОМ Рыгор Кертман адзначае, што з 2012 году ўдвая вырасла доля людзей (з 16% да 33%), на думку якіх СМІ «вельмі шмат гавораць аб палітычных рэпрэсіях», хоць цяпер гэтая тэма зьяўляецца радзей, чым два гады таму. За апошні час, кажа сацыёляг, у масавай сьвядомасьці сфармаваўся нэгатыўны вобраз лібэралаў, якія, у прыватнасьці, акцэнтуюць на гэтым увагу, «ва ўмовах імпэрска-патрыятычнага ўздыму і трэнду на татальнае абяленьне нашай гісторыі частка грамадзян раздражнёная тым, што лібэралы нагадваюць пра сталінскія рэпрэсіі ».

Пра гэта піша расейскае выданьне «Коммерсант».

XS
SM
MD
LG