Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вельмі часта ў падарожжах па Беларусі я чую анэкдоты. Анэкдоты не газэтныя, а сапраўдныя, гэта значыць — народжаныя жыцьцём. Некаторыя показкі настолькі пераканаўча і дасьціпна даводзяць, наколькі беларусы несавецкія людзі, што грэх не падзяліцца імі з шырокай публікай. Вось якія тры геніяльныя гісторыі я пачуў сёлета ў горадзе Глыбокім. Першая гісторыя — пра бліскучую перамогу беларускай мовы над расейшчынай. Адзін глыбоцкі прадпрымальнік вырашыў на полацкай дарозе, на бойкім скрыжаваньні паставіць кавярню. Месца прыкметнае і высокае. Таму і назву прыдумаў удалую. «Гара». І прыйшоў да глыбоцкага рэклямных спраў майстра Аляксандра Мядзельца, каб шыльду зрабіць.

— Прыйшоў да мяне хлопец. Трэба было зрабіць яму шыльду. Для кафэ, на пагорку, на месцы такім спрытным, на дарозе з Полацку на Вільню. Кажа: «Назавем «Гара». Ну добра. Гара дык гара. Але ж, кажа, трэба напісаць па-руску. «Гора». Каробіла мяне. Але зрабіў я яму шыльду.

Шыльду зрабілі, як кліент і замаўляў. І зьявілася на трасе кавярня «Гора». Менавіта так мясцовыя людзі і прачыталі. І пайшла пра тое кругласутачнае «Гора» слава па горадзе. «Дзе ноччу гарэлкай дагнацца?» — «Трэба ісьці ў „Гора“». «Дзе ты бадзяўся ўсю ноч? Ізноў у „Горы»? І дайшла-такі слава пра тое «Гора» да раённых уладаў. Якія і наставілі гарадзкога рэстаратара на шлях вяртаньня да каранёў. За шыльду прыйшлося плаціць ізноў.

— У выканкаме яму кажуць: «Што вы там за „Гора“ адкрылі? Сапраўды, усім жонкам гора, чые мужыкі ўцяклі ўначы. Трэба, сынок, пісаць па-беларуску. Гара ёсьць гара». Прыйшоў ён ізноў і замовіў па-беларуску. А то будзе гора бяз мовы.

Другая гісторыя будзе пра ролю нашага радыё ў далёкія 50-я гады. Калі на Заходнюю Беларусь прыйшлі калгасы. Пра тое, як у вёсцы Завараты маладыя хлопцы разыгралі дарослую цётку, аматарку радыё Свабода, расказаў мне глыбоцкі журналіст Зьміцер Лупач.

— Свабода вяшчае ад 54-га году. Якраз арганізавалі калгасы. У многіх людзей было такое чаканьне, што вось-вось пачнецца вайна і ўсё пераменіцца. Таму і хавалі ў лесе Філістовіча, таму і Жыхар ваяваў да 55-га. Дзякуючы гэтым чаканьням. І як пайшла трансьляцыя Свабоды, то людзі яе слухалі. І ў маёй вёсцы быў такі выпадак. Адна жанчына чакала, што пачнецца вайна, і прыходзіла да суседкі слухаць радыё. А былі ў нас такія Кулібіны, ня ведаю, хто ім падказаў — што калі ўставіць навушнік у разьём і пачаць у яго гаварыць, адключыўшы антэну, дык тое, што ты гаворыш, будзе чуваць праз дынамік. Яны вывелі ў суседні пакой навушнік. А цётка Агата, аматарка радыё, была вельмі цікавая жанчына.

Была ў гэтага розыгрышу перадгісторыя. Недзе ў 44-м годзе над нашай вёскай ляцеў савецкі бамбардзіроўшчык, а за ім гналіся некалькі нямецкіх зьнішчальнікаў. І ён, каб разгрузіцца, скінуў некалькі бомбаў каля вёскі. У балота скінуў. Але факт, што цётка спужалася, забегла да суседа на хутар, і калі пачалі рвацца бомбы, заляцела да яго ў варыўню. А там стаяла вядро з попелам, і цётку са страху прабрала мядзьведжая хвароба. На гэтае вядро яна і села. У вёсцы гэта ведалі. І тыя жартаўнікі вырашылі выкарыстаць тую гісторыю. І пачалі «вяшчаць». «Хутка калгасаў ня будзець. Пачнецца вайна». А тая Агата вушы навастрыла, усё прымаючы напавер. «А зараз навучым вас, як хавацца ад атамнай бомбы. Трэба настроіць гарнец попелу. Занесьці яго ў варыўню. І як толькі пачнецца...» Далей было «вашу маць!». Цётка з хаты выбегла. І болей ужо не прыходзіла слухаць радыё.

Раззлаваная цётка зьбегла, кленучы тых жартаўнікоў, і больш не прыходзіла слухаць Свабоду. Але якая вага была ў радыё ў тыя часы! І якая вера ў вольнае слова! Я ўжо маўчу пра веру ў магутны і справядлівы Захад, які прыйдзе і вызваліць ад прыгону.

А зараз гісторыя ад карэннай глыбачанкі Яніны Бацяноўскай, удавы Альберта Бацяноўскага, сябра Саюзу беларускіх патрыётаў. Пані Яніна распавяла мне пра двух дзіўных глыбоцкіх старых, якія яшчэ ў 30-я гады прадбачылі будучыню і прадказвалі многія падзеі. У тым ліку нашага часу.

— У нас тут былі прадказальнікі такія. І, па іх прадказаньнях, ад Расеі шмат аддзеліцца краін. А ад самой Расеі застанецца толькі 7 губэрняў. А ўвесь Дальні Васток, Урал, усё адыдзе. Смаленск — гэта Беларусь. А ў Расеі толькі 7 губэрняў застанецца. Яны памерлі даўно, у 30-я гады. Яны нават прадвяшчалі вайну 39-га года. Казалі, што будзець вельмі крывавая вайна. Шмат чаго перадвяшчалі. Пра Беларусь гаварылі. Дык людзі сьмяяліся. «Як гэта Беларусь будзець самастойная дзяржава, калі ў яе нічога няма?» Людзі сьмяяліся, а яны гаварылі, што Беларусь будзець самастойнай. І будзець многа мяняцца кіраўнікоў. І толькі трэці зробіць Беларусь самастойнай дзяржавай. Трэці. Гэтых вешчуноў клікалі Пятрусь Глаўніцкі і Янук Новік. Яны былі зусім непісьменныя. Набожныя, праваслаўныя. «Хочаце верце, хочаце ня верце. Але так будзець».

Цікава, каго пад трэцім кіраўніком Беларусі мелі на ўвазе глыбоцкія аракулы? Няўжо сёньняшняга? Але ў любым выпадку іх прароцтва збылося. Беларусь будзець.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG