Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра ксяндза Віктара Шутовіча я ўпершыню пачуў ад мастака Яна Рыдзікі. У мястэчку Барадзенічы на Браслаўшчыне. Мастак з такім захапленьнем распавядаў пра сьвятара, які ў міжваеннай Польшчы служыў па-беларуску, займаўся асьветніцтвам і нават ставіў спэктаклі, што было зразумела: Віктар Шутовіч быў для сваіх прыхаджан больш чым ксёндз. За сваю беларускасьць ксёндз Шутовіч плаціў усім уладам. Па вайне ён ня стаў уцякаць на Захад. А пайшоў на 10 гадоў у ГУЛаг. І пасьля вызваленьня апошнія гады жыцьця, ад 56-га да 60-га, жыў і служыў у Барысаве. Дзе і памёр. І, едучы ў Барысаў я хваляваўся: няўжо ад такога чалавека не засталося сьлядоў? Але хваляваўся я дарэмна.

Дачакаўшыся канца службы ў барысаўскім Марыінскім касьцёле, я зьвярнуўся да людзей з пытаньнем, ці памятае хто Віктара Шутовіча. Да мяне адразу падышоў высокі мажны, яшчэ нестары спадар.

— Гэта быў вельмі вялікай душы чалавек. Мы ў яго прападалі ўвесь час у дзяцінстве. Ён і хрысьціў у сябе. За ім і цікавалі «аматары» цікаваць. А дзяцей ён да сябе прыцягваў. Ад яго ішлі нейкія імпульсы. Ён быў больш чым настаўнік. Вышэй за настаўніка.

Баляслаў Драўсаль

Баляслаў Драўсаль

Гэта быў Баляслаў Драўсаль. Пан Баляслаў пазнаёміў мяне з найстарэйшым барысаўскім каталіком — Пятром Зарэмбам, 95-гадовым чалавекам унікальнага лёсу. Яго прызвалі ў 39-м годзе. Адправілі спачатку на японскі фронт, затым на фінскі, пасьля ў Латвію. І паўсюль ягоная дывізія крыху спазьнялася. Баявыя дзеяньні спыняліся да іх прыезду. Затым разгром іх артылерыйскай часьці летам 41-га пад Гародняй, дарога да роднай вёскі, служба партызанскім сувязным, якая падаравала магчымасьць ня ехаць на фронт у 44-м годзе. І не павер пасьля гэтага ва Ўсявышняга! Усё сваё паваеннае жыцьцё пан Пётар прысьвяціў аднаўленьню касьцёла ў Барысаве.

Пятро Зарэмба

Пятро Зарэмба

— Да 90-га году касьцёла не было. Веры не было. Дзяцей ня маеце права хрысьціць. Ці каб моладзь была. Я дзесяць гадоў разам са сваёй кабетай дамагаўся. Сьпісы складалі. Затым з гэтымі сьпісамі ў Маскву езьдзіў. Мы іх аддаём у Маскве, а яны дасылаюць іх у гарвыканкам. Адзін раз, другі раз, трэці. І вырашыў гарвыканкам перадаць маю справу ў МУС. «Мы цябе будзем судзіць» — «А за што?» — «За тое, што вера забаронена, а ты яе аднаўляеш». Гэта быў 80-ты год. А пасьля камуністы пайшлі правяраць гэтыя сьпісы. Тых, хто падпісваўся за касьцёл. Прыходзяць да жанчыны адной. «Я не падпісвалася». Яна падпісвалася, але забаялася. А яны кулакамі стучаць, ажно стол падскоквае. «Падробленыя подпісы робіце!»

— А многа людзей тады падпісалася?

— 400 чалавек. Але ня ўсе адмовіліся ад подпісаў.

Вядома, памятае пан Пётар і ксяндза Шутовіча.

— Добры быў ксёндз. Такі невысокі. Бедны быў. Яго заганялі. Хаваўся ўсё ад міліцыі. У нас і памёр.

— А дзе адбываліся службы?

— Капліца ж была на Кальварыі. Пасьля тую капліцу разабралі ноччу вайскоўцы. Ужо пасьля сьмерці Шутовіча. А ў той капліцы зьявіўся Бог! Жыў там пан нейкі. Там быў лес. А ў пана была дачка сьляпая. Ну, ён запрог каня пракаціцца па лесе. Яна кажа бацьку: «Вунь пан Езус стаіць». «Дзе ты бачыш? Ты ж ня бачыш нічога» — «Стаіць». Тады пан пабудаваў тую капліцу.

Капліцу на барысаўскіх Кальварыйскіх могілках даўно аднавілі. Ад старой капліцы засталася частка падмурку. Каля ягонага краю — магіла чыноўніка, які гэтую капліцу і разбурыў у 61-м.

Чым кіраваліся сваякі барысаўскага герастрата, выбіраючы такое месца, я зразумець не магу. Магіла ксяндза Шутовіча, падпісаная беларускай лацінкаю, — па левую руку ад бажніцы.

Магіла ксяндза Шутовіча

Магіла ксяндза Шутовіча

Пра набажэнствы 50-х гадоў на Кальварыі згадвае Галіна Драўсаль, усьмешлівая былая настаўніца.

— Мы дзецьмі тут маліліся. Бацькі ж зь дзецьмі маліліся. У мяне добра ў памяці, як мы на каленках капліцу абыходзілі працэсіяй. Шмат людзей зьбіралася.

— Вы былі савецкімі школьнікамі.

— Вядома. Але для нас бацькі — гэта былі бацькі. Піянэрамі былі? Былі. Гальштукі былі? Былі. Але тут так не любіў гэта. Дзе можна было, ён стараўся, каб мы іх не адзявалі. Гэты гальштук. Хамута гэтага, як ён казаў.

Чым адрозьніваецца сапраўдны сьвятар ад несапраўднага? Я гэта зразумеў, слухаючы, зь якім захапленьнем Галіна распавядае пра ксяндза Віктара, назіраючы, як загараюцца яе вочы. Да сапраўднага сьвятара цягнуцца дзеці. Дзяцей не падманеш.

— Мы хадзілі да яго ледзь ня штодня. Цягнула ягоная адукаванасьць, дабрыня. Гэта трэба адчуць. Ён мяне, напрыклад, запытаўшы быў: «Якую мову ты вывучаеш?» Я кажу: «Ангельскую». Ён ангельскай мовай добра валодаў. Шмат чаго цікавага распавядаў. Шчыра кажучы, я жыцьцё прысьвяціла вывучэньню ангельскай мовы толькі дзякуючы Шутовічу. Я стала настаўніцай ангельскай мовы.

Галіна Драўсаль

Галіна Драўсаль

Беларуская мова ў маіх суразмоўцаў — таксама ад Віктара Шутовіча. Сьвятар здымаў палову дома ў суседзяў Драўсаляў. Дом стаіць да гэтае пары. Ксяндза Віктара згадвае Рэгіна Драўсаль.

— У другой палове дома жылі Тушынскія такія. І іх хлопец старэйшы хацеў паступіць у Політэхнічны інстытут. І дзякуючы айцу Віктару Віця Тушынскі паступіў у інстытут. Дзякуючы айцу Віця размаўляў толькі па-беларуску. І нават у Менску яму чынілі з-за гэтага нейкія перашкоды. Ён толькі па-беларуску размаўляў.

— Можна сказаць, што Барысаву пашанцавала.

— Пашанцавала. Бо людзі маглі да споведзі схадзіць. Бо ўсе каталікі зьбіраліся ў айца. Вядома, сачылі за гэтым. Я помню, як тата працаваў у лясгасе. І тата выпісаў дровы. Як бы для сябе. А гэта было для айца Шутовіча. Дык дырэктар лясгаса даведаўся, што гэта для ксяндза. І так дзяўблі нашага бацьку! Але нічога, мы вытрымалі. З Боскай дапамогай. І была такая сытуацыя. У мамы пыталіся. «А хто да айца прыяжджае? А хто туды ходзіць?» — «Ваша работа, вы і правярайце, хто туды ходзіць». Так ім адказала, што тыя ня рады былі, што спыталіся. «Усё, усё, усё». Толькі б не казала нікому, што пыталіся.

Ужо даўно ніхто ня памятае тых стукачоў і шпегаў. А зерне, кінутае Віктарам Шутовічам, дае ўсходы. І нейкім цудам нават захаваўся будынак, дзе напрыканцы 50-х адбываліся таемныя багаслужбы. За домам нумар 36 па вуліцы Арджанікідзэ — зарослая зелянінай, урослая ў зямлю маленькая хата. Вартая захаваньня і ўшанаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG