Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Томаш Арлоўскі сустрэўся з апазыцыяй у Менску


24 кастрычніка намесьнік Міністра замежных спраў Рэспублікі Польшча Томаш Арлоўскі, які знаходзіцца зь візытам у Менску, сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

У сустрэчы бралі ўдзел палітыкі Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімер Някляеў і Павал Севярынец, а таксама палітолягі Аляксандар Класкоўскі, Валеры Карбалевіч, Дзяніс Мельянцоў і іншыя.

Сустрэча доўжылася больш за дзьве гадзіны, паведаміў карэспандэнту Свабоды старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Арлоўскі дае адказы ў дэталях. Адказы, пасьля якіх не ўзьнікае новых пытаньняў. У гэтым асаблівасьць новага намесьніка міністра замежных спраў Польшчы. Не было нейкага адмысловага парадку дня сустрэчы, але закранулі бадай усё, што тычыцца сёньняшняй сытуацыі ў Беларусі і прагнозу яе разьвіцьця. Абмеркавалі, як уплывае ўкраінскі і расейскі фактары на нашу рэчаіснасьць. Таму лічу карыснай і важнай гэтую сустрэчу, бо спадар Арлоўскі адказвае за ўсходні вэктар польскай палітыкі. Было вельмі важна пагрузіць яго ў беларускую рэчаіснасьць».

Карэспандэнт: «З чым зьвязаны візыт польскага чыноўніка ў Менск?»

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лябедзька: «Пасьля таго як Дональд Туск пайшоў у Брусэль, пасьля кадравых перастановак, нельга чакаць карэкцыі стратэгіі, якая дагэтуль была. Пра гэта адзначалася, і я з гэтым пагаджаюся. Спадар Арлоўскі зрабіў акцэнт, што трэба прызнаць усходнюю палітыку Польшчы даволі пасьпяховай. Сьведчаньнем гэтаму ёсьць тое, што Туск заняў высокую пасаду ў ЭЗ. Ён сказаў, што нягледзячы на кадравыя зьмены, будзе пераемнасьць у палітыцы польскага ўраду. Канечне, Польшчу цікавяць і двухбаковыя стасункі, павелічэньне эканамічнага супрацоўніцтва. Але што тычыцца санкцыйнага сьпісу беларускіх чыноўнікаў, тут ня варта чакаць нейкіх пераменаў у пазыцыі Варшавы і ЭЗ. Нельга чакаць зьменаў у пытаньні палітвязьняў. Спадар Арлоўскі вельмі пазытыўна рэагаваў на тое, што ёсьць дзьве моцныя інвэстыцыі, якія могуць прывесьці да зьмены сытуацыі ў Беларусі. Першае — гэта падтрымка Ўкраіны, каб там усталяваўся мір і адбыліся эфэктыўныя рэформы, якія будуць прывабнымі і для беларусаў. А другое — гэта свабодныя і сумленныя выбары ў Беларусі».

Сёньня Томаш Арлоўскі сустрэўся таксама зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем. Як паведамляе прэс-служба МЗС, абмеркаваны бягучыя пытаньні двухбаковых адносін, праблематыка ўзаемадзеяньня па лініі Беларусь — ЭЗ, а таксама іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць.

XS
SM
MD
LG