Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сікорскі абверг сваю заяву пра падзел Украіны


Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі

Ад пачатку артыкул, які зьявіўся сёньня ў брытанскім выданьні Economist, базаваўся на сьцьвярджэньнях Радаслава Сікорскага, былога міністра замежных справаў Польшчы, што колішняму польскаму прэм’еру Дональду Туску нібыта паступала прапанова ад Уладзімера Пуціна падзяліць Украіну. Сікорскі ад таго часу адмовіўся ад сваіх заяваў. У выніку артыкул быў зьменены, з улікам таго, што Сікорскі прызнаў сваю памылку.

Ці сапраўды Ўладзімер Пуцін казаў Дональду Туску, што Польшча павінна далучыцца да Расеі ў падзеле Ўкраіны? Не, як высьвятляецца, ён гэтага не рабіў, але палякі правялі вялікую частку аўторка думаючы, што гэта адбылося насамрэч — грунтуючыся на заявах, зробленых Радаславам Сікорскім, былым міністрам замежных справаў. У інтэрнэт-выданьні Politico Magazine брытанскі палітычны аглядальнік Бэн Джуда прыводзіць словы Сікорскага, што нібыта ў лютым 2008 году падчас сустрэчы ў Маскве Пуцін сказаў Туску (былому прэм’ер-міністру Польшчы, які неўзабаве стане прэзыдэнтам Эўрапейскай Рады), што «Ўкраіна зьяўляецца штучнай краінай і што Львоў — польскі горад, дык чаму б нам проста ня вырашыць пытаньне сумесна.»

Заява пра расейскую прапанову мела эфэкт выбуху, пра яе гаварылі ўсе польскія СМІ большую частку аўторка. Але пасьля шэрагу нязручных прэс-канфэрэнцыяў Сікорскі быў вымушаны прызнаць, што гэтага ніколі не было. Сікорскі павініўся, што «мая памяць падвяла мяне,» і што насамрэч у 2008 годзе наогул не было двухбаковай сустрэчы паміж Тускам і Пуціным у Маскве.

Гэта велізарнае прыніжэньне для спадара Сікорскага, які сем гадоў быў міністрам замежных справаў, і якога некаторы час разглядалі як сур’ёзнага кандыдата на пасаду кіраўніка дыпляматыі Эўразьвязу. Апазыцыйныя партыі Польшчы патрабуюць, каб ён быць звольнены зь цяперашняй пасады сьпікера парлямэнту. Эва Копач, новы прэм’ер-міністар, абураная палітыкам.

Заява Радаслава Сікорскага наконт расейскай прапановы падзяліць Украіну ўзьнікла з падвышанай за апошні год боязі расейскага экспансіянізму. Тое, што сама краіна некалькі разоў за сваю гісторыю была падзеленая, прымушае польскіх палітыкаў бачыць у вялікіх дзяржавах патэнцыйных агрэсараў у дачыненьні да малых. Цяпер рэпутацыя Сікорскага зьнішчаная. І пераможцам застаўся Пуцін, з-за якога можа рухнуць кар’ера Сікорскага, аднаго з архітэктараў эўрапейскай палітыкі сілы ў дачыненьні да Расеі.

Але хаця згадка спадара Сікорскага пра візыт Туска ў Маскву ў 2008 годзе і не была праўдай, ягонае сьцьвярджэньне, што у расейскага замаху на сувэрэнітэт Украіны даўнейшая гісторыя, мае падставы. Здабыткам грамадзкасьці сталі заявы Пуціна наконт асаблівага інтарэсу Расеі ў гэтым рэгіёне. У сваім выступе на саміце НАТО ў Бухарэсьце ў красавіку 2008 году Пуцін казаў, што «17 мільёнаў рускіх жывуць ва Ўкраіне, і хто можа сьцьвярджаць, што ў нас няма тут інтарэсаў? Увесь поўдзень Украіны складаецца з адных рускіх». Крым, сьцьвярджаў ужо тады Пуцін, быў перададзены Ўкраіне па капрызу Камуністычнай партыі. На той жа сустрэчы, паводле дыпляматаў НАТО, Пуцін сказаў амэрыканскаму прэзыдэнту Джорджу Бушу: «Ты разумееш, Джордж, што Ўкраіна нават не дзяржава».

Гжэгаж Схэтына, новы міністар замежных спраў Польшчы, у аўторак увечары настойваў, што польскай зьнешняй палітыцы промах Радаслава Сікорскага шкоды не нанёс. «Справа закрытая», — сказаў ён. Але хаця Сікорскі, магчыма, і мае рацыю наконт таго, што Ўладзімер Пуцін уяўляе сур’ёзную пагрозу як для Ўкраіны, так і для іншых эўрапейскіх суседзяў Расеі, небыліца, ад якой ён быў вымушаны адмовіцца ў аўторак, зрабіла так, што Польшчы цяпер будзе цяжка тлумачыць гэтую пазыцыю.

XS
SM
MD
LG