Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 кастрычніка ў офісе БНФ плянуецца правесьці форум беларускіх палітвязьняў розных часоў. Сябра аргкамітэту форуму, прадстаўніца АГП Ганна Красуліна распавяла Свабодзе пра будучае мерапрыемства.

— Аргкамітэт паставіў за мэту форуму — прыцягнуць увагу да гэтай праблемы, каб людзі зразумелі, што ў нас ужо 20 год ёсьць палітвязьні. І ня проста што яны ёсьць, а галоўнае, што кожны з грамадзянаў Беларусі ў любы момант можа ім стаць. Гэта зусім ня цяжка, нічога асаблівага ня трэба. І шмат хто з нашых палітвязьняў гэтак імі сталі. За 20 год у нас было каля 200 палітвязьняў. Спадзяёмся шмат каго зь іх убачыць на форуме.

— А як быць з тымі, хто і цяпер у вязьніцы?

Ганна Красуліна

Ганна Красуліна

— Так, мы запрашаем на форум, вядома, былых палітвязьняў, але разумеем, што пакутуюць найперш цяперашнія. Для іх з дапамогай былых палітвязьняў паспрабуем сабраць такую сымбалічную перадачу палітвязьню. Мы просім тых, хто прыйдзе на форум, захапіць з сабой тое, чаго ім не хапала за кратамі, што яны марылі атрымаць у перадачы. Магчыма, ліст ад сваякоў, магчыма, кніга ці нейкая літаратура, ці можа — нейкі прадукт. Халва, цукеркі, што заўгодна. Вось з гэтага мы зьбяром перадачы для цяперашніх палітвязьняў, якіх мы ўсе хочам падтрымаць.

— Аргкамітэт рыхтуе нейкія дакумэнты, якія будуць прапанаваныя форуму?

— Плянуем прыняць сама меней 2 рэзалюцыі. Адна, скажам гэтак, для ўнутранага карыстаньня. Гэта зварот да нашых грамадзянаў, якіх мы заклікаем далучыцца да патрабаваньня спыніць практыку кідаць у турмы іншадумцаў. А другі зварот мы прапануем накіраваць эўрапейскім палітыкам. Бо мы назіраем цяпер чарговую тэндэнцыю весьці перамовы Эўропы зь беларускімі ўладамі, не зьвяртаючы ўвагі на праблему існаваньня палітвязьняў. Мы настойваем на тым, што Лукашэнку нельга прымаць у асяродзьдзі прыстойных эўрапейскіх палітыкаў, што зь ім нельга абмяркоўваць пытаньні будучых выбараў да таго часу, пакуль за кратамі тут застаюцца палітзьняволеныя. Пра гэта трэба ўголас заявіць, і мы з ьбіраемся прапанаваць гэта былым палітвязьням.

Паводле Ганны Красулінай, весьці форум палітвязьняў будзе Павал Севярынец. Арганізатары чакаюць, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел былы прэм’ер Міхаіл Чыгір, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, былыя палітвязьні — кандыдаты на прэзыдэнта ды іншыя ўдзельнікі падзеяў 19 сьнежня 2010 году.

Дагэтуль у вязьніцы застаюцца адзін з кандыдатаў на прэзыдэнта — Мікалай Статкевіч і актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў, якога арыштавалі за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. Праваабаронцы Беларусі таксама лічаць палітвязьнямі Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Васіля Парфянкова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG