Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандрацьеву не далі выказацца наконт падзеяў ва Ўкраіне


 У чаканьні сустрэчы Беларусь — Украіна
У чаканьні сустрэчы Беларусь — Украіна

Напярэдадні кваліфікацыйных матчаў да чэмпіянату Эўропы па футболе 2016 году галоўны трэнэр нацыянальнай зборнай Георгі Кандрацьеў і капітан каманды Цімафей Калачоў распавялі пра чаканьні ад хатніх гульняў з Ўкраінай і Славаччынай. Пры гэтым прадстаўнік Беларускай фэдэрацыі футболу не дазволіў настаўніку беларусаў адказаць на пытаньне Радыё Свабода, як той ацэньвае падзеі на ўсходзе Ўкраіны.

Позна ўвечары 9 кастрычніка на «Барысаў Арэне» сустрэнуцца каманды Беларусі і Ўкраіны. Стартавалі абодва калектывы няўдала, і цяпер кожная гульня можа стаць вырашальнай. Месяц таму беларусы на выезьдзе літаральна вырвалі нічыю зь Люксэмбургам, які мае рэпутацыю заштатнага пастаўшчыка ачкоў супернікам. Украінцы ж саступілі ў Кіеве славакам, хоць і мелі гульнявую перавагу.

Якія высновы зробленыя кіраўніцтвам каманды Беларусі пасьля такога пачатку чарговага адборачнага цыклю? Ад 2016 году колькасьць удзельнікаў кантынэнтальнага першынства павялічваецца ад 16 да 24 і пастаўлена амбітная задача трапіць у фінальную частку спаборніцтваў. Да таго ж ня так даўно Аляксандар Лукашэнка рэзка скрытыкаваў вынікі зборнай, прайшоўшыся і па трэнэрскім штабе, і па кіраўніцтве фэдэрацыі. Ці ня цісьне на Кандрацьева і ягоных памочнікаў псыхалягічная адказнасьць?

«Ня ведаю, як на хлопцаў, на мяне абсалютна ня цісьне... Што тычыцца высноваў, то галоўная зь іх — мы страцілі важныя 2 ачкі. Таму пастараемся ў гэтых гульнях нагнаць страчанае. Вось, бадай, галоўная выснова, якая намі зроблена. Вядома, мы цудоўна ўсьведамляем, што зборная Ўкраіны — адзін з фаварытаў нашай групы, каманда вельмі моцная, збалянсаваная ва ўсіх лініях, шмат індывідуальна моцных гульцоў. Але я не казаў бы катэгарычна, што ў нашай хатняй гульні Ўкраіна — бясспрэчны фаварыт. Усё ж свае трыбуны, сваё поле прымусяць нас гуляць, безумоўна, на перамогу ў гэтым матчы. На паперы — так. Па людзях, па клюбах, за якія гуляюць хлопцы, па рэйтынгу — вядома, на паперы фаварыт Украіна, тут нельга нават ня тое што спрачацца, нават пярэчыць. Таму што яны ці 22-я, ці 24-я, а мы дзесьці пад сотняй, і, вядома, на паперы яны маюць перавагу. Але мы гуляем дома, нам адступаць няма куды, і пастараемся, каб гэтыя папяровыя справы не ператварыліся ў рэальныя, каб пасьля гульні мы былі фаварытамі».

Георгі Кандрацьеў
Георгі Кандрацьеў

Цікавасьць да матчу Беларусь — Украіна падаграваецца ня толькі турнірным становішчам, але і сытуацыяй, якая склалася на ўкраінскім Усходзе. Супернік барысаўскага БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў — данецкі «Шахтар», а разам зь ім і шэраг іншых футбольных клюбаў, вымушана перабраліся зь мяцежнага рэгіёну ў Кіеў ды Львоў. Вайна аб’ектыўна ня можа не адбіцца на маральным стане гульцоў, бо шмат у каго сем’і засталіся ў зоне канфлікту. Зрэшты, прадстаўнік Беларускай фэдэрацыі футболу Аляксандар Алейнік ня даў Георгію Кандрацьеву выкласьці ўласнае бачаньне таго, што адбываецца ва Ўкраіне. Пытаньне карэспандэнта Свабоды было перарванае літаральна на паўслове:

Свабода: «Георгі Пятровіч, як вы чыста па-чалавечы ставіцеся да таго, што адбываецца ва Ўкраіне, якімі рэсурсамі карыстаецеся, праглядаючы інфармацыйную стужку...»

Алейнік: «Пытаньне ня мае дачыненьня да маючага адбыцца футбольнага матча, таму прабачце... Наступны, калі ласка...»

Аляксандар Алейнік
Аляксандар Алейнік

Зборная Беларусі згуляе першы афіцыйны матч на «Барысаў Арэне» — раней тут праводзілася толькі таварыская сустрэча з Таджыкістанам. Пасьля руйнаваньня стадыёну «Дынама» ў Менску гульні папярэдніх адборачных цыкляў ладзіліся ў абласных цэнтрах. Як футбалісты ацэньваюць новую для сябе хатнюю пляцоўку? Гаворыць капітан каманды Цімафей Калачоў:

«Пытаньне збольшага рытарычнае. Я нядаўна выпадкова паглядзеў нейкі агляд, прамільгнулі галы, якія забівалі на „Дынама“ 5 ці 6 гадоў таму. Стадыён быў поўны, людзі надзвычай эмацыйна заўзелі, адна асалода ў такіх умовах гуляць. Зашкальвалі эмоцыі, адрэналін. „Барысаў Арэна“ — стадыён, вядома, найвышэйшага ўзроўню, але мы, менавіта зборная, яшчэ не гулялі пры падтрымцы поўных трыбунаў. Таму складана меркаваць. Але, несумненна, ад гульняў на „Дынама“ засталіся толькі найлепшыя ўражаньні. Спадзяюся, што бліжэйшыя гульні павінны таксама сабраць поўны стадыён і атмасфэра павінна быць дакладна ня горшая».

Цімафей Калачоў
Цімафей Калачоў

Адмыслова да хатняга цыклю днямі нацыянальная зборная атрымала новы камплект формы ад кампаніі Adidas. Вытрыманы ён у бела-чырвоных тонах зь мінімальнай украпінай зялёнага. Адметна, што ўпершыню прозьвішчы футбалістаў на майках даюцца ў беларускай транскрыпцыі — дагэтуль дазваляліся розначытаньні, пераважна тэхнічнае дубляваньне з расейскай.

Новая форма зборнай
Новая форма зборнай

Цімафей Калачоў кажа, што ў абноўленай адзежы адчувае сябе камфортна:

«На гэтае пытаньне я ўжо шмат адказваў падчас прэзэнтацыі 4 кастрычніка, але ў любым разе форма вельмі зручная, нам у ёй сапраўды камфортна. Паколькі форма — гэта ў пэўным сэнсе твар зборнай, то вельмі прыемна, што мы гуляем менавіта пад такім вядомым брэндам. Прынамсі, першыя ўражаньні толькі станоўчыя».

Перад заўтрашняй сустрэчай з Украінай каманда Беларусі мае ў сваім актыве 1 ачко, а супернікі з выніковым нулём дзеляць апошняе месца са зборнай Македоніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG