Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія фанаты падтрымаюць украінскіх


Беларускія футбольныя ультрас зьбіраюцца правесьці пэрформанс салідарнасьці з Украінай падчас матчу паміж дзьвюма зборнымі, які адбудзецца 9 кастрычніка на «Барысаў-Арэне».

Фанаты падкрэсьліваюць, што палітычных лёзунгаў ня будзе.

Пра асаблівасьці падрыхтоўкі да матчу Беларусь — Украіна Радыё Свабода паведаміў актывіст беларускіх футбольных ультрас Яўген.

Паводле слоў Яўгена, беларускія фанаты лічаць неабходным падтрымаць украінцаў у той час, калі ў іхнай краіне працягваецца вайна.

«Зразумела, ёсьць людзі розныя, але ж у большасьці стаўленьне да таго, што адбываецца ва Ўкраіне, — падобнае. Большасьць з нас прытрымліваюцца адной пазыцыі: украінцы — гэта братэрскі народ. У фанатаў, вядома, раней шмат было канфліктаў, але цяпер усё зьмянілася. Галоўная прычына таго, што будзе выказана падтрымка, — гэта тыя падзеі, якія сёньня адбываюцца ва Ўкраіне. Большасьць тых хлопцаў, якія зьбіраюцца ў нас на фанацкі сэктар, лічаць украінцаў братамі, і таму мы пастараемся такім чынам хоць неяк іх падтрымаць», — адзначае Яўген.

Яўген кажа, што беларускія ды ўкраінскія фанаты падтрымліваюць шчыльныя кантакты. Падчас матчу Беларусь — Украіна адборачнага цыклю да чэмпіянату Эўропы 2016 году беларускія фанаты вывесяць банэр на тэму салідарнасьці з украінцамі.

«Рыхтуецца банэр да гэтага матчу. Ён ня будзе ўтрымліваць нейкіх палітычных лёзунгаў, таму што футбол — гэта не палітыка, дый не прапусьцілі б яго. Але з дапамогай гэтага банэра мы будзем старацца паказаць свае адносіны да ўкраінцаў і прадэманстраваць сваю салідарнасьць», — кажа Яўген.

Падобны пэрформанс, праўда, на іншую тэму, праводзіўся падчас матчу Беларусі і Люксэмбургу, калі беларускія фанаты вывесілі на трыбуне вялікі банэр, прысьвечаны 500-годзьдзю бітвы пад Воршай. Банэр да матчу Беларусь — Украіна будзе яшчэ большы.

Канкрэтны зьмест банэра ультрас пакуль што не раскрываюць, каб захаваць інтрыгу. Але з праваахоўнымі органамі ён ужо ўзгоднены.

Акрамя таго, напярэдадні гульні Беларусь — Украіна беларускія і ўкраінскія фанаты зьбіраюцца правесьці паміж сабой таварыскі матч.

«Перад асноўным матчам зборных плянуецца таварыскі матч фанатаў Беларусі і Ўкраіны, пры дапамозе якога мы пастараемся неяк зблізіць нашы кантакты, пастараемся больш пасябраваць, пагутарыць. Ну, і замацуем гэта на футбольным полі: паспрабуем даведацца, чые фанаты мацнейшыя — Беларусі або Ўкраіны? Пасьля гэтай гульні мы плянуем разам паехаць у Барысаў на футбол», — паведаміў Яўген.

Матч паміж фанатамі адбудзецца 9 кастрычніка ў 15:00 у Менску на штучным газоне за Фэдэрацыяй футболу (вуліца Пераможцаў, 20, корп.3).

Таксама да гульні зборных беларускія ультрас падрыхтавалі партыю стыкераў і магнітаў з выявамі ўкраінскага трызуба і беларускай «Пагоні». Гэтыя сувэніры разыгралі праз фанацкую суполку «Ўкантакце» і параздавалі людзям па ўсёй Беларусі.

Матч кваліфікацыйнага раўнду чэмпіянату Эўропы паміж зборнымі Беларусі і Ўкраіны адбудзецца 9 кастрычніка на «Барысаў-Арэне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG