Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На незалежнага журналіста з Магілёва Аляксандра Буракова складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Яго вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Чакаецца суд, фрылансэру пагражае штраф да пяцідзесяці базавых велічыняў.

Як вынікае з пратаколу, які склаў сёньня маёр міліцыі Ўладзімер Пугачоў, нагодай для перасьледу Аляксандра Буракова стаўся артыкул «Сьцяжынай кантрабандыста: ці працуюць расейскія санкцыі на памежжы», «які 25 жніўня быў апублікаваны ў глябальнай сетцы інтэрнэт на афіцыйным сайце нямецкага СМІ „Deutsche Welle“».

Абвінавачаньняў Аляксандар Буракоў не прызнае. Заяўляе, што для сайту замежнага мэдыя рыхтаваў толькі інтэрнэт-кантэнт.

«У мяне няма ніякіх сумненьняў, што мой перасьлед — гэта працяг ціску на журналістаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі», — камэнтуе складаньне пратаколу Аляксандар Буракоў.

Сёньня ж журналісту аддалі пад расьпіску тры з чатырох кампутараў, якія забралі з дому ў яго і ў ягоных бацькоў міліцыянты падчас «агляду месца меркаванага правапарушэньня» 16 верасьня. Лёс чацьвёртага кампутара, як паведамілі ў міліцыі Аляксандру Буракову, вырашыць суд. У ходзе праверкі, пераказвае словы міліцыянта Пугачова журналіст, выяўлена, што на гэтым кампутары рабіліся сюжэты для «Нямецкай хвалі».

Пасьля візыту міліцыянтаў Аляксандар Буракоў зьвінаваціў іх у парушэньні парадку правядзеньня агляду жытла і накіраваў скаргу міністру ўнутраных спраў і ў абласную пракуратуру. Адказаў пакуль няма.

У мяне няма ніякіх сумненьняў, што мой перасьлед — гэта працяг ціску на журналістаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі

Раней Аляксандра Буракова ўчастковы міліцыянт азнаёміў з матэрыяламі праверкі, якую праводзілі супрацоўнікі КДБ. Тады справа тычылася нібыта супрацоўніцтва журналіста з тэлеканалам «Белсат». Аляксандар Буракоў зазначае, што за ініцыятывай яго перасьледу, як у выпадку зь «Белсатам», гэтак і зь «Нямецкай хваляй», стаіць менавіта Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, а міліцыя толькі выконвае распараджэньні гэтага ведамства.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёлета за супрацоўніцтва з замежнымі мэдыямі былі пакараныя буйнымі штрафамі Алесь Залеўскі, Алесь Дзянісаў, Марына Маўчанава ды Андрэй Мялешка. Шасьцёра журналістаў атрымлівалі папярэджаньні пракуратуры.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заяўляе пра неправамернасьць перасьледу рэпартэраў, чые імёны і матэрыялы зьяўляюцца ў замежных СМІ, і патрабуе спыніць такую практыку.

«Ціск журналістаў мае адкрыты характар запалохваньня і шантажу і супярэчыць нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным абавязаньням Рэспублікі Беларусь у галіне забесьпячэньня свабоды распаўсюду інфармацыі», — гаворыцца ў заяве Беларускай асацыяцыі журналістаў, накіраванай генэральнаму пракурору, міністру ўнутраных спраў, старшыні Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў, а таксама старшыні Вярхоўнага Суду.

XS
SM
MD
LG