Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёўскі сюрпрыз для Дуні Міятавіч


Пакуль у Менску знаходзіцца Прадстаўніца АБСЭ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч, у Магілёве ўлады перасьледуюць незалежнага журналіста Алеся Буракова.

Магілёўскага незалежнага журналіста Алеся Буракова вінавацяць у супрацоўніцтве з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі. На сайце «Нямецкай хвалі» выяўленыя публікацыі зь ягоным іменем.Раніцай 16 верасьня супрацоўнікі міліцыі правялі ў кватэры фрылансэра ператрус. Забралі два кампутары і носьбіты інфармацыі.

Ператрус быў і ў кватэры бацькоў Буракова, там забралі яшчэ два кампутары.

Паводле Алеся Буракова, сямёра супрацоўнікаў міліцыі заявіліся ў ягоную кватэру на пачатку дзявятай раніцы. Журналіст кажа, што ў дзьверы пазваніла невядомая яму жанчына і калі ён адчыніў ёй, міліцыянты ўварваліся ў ягонае жытло. У іх была пастанова аб правядзеньні агляду месца адміністрацыйнага правапарушэньня, санкцыянаваная пракурорам Магілёва. Кіраваў міліцыянтамі ў ходзе агляду маёр Уладзімер Пугачоў.

«Аглядалі яны кватэру на працягу прыкладна гадзіны. Перагледзелі ўсё ў жытле. Быў такі маштабны вобшук, хаця мы з жонкай нічога не зьбіраліся хаваць. У выніку яны забралі два жончыных кампутары і дзьве флэш-карты. На сёньня мяне выклікаюць у міліцыю для дачы нейкіх тлумачэньняў. Я паспрабаваў давесьці міліцыянтам, што яны робяць правакацыю, абшукваючы кватэру журналіста ў той час, калі ў Беларусі знаходзіцца Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч»,— зазначае Алесь Буракоў.

Паводле пастановы аб правядзеньні агляду, інтарэс да Алеся Буракова выкліканы ягонымі апошнімі публікацыямі на сайце Deutsche Welle (Нямецкая хваля). Яго вінавацяць у тым, што ён без акрэдытацыі рабіў і распаўсюджваў матэрыялы праз сетку інтэрнэт. Незаконную дзейнасьць, як гаворыцца ў пастанове, выявілі, ажыцьцяўляючы маніторынг інтэрнэту.

Сам Алесь Буракоў не хавае таго, што пісаў для Deutsche Welle, ён ня мае акрэдытацыі і падпісваўся сваім імем. Лічыць, што не парушаў закону «Аб СМІ», бо, паводле яго, для журналіста, які не зьяўляецца штатным супрацоўнікам замежнага СМІ, акрэдытацыя не патрэбная. Прэтэнзіі міліцыі лічыць неабгрунтаванымі.

Правядзеньня ператрусу сіламі сямі міліцыянтаў Алесь Буракоў лічыць абсурдным, бо, як ён кажа, нават штраф, які яму пагражае, не пакрывае ўсіх выдаткаў, патрачаных на ператрус.

Напрыканцы жніўня Алесь Буракоў даведаўся ад участковага міліцыянта, што магілёўскую абласную управу КДБ цікавіць, як адзін з матэрыялаў журналіста трапіў на тэлеканал «Белсат». На фрылансэра быў складзены пратакол апытаньня.

Раней сам Алесь Буракоў дамагаўся ад міліцыі, каб выявілі зламысьнікаў, якія ўзламалі ягоны сайт «Свабодны фармат».

XS
SM
MD
LG