Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кірыл Пазьняк: Будзе адзіны кандыдат і кандыдат, які будзе «псаваць» атмасфэру


Кірыл Пазьняк

Кірыл Пазьняк

Шэраг грамадзкіх аб’яднаньняў вылучылі патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў генэрала Валерыя Фралова. Ці можна лічыць спадара Фралова дастаткова сур’ёзным і ўплывовым кандыдатам? Ці можна яго назваць тым самым прарасейскім кандыдатам, зьяўленьне якога чакаюць некаторыя аналітыкі? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар інтэрнэт-выданьня «Белмы» Кірыл Пазьняк.

— Ці можна лічыць Фралова на дадзены момант дастаткова рэалістычным кандыдатам?

— Спадар Фралоў цягам году ў сваіх публікацыях неаднаразова заяўляў пра свой намер вылучацца, у яго і ў мінулым былі такія амбіцыі — таму ніякай сэнсацыі ў гэтым няма. Аднак, паколькі шмат гаворыцца пра адзінага кандыдата ад апазыцыі, кандыдатура Фралова выглядае вельмі супярэчлівай. Частка апазыцыі ніколі яго ў гэтым не падтрымае. Варта нагадаць, што яшчэ будучы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Фралоў спрабаваў ладзіць 2 красавіка акцыю ў падтрымку саюзу з Расеяй. Таму дэмакратычная і незалежніцкая апазыцыя ніяк ня можа падтрымаць такую кандыдатуру.

— Сваімі прарасейскімі выступамі і заявамі Фралоў вядомы даўно, ён іх не хаваў ніколі. Ці можна яго назваць тым самым патэнцыйным прарасейскім кандыдатам, зьяўленьне якога чакаюць некаторыя аналітыкі? Асабліва на фоне узрастаньня прарасейскіх настрояў у беларускім грамадзтве на фоне падзеяў ва Ўкраіне?

— З аднаго боку, Фралоў належыць да сацыял-дэмакратычнай партыі, якая ўваходзіць у кампанію «Народны рэфэрэндум», якая сваімі заявамі дэкляравала прыхільнасьць да незалежнасьці Беларусі, асуджала анэксію Расеяй Крыму. Зь іншага боку, Фралоў — генэрал, мае добрыя кантакты з расейскім ваенным кіраўніцтвам, да таго ж адзначыўся сваімі прарасейскімі заявамі і акцыямі.

Мне здаецца, тут могуць зьявіцца спэкуляцыі, зьвязаныя зь ягонай асобай. Да таго ж давайце ўзгадаем, чым была сацыял-дэмакратычная партыя на некалькіх выбарчых кампаніях. Яна была рэсурсам, пляцоўкай, якая ўкліньвалася ў нейкія сцэнары, якія мела беларуская апазыцыя

— Які сцэнар на гэты момант выглядае найбольш верагодным на прэзыдэнцкія выбары? Ці можна сказаць, што вылучэньне такіх людзей, як Фралоў, робіць немагчымым наяўнасьць адзінага кандыдата?

— Я прагназую, што паўторыцца сытуацыя 2006 году. Наўрад ці будзе аналяг 2010-га — бо і сабраць 100 тысяч подпісаў будзе нашмат больш цяжэй, ды і ўлады наўрад ці пойдуць на «разгул дэмакратыі», як тады казалі. Хутчэй за ўсё, для кантролю за сытуацыяй ім больш зручным будзе варыянт 2006 году — калі будзе адзіны кандыдат ад большай часткі апазыцыі і кандыдат, які будзе «псаваць» атмасфэру. Плюс спадар Гайдукевіч.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG