Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фралоў абяцае Лукашэнку адпачынак ля печы


Валеры Фралоў
Валеры Фралоў

Шэраг грамадзкіх аб’яднаньняў вылучыў на сустрэчы ў Жодзіне намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў і ўдзельніка галадоўкі пратэсту, генэрала Валерыя Фралова кандыдатам у прэзыдэнты.

Пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі палітык заявіў яшчэ ў чэрвені.

У сустрэчы бралі ўдзел «чарнобыльцы», аўганцы, вэтэраны баявых дзеяньняў, «Абаронцы Айчыны».

«Мяркую, знайду падтрымку сярод дзясяткаў тысяч таварышаў па службе ў Бабруйску, Мар’інай Горцы, Слуцку, Горадні, Берасьці, Слоніме, Баранавічах, Лідзе, Наваградку, Шчучыне, Засімавічах; сярод афіцэраў, прапаршчыкаў, салдат, якія ведаюць мяне як аблупленага. Мне ня трэба тлумачыць, хто я такі, рабочым, калгасьнікам, прадпрымальнікам, чыноўнікам і кіраўнікам рознага ўзроўню, бізнэсоўцам. Я мог бы назваць дзясяткі прозьвішчаў людзей, якія займаюць высокія пасады ў дзяржаве, зь якімі сябраваў, але ім, думаю, не патрэбныя лішнія непрыемнасьці. Адзначу толькі, што начальнікі Генштабоў Беларусі і Расеі ў мінулым — мае падначаленыя. Разьлічваю на падтрымку многіх апазыцыйных партыяў і рухаў у рэгіёнах. Ня думаю, што яны задаволеныя сытуацыяй у краіне і ў сваіх структурах», — заявіў у адмысловым артыкуле для «Беларускага партызана» генэрал Фралоў.

Паводле Фралова, працэс кансалідацыі апазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году ідзе туга і надзеяў на яе аб’яднаньне не засталося:

«У 2006 годзе я працаваў у камандзе Аляксандра Казуліна, у 2010 годзе — у камандзе Андрэя Саньнікава, сякі-такі вопыт набыў. Ведаючы цяперашніх патэнцыйных кандыдатаў, вырашыў прыступіць да падрыхтоўкі да прэзыдэнцкай кампаніі бяз траты часу, нэрваў, здароўя на выбары «адзінага».

Фралоў адзначыў, што зьмены ў краіне магчымыя толькі пры зьмене цяперашняй улады.

«Мірным шляхам дасягненьня пераменаў зьяўляюцца выбары. Асабіста я — праціўнік усялякіх рэвалюцыяў і ўзрушэньняў: рэвалюцыі робяць рамантыкі, а іх пладамі карыстаюцца ўсякія нягоднікі, — адзначае генэрал Фралоў. — І ажыцьцявім мару Лукашэнкі адпачыць пасьля 20 гадоў прэзыдэнцтва і барацьбы за сьветлую будучыню народа, адпачыць дзе-небудзь ля печы, забясьпечыўшы яму годную старасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG