Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі зьявіцца тэалягічная акадэмія


26 верасьня на пазачарговым пасяджэньні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі быў разгледжаны і прыняты тэкст статуту Вышэйшай духоўнай навучальнай установы «Тэалягічная акадэмія імя сьвятога Яна Паўла ІІ» Рыма-каталіцкага касьцёлу ў Рэспубліцы Беларусь.

Новая навучальная ўстанова разьмесьціцца ў Менску і будзе рыхтаваць спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй розных ступеняў і навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, у тым ліку сьвятароў, для рэлігійнай дзейнасьці Рыма-каталіцкага касьцёлу ў Рэспубліцы Беларусь.

Беларускі тэоляг Ірына Дубянецкая ў камэнтары Радыё Свабода сказала, што будзе вельмі добра, калі духоўная ВНУ будзе рыхтаваць спэцыялістаў ня толькі для патрэбаў Царквы, але і для патрэбаў грамадзтва. Такую ролю могуць выконваць, напрыклад, спэцыялісты ў галіне сродкаў масавай камунікацыі і сацыяльнага вучэньня і служэньня.

Ірына Дубянецкая

Ірына Дубянецкая

«Калі Беларусь разьвівалася паралельна з эўрапейскай цывілізацыяй, у нас багаслоўе было разьвіта вельмі добра. У часы Рэфармацыі, калі ў Эўропе бушавалі рэлігійныя войны, у Беларусі адбываліся рэлігійныя дыскусіі і дыспуты, якія былі вельмі папулярныя і былі вялікай часткай інтэлектуальнай дзейнасьці краіны. Пасьля, разам з заняпадам краіны, заняпала і багаслоўе, якое не разьвілося ў самастойную школу. На працягу 19-га і 20-га стагодзьдзяў яно не разьвівалася абсалютна. Нешта, вядома, выкладаецца ў сэмінарыях, але вышэйшых навучальных установаў, якія б змаглі скрануць глыбу беларускага мысьленьня, не было.

Тое, што такая ўстанова ўтвараецца, якая зможа заняцца выкладаньнем тэалёгіі, вельмі добра. Асабліва калі падрыхтоўка будзе скіраваная ня толькі на эклезіястычныя патрэбы, але і на патрэбы грамадзтва. Грамадзтву для здаровага разьвіцьця неабходная інтэлектуальна-духоўная вяршыня мысьленьня», — сказала доктар сакральнай тэалёгіі Ірына Дубянецкая.

Акадэмія будзе займацца навучаньнем студэнтаў «у галіне тэалёгіі, а таксама біблістыкі, кананічнага права, гісторыі, літургікі, катэхізацыі, філязофіі, этыкі, рэлігіязнаўства, сродкаў масавай камунікацыі, сацыяльнага вучэньня і служэньня, сям’і, замежных моваў і іншых дысцыплін згодна з нормамі і навучаньнем Рыма-каталіцкага касьцёла», — сьцьвярджаецца ў афіцыйным паведамленьні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі зьвернецца да адпаведных дзяржаўных органаў, каб новая вышэйшая духоўная навучальная ўстанова атрымала дзяржаўную рэгістрацыю.

XS
SM
MD
LG