Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Мельнікаў: 1939 год — гэта рэпрэсіі і дэпартацыі


У Заслаўскім дзяржаўным музэі менскімі абласнымі ўладамі забароненая выстава «Заходнебеларуская Атлянтыда», прымеркаваная да 75-годзьдзя ўзьяднаньня Беларусі ў верасьні 1939 году.

Што насьцярожыла загадчыка ідэалягічнага аддзелу Руслана Трухана? Госьцем перадачы — аўтар выставы, калекцыянэр і гісторык Ігар Мельнікаў.

— Ігар, як так сталася, што зладжаную ў дзяржаўным музэі, прарэклямаваную на дзяржаўным тэлебачаньні выставу ўсё ж закрылі неўзабаве пасьля адкрыцьця?

— Сапраўды, недарэчная сытуацыя. Мы плянавалі гэтую выставу досыць працяглы час, абдумвалі з супрацоўнікамі музэю. Намесьнік дырэктара Ганна Чухманава таксама ўдзельнічала ў падборы экспанатаў. Недзе ў пачатку верасьня пачалася мантажная праца. Пра выставу даведалася Белтэлерадыёкампанія, прыехала здымачная група, зрабіла досыць добры сюжэт, ён прайшоў у прайм-тайме на галоўным тэлеканале краіны. Людзі пабачылі, зьбіраліся 12 верасьня прыехаць на адкрыцьцё. Але напярэдадні выставу наведаў менскі абласны ідэоляг Руслан Трухан і сказаў, што такую выставу адкрываць немагчыма. 12 верасьня мы яшчэ дараблялі апошнія моманты, і калі людзі прыйшлі, каля 60 чалавек, мы проста запрасілі іх паглядзець экспанаты. Праўда пра беларускіх жаўнераў Войска Польскага, якія змагаліся зь немцамі ў верасьні 1939 году, павінна быць сказана.

— А што канкрэтна можна было пабачыць на вашай выставе? Што так насьцярожыла сп. Трухана?

— Мы разьбілі выставу на некалькі тэматычных блёкаў: мірнае жыцьцё, сакавіцкая і верасьнёўская мабілізацыі, у выніку якіх каля 70 тысячаў беларусаў апынуліся ў шыхтах польскай арміі, наступныя блёкі — кантрабанда, вайна і 17 верасьня. Ва ўсіх гэтых блёках былі зьмешчаныя прадметы з маёй калекцыі — аўтэнтычныя здымкі, арыгінальныя дакумэнты. У цэнтры — дакумэнты і рэчы Віктара Міленюка —

мы не маглі абысьці і той факт, што жаўнераў Войска Польскага бралі ў савецкі палон, што былі дэпартацыі

падпаручніка рэзэрву Войска Польскага, праваслаўнага беларуса з Кобрына. Дарэчы, на адкрыцьцё выставы прыехалі яго дачка і ўнучка. Ён удзельнічаў у абароне Берасьцейскай крэпасьці ў 1939 годзе. У апошнім блёку мы далі фігуру савецкага жаўнера ва ўніформе старшыны, таксама паказалі на здымках, як сустракалі чырвонаармейцаў, паказалі моманты, зьвязаныя з пактам Молатава-Рыбэнтропа. Безумоўна, паказаўшы вітальныя брамы і людзей з кветкамі, мы не маглі абысьці і той факт, што жаўнераў Войска Польскага бралі ў савецкі палон, што былі дэпартацыі. Экспанаваўся таксама арыгінальны здымак Юзафа Пілсудзкага, які ўзнагароджвае вугорскіх афіцэраў. Такога здымка нават у Польшчы няма. Былі на выставе арыгінальныя здымкі прэзыдэнта Ігнація Масьціцкага, зробленыя, дарэчы, у Беларусі, у Белавескай пушчы, падчас паляваньня з адміралам Хорці. Гэта ўнікальныя здымкі, якія публікаваліся толькі ў маіх артыкулах, яны раней не паказваліся, у Польшчы іх няма.

— Ці спрабавалі вы сустрэцца з Русланам Труханам і ўсё яму патлумачыць?

— На момант падрыхтоўкі выставы ў мяне было вельмі мала часу на тое, каб весьці перамовы. Але мая памочніца, Алена Юр’еўна Мельнікава, мая мама, зьвязвалася з Труханам напярэдадні адкрыцьця. Разам з тым

Зразумейце, я — проста калекцыянэр, і гэта ня мой прыватны музэй, а дзяржаўная ўстанова

перамовы вяла і адміністрацыя музэю. Зразумейце, я — проста калекцыянэр, і гэта ня мой прыватны музэй, а дзяржаўная ўстанова. Сп. Трухан спачатку проста не хацеў адказваць, а потым сказаў, што нічога ня мае супраць, проста ў музэі праблемы з электраправодкай. На што яму патлумачылі, што ў музэі ўлетку, перад Днём беларускага пісьменства, быў зроблены сур’ёзны рамонт... Шкада, што так сталася. Пачынаючы з красавіка мы рыхтаваліся — усё трэба было апісаць, каталягізаваць, зрабіць этыкетаж, выставіць. Шмат чаго ня трапіла на выставу — у маёй калекцыі больш за 600 рэчаў і дакумэнтаў.

— Ці зьбіраецеся вы паказаць сваю «Заходнебеларускую Атлянтыду» на нейкай іншай пляцоўцы?

— Так, безумоўна. Ужо ёсьць прапановы з Украіны, з Польшчы, нават з Вялікабрытаніі. Але мой галоўны мэсыдж — «Заходнебеларуская Атлянтыда» адрасаваная менавіта беларусам, бо людзі ня ведаюць перадваенную гісторыю. Мы цяпер з зацікаўленымі людзьмі шукаем незалежны музэй ці нейкую пляцоўку, дзе можна было б усё выставіць і паказаць.

— Вы адзін з найлепшых дасьледчыкаў Заходняй Беларусі, я заўсёды зь цікавасьцю чытаю вашы артыкулы ў тыднёвіку «Новы час». Пра ўзьяднаньне Беларусі ў 1939 годзе і пераможны паход Чырвонай Арміі ведае кожны школьнік. А што прыхоўвалася, пра што маўчалі савецкія і маўчаць сёньняшнія афіцыйныя гісторыкі?

— Маўчаць пра тое, што ў верасьні 1939 году савецкае войска ўдзельнічала ў сапраўднай вайне. На адным здымку чырвонаармейца, які мы паказваем, напісана: «Я зьняўся пасьля таго, як скончылася вайна ў Польшчы». А ў савецкай і сучаснай беларускай гістарыяграфіі часьцей за ўсё пішацца пра тое, што палякі проста паўцякалі, а савецкіх жаўнераў сустракалі з кветкамі.

— Але ж і сапраўды сустракалі.

— Беларусы, якія жылі пры мяжы, з кветкамі савецкую армію не сустракалі, бо добра ведалі, як жывуць у БССР. Сустракалі з кветкамі

Беларусы, якія жылі пры мяжы, з кветкамі савецкую армію не сустракалі, бо добра ведалі, як жывуць у БССР

ў глыбіннай Заходняй Беларусі — на Наваградчыне, на Палесьсі. Сучасныя гісторыкі ня ўзгадваюць пра тое, што два гады, зь верасьня 1939-га па чэрвень 1941 году, старая мяжа існавала, яе пільнавалі памежнікі, стаялі памежныя савецкія слупы. І калі немцы напалі на Савецкі Саюз, то праз гэтую мяжу праехаць ці прайсьці было вельмі цяжка, трэба было мець адмысловы дазвол ад савецкіх адмысловых органаў.

— Якая гэта была мяжа — беларуска-беларуская? А навошта?

— Савецкая ўлада не давала магчымасьці ўсходнім беларусам паглядзець на жыцьцё ў Заходняй Беларусі, якая жыла «пад панамі». А жыцьцё там было вельмі адрознае. Нават чырвонаармейцы зьдзіўляліся: ідзе вайна зь немцамі, а крамы працуюць, там шмат тавараў. Людзі апранутыя ў рэчы, вырабленыя ў эўрапейскіх краінах. Безумоўна,

пры савецкай уладзе былі разрабаваныя культурныя каштоўнасьці, напрыклад, Нясьвіскі замак

ня ўсе, мела месца і галеча. Пра дэфіцыт жыхары Заходняй Беларусі ўпершыню даведаліся толькі пры савецкай уладзе. Нават першыя сямнаццаць дзён верасьня не было ніякага дэфіцыту, хаця краіна вяла на захадзе жорсткія баявыя дзеяньні супраць немцаў. Што цікава, адказныя таварышы з Савецкай Беларусі атрымлівалі дазвол на перасячэньне, як вы кажаце, беларуска-беларускай мяжы і адразу ехалі ў крамы, на кірмашы — скуплялі там усё «буржуазнае», каб пазьней фарсіць у БССР. Важна яшчэ адзначыць, што пры савецкай уладзе былі разрабаваныя культурныя каштоўнасьці, напрыклад, Нясьвіскі замак. У Пінскай духоўнай сэмінарыі была бібліятэка, дзе знаходзіліся кнігі з подпісам Вальтэра і г.д. Імі распальвалі вогнішчы! Людзі зьвярталіся да ўладаў: што ж вы робіце, гэта ж цяпер усё наша?! Пісалі ў Менск, там не адрэагавалі. Масква прыслала цягнік, усе каштоўнасьці вывезьлі, і да сёньняшняга дня яны знаходзяцца ў Маскве.

— Аднойчы ў Максіма Танка спыталіся: дзе вам найлепей пісалася? І народны паэт адказаў: у польскай турме. Ня будзем чапаць паэтаў, якія на Лукішках пісалі вершы. А вось што азначаў прыход саветаў для мільёнаў беларускіх сялянаў?

— Калі мы кажам пра Заходнюю Беларусь, то варта памятаць пра чатыры хвалі дэпартацыі. Гэта жудасная старонка гісторыі, якая пачалася адразу ўвосень 1939-га і закончылася 20 чэрвеня 1941 году. Апошнія цягнікі з арыштаванымі і дэпартаванымі ішлі пад нямецкімі бомбамі. Вывозіліся ня толькі сем’і асаднікаў, паліцэйскіх, афіцэраў Войска Польскага, польскай адміністрацыі, але і значная колькасьць нябедных сялянаў, гэтак званых кулакоў. Мы павінны памятаць: 1939 год — гэта ўзьяднаньне беларускіх земляў, але гэта таксама рэпрэсіі і дэпартацыі.

— У Акадэміі кіраваньня штогод ладзяцца адмысловыя навучальныя курсы для ідэолягаў усіх узроўняў. Што б вы параілі ў праграму гэтых курсаў?

— Варта было б даць як мага больш лекцый зь беларускай гісторыі. Напрыклад, калі мы ўзгадваем 1939 год, варта было б вельмі падрабязна паказаць ролю беларусаў у барацьбе з нацызмам на ўсіх франтах Другой сусьветнай вайны. І гаварыць ня толькі пра савецкае войска, але і пра польскае, бо Польшча была краінай- чальцом антыгітлераўскай кааліцыі, яе жаўнеры ваявалі зь першага дня Другой сусьветнай, і потым, у складзе брытанскага войска. На тых курсах варта было б гаварыць і пра Аршанскую бітву, якая таксама нікога ня сварыць і зьяўляецца проста гісторыяй. Я згодны са словамі аднаго з наведнікаў выставы «Заходнебеларуская Атлянтыда»: вельмі шкада, што беларускія ідэолягі шукаюць палітыку там, дзе яе няма.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG