Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэолягі пастараліся закрыць выставу пра беларусаў у Войску Польскім да 17 верасьня — Ігар Мельнікаў


Сёньня кіраўніцтва заслаўскага музэю паведаміла арганізатару выставы «Заходнебеларуская Атлянтыда» Ігару Мельнікаву, што выстава будзе дэмантаваная. Афіцыйнага паведамленьня пра закрыцьцё выставы Ігару Мельнікаву не прадставілі. Не патлумачылі таксама і прычынаў. Сам Мельнікаў перакананы, што выстава не спадабалася мясцовым ідэолягам.

Выстава з прыватнай калекцыі гісторыка, кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава «Заходнебеларуская Атлянтыда. Гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час у дакумэнтах, фатаздымках і артэфактах» была неафіцыйна адкрытая 12 верасьня ў Гісторыка-культурным музэі-запаведніку «Заслаўе».

Яна мелася працягнуцца да 12 лістапада, але ўжо сёньня яе закрыюць. Ігар Мельнікаў распавядае, што аніякіх супярэчнасьцяў зь дзяржаўнай ідэалёгіяй канцэпцыя выставы ня ўтрымлівала, а закрылася яна дзеля асабістай прыхамаці галоўнага абласнога ідэоляга Руслана Трухана.

«Іх сам прыдумаў чыноўнік, і цяпер ён проста помсьціць і ідзе да канца. Стварае гэтыя праблемы. Тут няма нічога, я гатовы адказваць перад кожным. Буду дасылаць лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта, каб паказаць натхнёнасьць людзей, якія прыходзілі, прадметы, якія тут прадстаўленыя без канатацыі з антысаветызмам, і так далей. Гэта аб’ектыўная гісторыя Заходняй Беларусі і працэс яе ўзьяднаньня з СССР.

У нас не было забароны з боку Міністэрства культуры, з боку ідэалягічнага дэпартамэнту. Проста прыйшоў Трухан і сказаў: рабі што хочаш, але выстава не павінна адкрыцца».

Руслан Трухан ад камэнтароў на гэтую тэму адмаўляецца.

«Мы з гэтым чалавекам не знаёмыя і ня бачыліся ні разу. Як ён можа спасылацца на маё меркаваньне?» — кажа Руслан Трухан. Па ўсе тлумачэньні адпраўляе да ўпраўленьня ідэалёгіі Менскага райвыканкаму, якому падведамны Заслаўскі музэй. Аднак ніводзін зь дзясятка тэлефонаў раённага ўпраўленьня ідэалёгіі сёньня не адказвае.

Раённы ідэоляг Сяргей Кудзін сапраўды сёньня наведаў выставу разам з супрацоўнікам МНС. Менавіта пасьля двух гэтых візытаў кіраўніцтва музэю паведаміла Ігару Мельнікаву, што экспанаты можна забіраць.

Дырэктар музэю Мікалай Паграноўскі камэнтары даваць адмаўляецца. Кажа, што тут і так усё зразумела і камэнтаваць няма чаго. Супрацоўніцы музэю гавораць пра тое, што дырэктара, які кіруе музэем ужо дзясяты год, «будуць здымаць», а на ягонае месца пасядзяць «кадэбіста». На зададзенае дырэктару наўпрост пытаньне, ці здымуць яго, Мікалай Паграноўскі ці то жартам, ці то сур’ёзна адказвае: «Канечне, здымуць. Такіх, як я, заўжды знойдзецца за што здымаць».

Буду дасылаць лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта

Сам Ігар Мельнікаў дырэкцыі музэя ўдзячны. Усе экспанаты — зь ягонай прыватнай калекцыі, набываў ён іх за свае грошы. Рамкі для экспазыцыі таксама прыдбаў сам. Аніякай спонсарскай дапамогай не карыстаўся. А рыхтавалася выстава яшчэ з пачатку вясны.

«Галоўная ідэя — да такой значнай даты, як 75-годзьдзе пачатку Другой сусьветнай вайны, падкрэсьліць удзел беларусаў у барацьбе з нацысцкай Нямеччынай. Але мы ня можам не паказаць 17 верасьня. У нашай выставе гэтая дата паказаная аб’ектыўна. Безумоўна, мы распавядаем і пра рэпрэсіі, якія былі на той час, здымкі з дэпартацыі і пратаколы ператрусаў. Але гэта факт. І ні сучасная беларуская ўлада, ані сучаснае беларускае грамадзтва не нясе адказнасьці за злачынствы сталінізму. Але пра гэта ня варта забываць».

Мельнікаў падкрэсьлівае, што закрыць выставу пасьпяшаліся менавіта да 17 верасьня — даты так званага ўзьяднаньня Беларусі.

«У нас ня любяць распавядаць пра рэпрэсіі, дэпартацыі. Але гэта не навуковы падыход. Нашая ідэалёгія павінна быць беларускай і класьці ў аснову беларускія інтарэсы.

Да 1995 году беларусы, якія служылі ў польскім войску, ня мелі статусу вэтэранаў. Большасьць зь іх памерла без прызнаньня беларускай дзяржаваю іхных заслугаў у змаганьні з нацызмам. Народнае Войска Польскае разам з Чырвонай Арміяй брала Бэрлін. І ў гэтым войску было шмат беларусаў. У нас у гэтым усім бачаць нейкае праслаўленьне Польшчы. Мы ж крытыкуем Польшчу — за спробы аднаўленьня імпэрскасьці і аднаўленьне калёніяў напярэдадні Другой сусьветнай вайны. Мы паказваем жыцьцё беларусаў. На жаль, гэта ня ўпісваецца ў беларускую дзяржаўную ідэалёгію. Нават патлумачыць гэта цяжка. Гэта проста глупства».

Ігар Мельнікаў

Ігар Мельнікаў

Гісторык Алесь Пашкевіч лічыць, што афіцыйнага загада зьверху для мясцовых ідэолягаў магло і ня быць. Але ўсё адно гэтыя чыноўнікі дзейнічаюць цалкам у рэчышчы дзяржаўнай ідэалёгіі і ловяць сыгналы, якія паступаюць зьверху:

«Натуральна, сказаць, што ў панскай Польшчы ўсё было ня так кепска, як раней паказвалася, а ў Савецкай Беларусі было шмат у чым нашмат горш. Тыя самыя калгасы існавалі, пра якія вядома цяпер, што гэта была адна з формаў прыгоннага права. Тыя самыя рэпрэсіі, якія ані ў якае параўнаньне з рэпрэсіўнымі дзеяньнямі польскіх уладаў не ідуць. І сучасны момант — Польшча зьяўляецца адным з найбольш пасьлядоўных і зацятых прыхільнікаў дэмакратызацыі Беларусі. Не прымае сучасных беларускіх рэаліяў і не хавае свайго жаданьня гэта зрабіць. Антыпольскія настроі ўсё адно прысутнічаюць у вышэйшага кіраўніцтва і прадстаўнікоў ідэалягічнай вэртыкалі на месцах».

Ігар Мельнікаў з закрыцьцём выставы катэгарычна ня згодны. Кажа, што будзе зьвяртацца хоць у Адміністрацыю прэзыдэнта, але сваю рацыю давядзе.

XS
SM
MD
LG