Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэпаратыст Пургін выправіўся ў Менск


Андрэй Пургін

Андрэй Пургін

«Першы віцэ-прэм’ер» самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Андрэй Пургін выляцеў у Менск, дзе 19 верасьня адбудзецца трэцяя сустрэча кантактнай групы па сытуацыі ва Ўкраіне. Пра гэта расейскім мэдыям паведамілі ў ягоным данецкім «штабе».

Сам Пургін перад адлётам расказаў расейскаму агенцтву «Інтэрфакс», што сярод асноўных пытаньняў, якія плянуецца абмеркаваць у Менску, — закон аб асаблівым статусе рэгіёну, а таксама некаторыя моманты, зафіксаваныя ў пратаколе папярэдняй сустрэчы.

Гэтаксама ён паведаміў, што разам зь ім у пасяджэньні кантактнай групы будзе браць удзел ягоны непасрэдны начальнік — «прэм’ер-міністар» самаабвешчанай ДНР Аляксандар Захарчанка.

Раней паведамлялася, што ў пятніцу ў беларускай сталіцы пройдзе чарговая сустрэча кантактнай групы па сытуацыі на Украіне, аднак дакладны час і месца правядзеньня дагэтуль невядомыя.

У сваю чаргу, кіраўнік прэс-цэнтру самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» Ўладзімер Інагародзкі заявіў БелаПАН, што прадстаўнікі ЛНР абавязкова прыедуць на сустрэчу, але пакуль невядома, хто канкрэтна.

Папярэдні раўнд перамоваў кантактнай групы ў фармаце Украіна — АБСЭ — Расея — сэпаратысты Данбасу прайшоў у Менску 5 верасьня. На ім быў прыняты пратакол, галоўным пунктам якога значылася спыненьне агню. Як заяўляюць бакі канфлікту, перамір’е збольшага выконваецца, ідзе паступовы абмен палоннымі.

XS
SM
MD
LG