Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску 19 верасьня працягне працу кантактная група — Кучма


Леанід Кучма
Леанід Кучма

Кантактная група па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе адновіць працу ў Менску 19 верасьня.

Пра гэта сёньня ў Днепрапятроўску паведаміў журналістам на брыфінгу прадстаўнік Украіны ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе, экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.

У беларускім МЗС карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі, што такая сустрэча плянуецца, аднак пра месца і час будзе вядома заўтра.

«Я заўтра зноў лячу ў Менск разам з групай АБСЭ. Будуць нялёгкія перамовы, намячаецца прыняць дакумэнт, што трэба рабіць дзеля забесьпячэньня раней прынятага пратаколу», — цытуе Кучму УНІАН.

Кучма падкрэсьліў, што на далейшых перамовах па ўрэгуляваньні сытуацыі нельга «паступацца тэрытарыяльнай цэласнасьцю Ўкраіны».

«Я ведаю выразную пазыцыю прэзыдэнта Ўкраіны па гэтым пытаньні — гэта „сьвятая карова“. Мы не прызнаём фэдэралізацыі і рэспублік», — заявіў ён.

Паводле Кучмы, дакумэнт групы АБСЭ з 12 пунктаў, падрыхтаваны раней, прызначаны ў першую чаргу для ўкраінскай улады. А як прымяняць гэтыя пункты — справа ўладаў, у тым ліку і расейскіх.

«Мала хто зьвярнуў увагу, у тым ліку і ў Вярхоўнай Радзе, што ў адным з пунктаў дакумэнту АБСЭ выразна запісана — кантроль над украінска-расейскай мяжой. Калі ня будзе кантролю, а гэта задача АБСЭ, ні пра які мір нельга казаць. Калі мяжа адкрытая для руху расейскай тэхнікі і вайсковай сілы, то далейшыя пэрспэктывы можна сабе толькі ўявіць», — сказаў Кучма.

Кучма адзначыў, што група АБСЭ сваю задачу выканала, а далей у якім выглядзе будуць прымаць законапраекты аб сытуацыі ў Данбасе, залежыць ад Вярхоўнай Рады.

Ён лічыць, што цяпер важна вывесьці з Данбасу расейскую тэхніку і вайскоўцаў, абмяняць ваеннапалонных і гэтак далей.

У гэтай вайне з Расеяй мы ня можам быць пераможцамі

«У гэтай вайне з Расеяй мы ня можам быць пераможцамі, таму што ўкраінская армія ваюе зброяй узору 20-га стагодзьдзя, а Расея — тэхнікай 21-га стагодзьдзя. Сьведчаньне гэтаму — тое, што тэрарысты на Данбасе ўзброеныя тэхнікай, якая з адлегласьці ў 3 кілямэтры расстрэльвае ўкраінскіх байцоў і прашывае браню нашых танкаў», — сказаў Кучма.

Ён дадаў, што мы ня ведаем праўды пра колькасьць тых, хто загінуў у зоне правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі.

Па словах Кучмы, галоўнае цяпер — зрабіць баяздольнай украінскую армію і ўжываць усе дыпляматычныя мэтады, каб спыніць гэтую вайну.

Кучма прадстаўляе Ўкраіну ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. Таксама ў групу ўваходзяць прадстаўнік АБСЭ Гайдзі Тальявіні і амбасадар РФ ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў. У сустрэчах групы бяруць удзел і кіраўнікі тэрарыстычных арганізацыяў «ДНР» і «ЛНР». На апошняй сустрэчы групы 5 верасьня ў Менску быў падпісаны папярэдні пратакол да пагадненьня аб спыненьні агню на Данбасе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG