Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамагчы дзяржаву, якой няма


Курд абстрэльвае зь мінамёту пазыцыі ваяўнікоў «Ісламскай дзяржавы» каля Масулу

Курд абстрэльвае зь мінамёту пазыцыі ваяўнікоў «Ісламскай дзяржавы» каля Масулу

У Парыжы абмеркавалі мэтады барацьбы з групоўкай «Ісламская дзяржава»

Прадстаўнікі прыкладна 30 дзяржаваў, якія сабраліся ў панядзелак у Парыжы на канфэрэнцыю, прысьвечаную міру і бясьпецы Іраку, паабяцалі падтрымаць барацьбу Багдаду супраць джыхадыстаў арганізацыі «Ісламская дзяржава» — «ўсімі неабходнымі для гэтага сродкамі», у тым ліку і ваеннымі.

«Ісламская дзяржава» зьяўляецца пагрозай ня толькі для Іраку, але і для ўсёй міжнароднай супольнасьці, заявілі ўдзельнікі канфэрэнцыі. Іх адзінае меркаваньне, што групоўку неабходна выцесьніць з занятай ёй тэрыторыі на поўначы Іраку.

Дэталі дэклярацыі не паведамляюцца: калі менавіта будзе дадзеная гэтая падтрымка, якімі краінамі і ў якім выглядзе. Можна меркаваць, што гаворка ў першую чаргу ідзе аб падтрымцы ірацкіх войскаў з паветра — як аб тым сёньня раніцай у эфіры радыёстанцыі «Эўропа 1» адкрыта папрасіў прэзыдэнт Іраку Фуад Масум. Ён заявіў, што яго краіне не спатрэбяцца замежныя салдаты для наземных апэрацый. Патрэбныя зьнішчальнікі і ваенныя экспэрты для інструктажу.

Арабскія дзяржавы супраць ісламістаў

У канфэрэнцыі, акрамя заходніх дзяржаваў і Расеі, прымалі ўдзел некалькі арабскіх краінаў і прадстаўнікі Лігі арабскіх дзяржаў. Ад іх чакаюць захадаў па прадухіленьні фінансаваньня арганізацыі «Ісламская дзяржава». У ранішнім інтэрвію прэзыдэнт Іраку сказаў, што ня можа вінаваціць Саудаўскую Арабію і Катар у фінансаваньні гэтай ультрарадыкальнай групоўкі, але, паводле яго, у гэтых краінах ёсьць тыя, хто ідэалягічна ёй сымпатызуе і фінансуе яе дзейнасьць. Масум таксама падкрэсьліў, што «Ісламская дзяржава» ўяўляе пагрозу ня толькі Іраку, але і заходняму сьвету, і многія яе баевікі зьяўляюцца грамадзянамі эўрапейскіх краінаў, якія затым вернуцца дадому і будуць ствараць тэрарыстычныя ячэйкі.

Сёньня раніцай пачалася апэрацыя францускіх ваенна-паветраных сілаў у Іраку. З францускай базы ў Абу-Дабі ў Ірак вылецелі зьнішчальнікі тыпу «Рафаль», у суправаджэньні самалётаў-выведнікаў. Падкрэсьліваецца, што гаворка не ідзе пра беспілётныя самалёты, і місія заключаецца ў зборы выведных дадзеных напярэдадні плянаваных Францыяй авіяўдараў па аб’ектах «Ісламскай дзяржавы».

Прэзыдэнт Іраку паскардзіўся на канфэрэнцыі на адсутнасьць прадстаўнікоў Ірану, сказаўшы, што Тэгеран у першыя ж дні наступленьня джыхадыстаў прадаставіў важную гуманітарную і ваенную дапамогу Іраку і ірацкім курдам. Пасьля завяршэньня сустрэчы ў Парыжы Дзярждэпартамэнт ЗША растлумачыў, што ніякай ваеннай каардынацыі з Іранам у пытаньні барацьбы з «Ісламскай дзяржавай» Вашынгтон не плянуе, але застаецца адкрыты для дыпляматычнага дыялёгу па гэтым пытаньні.

ЗША не плянуюць наземнай апэрацыі

На мінулым тыдні прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што Злучаныя Штаты ўзначаляць міжнародную кааліцыю, мэта якой заключаецца ў нэўтралізацыі «Ісламскай дзяржавы». Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры прыбыў у Парыж пасьля паездкі па краінах Блізкага Ўсходу, дзе яму ўдалося заручыцца падтрымкай шэрагу арабскіх краінаў у справе барацьбы з «Ісламскай дзяржавай». Але ў ЗША абмяркоўваецца пытаньне, ці магчыма наогул атрымаць поўную перамогу над «Ісламскай дзяржавай» без наземнай вайсковай апэрацыі. Да гэтага часу амэрыканская авіяцыя толькі рабіла авіяўдары па пазыцыях баявікоў-ісламістаў у Іраку.

Абвяшчаючы на мінулым тыдні аб стратэгіі ЗША па барацьбе з групоўкай «Ісламская дзяржава», прэзыдэнт Абама заявіў, што барацьба з гэтай тэрарыстычнай арганізацыяй будзе працяглай і складанай, а адным з важных кампанэнтаў будзе ўдзел амэрыканскіх ваенна-паветраных сілаў у нанясеньні ўдараў па пазыцыях тэрарыстаў у Іраку і Сырыі. Але, сказаў прэзыдэнт ЗША Барак Абама, амэрыканскія сухапутныя войскі ў баявых дзеяньнях супраць «Ісламскай дзяржавы» ўдзельнічаць ня будуць.

Згодна з прапанаванай прэзыдэнтам ЗША стратэгіяй, наземныя ваенныя дзеяньні супраць «Ісламскай дзяржавы» на тэрыторыі Іраку павінны весьці войскі гэтай краіны і курдзкія ўзброеныя фармаваньні, а ў Сырыі — сілы так званай умеранай апазыцыі.

Ці хопіць сілаў?

Але многія сумняваюцца ў тым, што ірацкае войска, курды і сырыйская апазыцыя здольныя справіцца з баевікамі «Ісламскай дзяржавы» нават пры падтрымцы авіяцыі ЗША. Сярод тых, хто сумняваецца, былы дырэктар ЦРУ і Агенцтва нацыянальнай бясьпекі Майкл Хэйдэн. Ён выступаў у нядзельнай праграме тэлекампаніі Fox:

— Больш за ўсё можна пакласьціся на «Пешмергу» — узброеныя фармаваньні курдаў. На другім месцы ў сэнсе надзейнасьці, прычым з вялікім адставаньнем, ідзе рэгулярнае ірацкае войска. Некаторыя яго атрады змогуць дзейнічаць эфэктыўна і самастойна, але ня ўсе. І, нарэшце, на трэцім месцы — сырыйская апазыцыя. У выпадку зь ёй мы сутыкнемся з сапраўднай праблемай. Бо гаворка ідзе пра падрыхтоўку сапраўднай баявой сілы, а пачынаць даводзіцца з нуля.

XS
SM
MD
LG