Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовы працэс па крымінальнай справе супраць былога гендырэктара ААТ «Барысаўдрэў» Уладзімера Мальцава пачнецца 23 верасьня ў Менскім абласным судзе.

Працэс будзе адкрыты, паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага Суду Беларусі Юлія Ляскава.

Мальцаву інкрымінуецца злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі падчас выкананьня дзяржаўнай праграмы па мадэрнізацыі прадпрыемства. Паводле сьледзтва, гэта пацягнула за сабой прычыненьне шкоды ў асабліва буйным памеры на суму звыш 18 млрд рублёў, а таксама істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам. Тэрміны рэалізацыі дзяржпраграмы па мадэрнізацыі ААТ «Барысаўдрэў» у выніку былі сарваныя, перадае Інтэрфакс.

Мальцава ўзялі пад варту, на яго маёмасьць на суму звыш 400 млн рублёў накладзены арышт.

8 лістапада 2013 году падчас вывучэньня сытуацыі на «Барысаўдрэве» Аляксандар Лукашэнка звольніў кіраўніка Менскага аблвыканкаму Барыса Батуру, намесьніка кіраўніка сваёй адміністрацыі Андрэя Тура, а таксама старшыню канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандра Пераслаўцава. Пры гэтым Лукашэнка прыгразіў крымінальнай справай:

«Батуру вызваліць ад займанай пасады і накіраваць сюды (у ААТ „Барысаўдрэў“. — РС) кіраўніком. Калі праз тры дні ня выйдзе на працу, распачаць крымінальную справу па ім. Калі ён тут ня здолее да вясны — завесьці крымінальную справу», — заявіў Лукашэнка, наведваючы ААТ «Барысаўдрэў».

«Калі ў вас будуць найменшыя падазрэньні па старшыні канцэрну, па Батуру, па Сямашку (першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. — РС) — неадкладна ўключайце іх у крымінальную справу», — заявіў 8 лістапада Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да старшыні Камітэту дзяржкантролю Аляксандра Якабсона.

18 жніўня Лукашэнка вызваліў Аляксандра Якабсона ад пасады старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю. Як паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба, — «у сувязі зь пераводам на іншую працу».

Аляксандар Пераслаўцаў узначаліў будаўнічы трэст № 21.

Андрэй Тур пасьля звальненьня заявіў журналістам, што не зьбіраецца працаваць на дзяржслужбе, а Батура сказаў, што ён пэнсіянэр і будзе адпачываць.

XS
SM
MD
LG