Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочы «Барысаўдрэва»: Там усё запушчана да такой ступені, што проста жах!


Барысаўдрэў

Барысаўдрэў

На «Барысаўдрэве» — аўрал, усе кінутыя на дабраўпарадкаваньне тэрыторыі.

Прычым парадак наводзяць ня толькі ўсе працаўнікі, супрацоўнікі адміністрацыі самога прадпрыемства, але кожны дзень на так званыя суботнікі прыцягваюць іншыя арганізацыі і ўстановы. Паводле інфармацыі сайту barysau.by, прыбіраць тэрыторыю пасылаюць нават старшаклясьнікаў. Карэспандэнты Радыё Свабода пабывалі каля прахадной «Барысаўдрэва».

Натуральна, на само прадпрыемства журналістаў Свабоды не пусьцілі. Вахцёр паведаміў, што сустрэцца з кіраўніцтвам сёньня і ў бліжэйшыя дні ня ўдасца, бо усе, пачынаючы ад кіраўніцтва прадпрыемства і да прыбыральшчыц, працуюць на добраўпарадкаваньні тэрыторыі. Ні адзін службовы тэлефон сапраўды не адказваў.

Тэрыторыя прадпрыемства агароджаная высокім плотам, і нават з тылу, з боку ракі Бярэзіны, не відаць, што там насамрэч адбываецца.

Удалося паразмаўляць з рабочым запалкавай фабрыкі спадаром Іванам, які адпрацваў там 37 гадоў:

«Запалкавая фабрыка як была пабудаваная 100 гадоў таму, так яна і працавала. Там усё было запушчана да такой ступені, што проста жах! Усё, што можна было паламаць, там паламалі. Людзі працавалі ў жудасных умовах. Калі вокны мянялі — людзі працавалі, скразьнякі былі — людзі працавалі, дах мянялі, зьверху сыпалася — людзі працавалі, фарбай дыхалі.

Апошнія гадоў 15 гэтую вытворчасьць проста развальвалі. Цэх ДВП спыніўся гадоў 5 таму, потым пачалі рэканструкцыю рабіць, потым зноў спынілі. Што там мільярды рублёў закапаныя дарэмна — гэта дакладна».

Штодня ледзьве не паў-Барысава выганяюць на суботнікі й прымушаюць працаваць на добраўпарадкаваньні тэрыторыі. Каля 16-й гадзіны з прадпрыемства пачалі выходзіць жанчыны ў гумавых ботах, не падобныя да працаўніц «Барысаўдрэва». Некаторыя зь іх былі ў чырвоных куртках з нашытым гербам і надпісам «Барысаўскі раён»:

«Мы з выканкаму. Працавалі сёньня на суботніку, на расчыстцы тэрыторыі. Галінкі, дрэвы насілі ад рэчкі і палілі. Сапраўды, парадак наводзіцца. І ўчора, і сёньня вельмі шмат народу тут працуе. Шмат транспарту, тэхнікі нагналі. Што пад сілу самім, з рэчкі выцягнулі, а што не — трактарамі выцягвалі. Сапраўды, тут вельмі шмат народу працуе з розных арганізацыяў і установаў».

Але дагаварыць з жанчынай з выканкаму нам не далі яе ж сяброўкі, убачыўшы дыктафон. Наагул, склалася ўражаньне, што людзі запалоханыя — баяцца размаўляць, шарахаюцца ад журналістаў. Але з адной супрацоўніцай прадпрыемства, якая была ў спэцвопратцы з надпісам «Барысаўдрэў», пагутарыць удалося.

«Кожны дзень суботнікі. Выгналі ўсё заводаўпраўленьне, усё начальства чысьціць тэрыторыю. Усіх жыхароў інтэрнату, якія нават ня маюць дачыненьня да прадпрыемства, сагналі сюды. У новым цэху МДФ вокны ўставілі, сьцены пафарбавалі. Рыхтуемся да наступнага візыту… Лепш бы заробкі ўзьнялі».

На пытаньне, якія заробкі на «Барысаўдрэве», жанчына адказала так:

«Тое, што сказалі прэзыдэнту — 3, 5 мільёна сярэдні заробак — такога і блізка няма».

На «Барысаўдрэве» тры наступныя суботы ўжо абвешчаныя суботнікамі, на якіх абавязаны адрабіць усе супрацоўнікі завода.
XS
SM
MD
LG