Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Калі ў Менску прымуць плян Пуціна, гэта будзе капітуляцыя Ўкраіны


5 верасьня на Данбасе можа пачацца ажыцьцяўленьне «мірнага» пляну, які навязаў Пуцін, і гэта прывядзе да стварэньня яшчэ аднаго Прыднястроўя пад назвай «Наваросіі».

Такім чынам экспэрт Рыгор Перапяліца пракамэнтаваў Радыё Свабода гатоўнасьць прэзыдэнта Пятра Парашэнкі абвясьціць спыненьне агню на Данбасе ў выпадку посьпеху перамоваў «трохбаковай групы» ў Менску 5 верасьня.

Затое дарадца міністра абароны Ўкраіны Аляксандар Данілюк адзначае, што Кіеў павінен прадэманстраваць сьвету прыхільнасьць да мірнага ўрэгуляваньня. Але саступкі ў пытаньні дзяржаўнага сувэрэнітэту — недапушчальныя.

Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў на саміце НАТО ў Валіі, што 5 верасьня бакі супрацьстаяньня на Данбасе могуць абвясьціць аб спыненьні агню. 5 верасьня «ў 14:00, калі сустрэча (кантактнай групы ў Менску — РС) адбудзецца, я вярнуся і дам даручэньне кіраўніцтву Генэральнага штабу аб двухбаковым спыненьні агню, і мы спадзяемся, што імплемэнтацыя мірнага пляну пачнецца» — сказаў Парашэнка.

Экспэрт па пытаньнях міжнароднай бясьпекі Рыгор Перапяліца у камэнтары Радыё Свабода пагадзіўся з тым, што гаворка ідзе аб мірным пляне. Толькі з удакладненьнем, што гэта можа быць плян прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

«Узьнікае пытаньне — пра які менавіта плян ідзе гаворка? Пра плян Пуціна ці пра плян Парашэнкі? На гэтым ніхто не акцэнтуе ўвагі. Расея, сэпаратысты гавораць аб мірным пляне і ўкраінскі бок гаворыць аб мірным пляне. Калі прымуць плян Пуціна, то гэта — капітуляцыя Ўкраіны. Практычна яна прадугледжвае абхазізацыю Данбасу» — канстатуе экспэрт.

3 верасьня Пуцін агучыў свой плян зь сямі пунктаў па «спыненьні кровапраліцьця і стабілізацыі абстаноўкі на паўднёвым усходзе Ўкраіны». У пляне няма ніводнага пункту аб тым, што павінна зрабіць Расея для такога мірнага ўрэгуляваньня.

Прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк назваў прапановы гаспадара Крамля замарожваньнем канфлікту на Данбасе.

Рыгор Перапяліца пералічыў усе папярэднія спробы дасягненьня дамоўленасьцяў з Расеяй — у Жэнэве, Нармандыі, Бэрліне... Усе гэтыя спробы, паводле экспэрта, аказаліся марнымі і скончыліся узмацненьнем агрэсіі Расеі супраць Украіны.

«Мы ўжо бачылі і аднабаковае перамір’е з боку Ўкраіны. Калі Парашэнка абвясьціў аднабаковае перамір’е, толькі за адзін дзень загінулі 20 нашых байцоў. І гэта дало тэрарыстам магчымасьць назапасіць сілы і зьнішчаць нашых вайскоўцаў, калі яны ня мелі права на агонь» — нагадвае Рыгор Перапяліца.

Дарадца міністра абароны Ўкраіны Аляксандар Данілюк згаджаецца з Рыгорам Перапяліцай адносна магчымай хітрасьці Пуціна. На вялікі жаль, канстатуе Данілюк, мірнае ўрэгуляваньне на Данбасе наўрад ці дасягальнае. Аднак рабіць усё магчымае для такога ўрэгуляваньня варта, лічыць ён.

«Перакананы, што вярхоўны галоўнакамандуючы адстойвае абсалютна правільную пазыцыю. Таму што Ўкраіна павінна дэманстраваць ўсяму сьвету, што мы насамрэч настроеныя менавіта на мірнае ўрэгуляваньне. Пры гэтым, безумоўна, мірнае ўрэгуляваньне можа грунтавацца выключна на захаваньні тэрытарыяльнай цэласнасьці і дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны» — падкрэсьліў Аляксандар Данілюк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG