Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» пра суд: «Без рашэньня „зьверху“ такога не здараецца»


Агнешка Рымашэўская

Агнешка Рымашэўская

Непрыемным жэстам у бок Польшчы называе дырэктарка «Белсату» Агнешка Рымашэўска-Гузы рашэньне беларускага суду забараніць тэлеканалу «Белсат» выкарыстоўваць ягоны гандлёвы знак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

«Усе кажуць пра пацяпленьне стасункаў, у тым ліку з Польшчай. Беларусь цяпер „голуб міру“. Пуцін у Менску сустракаецца з Парашэнкам. Макей (Уладзімер Макей — міністар замежных спраў Беларусі. — РС.) прыяжджае ў Варшаву і размаўляе з нашым міністрам. І ў той жа момант такі вельмі непрыемны жэст з боку ўладаў на адрас дзяржаўнай польскай структуры, зь якой цяпер нібыта паляпшэньне стасункаў. А наш канал зьяўляецца ў пэўным сэнсе часткай дзяржаўнай структуры. Як гэта зразумець? Каму гэта трэба? Гэтае рашэньне не мяняе рэальнай сытуацыі, а паказвае, што гэтае паляпшэньне не такое сапраўднае», — заявіла Агнешка Рымашэўска-Гузы Радыё Свабода.

Сёньня, 4 верасьня, судзьдзя Вярхоўнага суду Глухоўская агучыла рашэньне, у адпаведнасьці зь якім кампанія Telewizja Polska S.A. мусіць спыніць выкарыстаньне гандлёвага знаку «Белсат» пры трансьляцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адмовіцца ад яго выкарыстаньня на інтэрнэт-сайце тэлеканалуа, які таксама даступны на тэрыторыі Беларусі.

Такім чынам суд задаволіў пазоў грамадзяніна Беларусі Андрэя Белякова, які валодае выключным правам на гандлёвы знак «Белсат» на тэрыторыі Беларусі.

Кампанія таксама абавязаная выплаціць Андрэю Белякову 9 988 800 беларускіх рублёў.

Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» нагадвае, што гандлёвы знак тэлеканалу зарэгістраваны ў Польшчы і дзейнасьць каналу вядзецца ў поўнай адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам і заканадаўствам ЭЗ. На працу тэлеканалу рашэньне беларускага суду ніяк не паўплывае, але сам працэс і ягоныя вынікі выклікаюць у дырэктаркі шмат пытаньняў.

Кіраўніца тэлеканалу зьвяртае ўвагу, што ў студзені 2014 году суд ужо выносіў па пазове Белякова канчатковае рашэньне і адмовіў яму ў задавальненьні патрабаваньняў. Аднак чамусьці да справы «Белсата» вырашылі вярнуцца зноў.

«Гэта дзіўны ўчынак беларускіх уладаў. Без рашэньня зьверху такога не здараецца. Гэта ня нейкі спадар Белякоў са сваімі патрабаваньнямі. Гэта рашэньне ўладаў — працягваць працэс над „Белсатам“. Хоць гэта абсалютна бессэнсоўна. Мы трансьлюемся за мяжой, мы зарэгістраваныя ў Польшчы. Навошта нам адмаўляць у выкарыстаньні гандлёвага знаку ў Беларусі, абсалютна незразумела», — кажа Рымашэўска-Гузы. — Гэта міжнародная прастора. Калі нехта недзе вырашыць, што яму перашкаджае сымбаль CNN, гэта ня значыць, што CNN спыніць сваю дзейнасьць«.

Дырэктарка тэлеканалу яшчэ ня ведае, ці ёсьць магчымасьць рабіць далейшыя юрыдычныя крокі што да рашэньня беларускага суду. Аднак, на яе думку, ніякіх прававых падставаў перашкаджаць дзейнасьці тэлеканалу ў Беларусі беларускія ўлады ня маюць.

«Я ня ведаю наконт тэхнічных магчымасьцяў (абмяжоўваць доступ — РС), але прававых няма. Я ня бачыла ў законе такога, што можна заблякаваць сайт з-за прэтэнзіяў кшталту тых, што мае спадар Белякоў. Нават строгія беларускія законы кажуць пра антыдзяржаўную, антыбеларускую дзейнасьць. Яны прадугледжваюць менавіта такія падставы, а не інтарэсы спадара Белякова. Мяне б вельмі зьдзівіла, калі б наш сайт быў заблякаваны з гэтай прычыны», — лічыць Агнешка Рымашэўска-Гузы.

XS
SM
MD
LG