Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарамет: «Лукашэнка, як актор, памрэ на сцэне»


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандру Лукашэнка сёньня спаўняецца 60 гадоў. Прайшоўшы шлях ад сакратара камітэта камсамола горхарчторга Магілёва да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Лукашэнка дасягнуў пэнсійнага ўзросту. Сярэдняя пэнсія ў Беларусі сёньня складае каля двух з паловай мільёнаў рублёў, а гэта прыблізна 250 даляраў. Калі Лукашэнка сапраўды выйдзе на пэнсію?

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«Не, ён ніколі ня пойдзе на пенсію з гэтай пасады, — упэўнены былы старшыня Вярхоўнага Савета генэрал-лейтэнант міліцыі Мячыслаў Грыб. — Будзе трымацца да тых пор, пакуль будзе жывы і пакуль будзе магчымасьць».

Павал Шарамет

Павал Шарамет

«Толькі ён кепскі актор і кепскі прэзыдэнт, таму памрэ не пад аплядысмэты», — заключае Павал Шарамэт.

Прэзыдэнт-пэнсыянэр зусім ня рэдкая зьява ў сусьветнай палітыцы. У афіцыйна пэнсыйным узросьце кіруюць краінамі прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін (амаль два гады на пэнсыі), Казахстана — Нурсултан Назарбаеў (11 год на пэнсыі), Латвіі — Андрыс Беразіньш (4 гады). На пэнсыі пасьпеў пакіраваць ЗША 41-й прэзыдэнт Джордж Буш-старэйшы. Праўда вакол хапае і нашмат маладзейшых калегаў. Яшчэ далёка да пэнсыі новаабранаму ўкраінскаму прэзыдэнту Пятру Парашэнка. Яму ўсяго 48. 58-гадовай кіраўніцы Літвы Далі Грыбаўскайтэ да статуса пэнсыянэркі два гады, а 62-гадоваму паляку Браніславу Камароўскаму — тры. Амэрыканскаму ж прэзыдэнту Бараку Абаме ўсяго 53, і да пэнсыі яму цэлых дванаццаць год.

Па падліках інтэрнэт-выданьня Тэлеграф, Аляксандр Лукашэнка, выйшаўшы на пэнсыю, можа атрымаць ад сямі да дзевяці мільёнаў беларускіх рублёў штомесяц. Што прыблізна ў 3 разы больш за сярэднюю. Эўрарадыё прадракае кіраўніку 23 мільёны «пэнсыйных» грошай штомесяц 75-гадовы Мячыслаў Грыб распавядае, што «ганаровыя» пэнсыянэры, канечне, жывуць лепш за звычайных, і гэтыя лічбы далёка не мяжа:

«Вельмі значна лепш. Калі звычайны можа атрымліваць два-два з паловай мільёнаў, да трох, то кіраўнік напрыклад, вобласьці, калі пайшоў на пэнсыю, можа атрымаць 20 мільёнаў. Канечне, значная розьніца»

Васіль Лявонаў, былы мінстр сельскай гаспадаркі ў першым урадзе Аляксандра Лукашэнкі, на пытаньне калі Лукашэнка стане сапраўдным пэнсыянэрам і адыйдзе ад справаў, толькі сьмяецца.

Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

Ня верыць ў Лукашэнку-пэнсыянэра і адзін зь першых біёграфаў Аляксандра Лукашэнкі і колішні сябар яго каманды Аляксандр Фядута:

«Ён выйдзе на пэнсыю альбо тады, калі стоміцца і адчуе, што ён стаміўся. Альбо тады, калі зразумее, што ўтрымліваць уладу больш немагчыма. А пакуль яму нішто не перашкаджае гэта рабіць».

Ня варта чакаць ад шасьцідзесяцігадовага рубяжа кіраўніка краіны і пераменаў у жыцьці беларусаў:

«Ёсьць рыса, за якую ўжо перайшоў, і пасьля пераменаў ня будзе. Нічога тут не памяняецца», — кажа Васіль Лявонаў.

«Чалавек ужо ў такім сталым узросьці наўрадці будзе нешта мяняць у сваім жыцьці, — пацьвярдзае Мячыслаў Грыб. — Я ўпэўнены, што і з Аляксандрам Лукашэнка гэтага не адбудзецца. Не магу нават за сваё жыцьцё прывесьці прыклад, каб пасьля 60-ці гадоў чалавек зьмяняўся. Ну магчыма, калі толькі ў манахі ідзе. Але калі застаецца на той жа пасадзе, нічога ня зьменіцца. Ён ужо ня здольны гэта зрабіць».

Зусім нядаўна прэзыдэнцкі сайт разьмяшчаў пастаральныя сюжэты пра збор кавуноў і дыняў у рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Магчыма, беларускі кіраўнік можа натхніцца прыкладам рымскага імпэратарам Дыяклетыяна, які ў апошнія гады жыцьця захапіўся вырошчваньнем капусты?

«Ня будзе ён вырошчваць капусты і тым больш кавуны, — пераконвае Мячыслаў Грыб. — Калі вельмі-вельмі даглядаць, то можна, канечне, у цяпліцах. Але ў прамысловых масштабах — ну ня нашая гэта справа. Ня трэба лічыць, што нашыя дзяды і прадзеды былі дурнейшыя за нас. Нібыта яны ня ведалі, што ёсьць кавуны і дыні. Мы ня можам лічыць сябе больш хітрымі, шчасьлівымі ці адукаванымі, чым яны. Для радасьці, для сябе хай займаецца, чаму не?», — працягвае Мячыслаў Іванавіч.

Так ці інакш, але новыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца ўжо ў 2015 годзе. Пакуль няма аніякіх прыкметаў таго, што ў выбарчы сьпіс абяцае беларускім грамадзянам галоўны сюрпрыз, а прэзыдэнт-пэнсыянэр ня стане для нас такой жа прыкметай беларускай стабільнасьці.

«Нягледзячы на тое, што на фоне позьняга Пуціна Лукашэнка выглядае рэспектабельна і міралюбна, — кажа Павал Шарамет. — наступныя генэрацыі не даруюць яму, што ён скраў у беларусаў цывілізаваную будучыню і дваццаць зь лішным гадоў жыцьця цяперашняга пакаленьня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG