Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч ў турме вучыць ангельскую мову


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Мікалай Статкевіч працягвае ў магілёўскай турме самастойна вучыць ангельскую мову.

Палітвязень Мікалай Статкевіч нядаўна адзначыў дзень народзінаў у турме, ў які ягоныя аднадумцы зладзілі каля муроў турмы акцыю падтрымкі — фэервэрк. Гэтэ аказалася ў цэнтры ўвагі Статкевіча ў ягоным апошнім лісьце, распавяла жонка палітыка Марына Адамовіч.

«Асаблівых падзея няма. Атрымала ад яго паштоўку, якую ён пісаў па сьлядах дня народзінаў. Пра тое, як яго павіншавала турма, пра фэервэрк, пра тое, ад каго са знаёмых ён атрымаў віншаваньні. Пералічыў усіх, каб я падзякавала. І пра тое, што газэты павярталі, якія раней у яго канфіскавалі. А пра сябе напісаў, што займаецца ангельскай мовай, шмат чытае. Паведаміў, што як сьпёка спала, дык стала шмат лягчэй.»

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці працягваюцца правакацыі турэмшчыкаў адносна Статкевіча, Марына Адамовіч адказала: «Не, піша, што зараз усё нармальна, што адумаліся».

Некалькі дзён таму Марына Адамовіч наведала бацьку Мікалая Статкевіча, які пражывае ў Баранавічах. Віктару Статкевічу 88 гадоў, ён жыве адзін, але адмаўляецца перабірацца да сваякоў і цалкам спраўляецца з тым, каб сам сябе абслугоўваць. Паводле настрою і палітычных поглядаў Віктар Статкевіч і ягоны сын вельмі падобныя, кажа Марына Адамовіч.

«Ён вельмі актыўна сочыць за падзеямі, якія адбываюцца ў сьвеце. Калі нешта прайшло міма ягонай ўвагі, яму сябры Мікалая усё распавядуць. Таму ён заўсёды на вастрыні падзей. І, канешне, вельмі заўсёды перажывае за Мікалая, непакоіцца за лёс сына».

Мікалай Статкевіч адзіны з былых кандыдатаў на прэзыдэнта, які дагэтуль ўтрымліваецца ў вязьніцы. Статкевіч пакараны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году, вынікі якіх апазыцыя палічыла сфальшаванымі. Утрымліваюць Мікалая Статкевіча ў крытай магілёўскай турме. Палітык адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG