Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кандыдат на прэзыдэнта, палітвязень Мікалай Статкевіч прапанаваў абраць адзіным кандыдатам на прэзыдэнта ад дэмакратычных сіл былога ці цяперашняга палітвязьня. Што думаюць пра ініцыятыву арыштанта магілёўскай турмы палітыкі ў Беларусі?

Ініцыятыву, якая зьявілася на сайце statkevich.org, як сьцьвярджаецца, былы кандыдат на прэзыдэнта падрыхтаваў у канцы чэрвеня. Жонка палітыка Марына Адамовіч кажа, што абдумваў ён гэту ідэю ўжо больш як год. Тое, што сам жа Мікалай Статкевіч і можа стаць гэтым адзіным кандыдатам, у ёй не галоўнае, кажа Марына Адамовіч.

«Міколава ініцыятыва тычыцца ўсё ж не яго канкрэтна, а найперш яна скіраваная на пошук найбольш эфэктыўных крокаў, каб паламаць сцэнар улады. І ў гэтым сэнсе Мікалай гатовы падтрымаць любога з тых, хто, на думку ўлады, удзельнічаць у выбарах ня зможа. Але, паколькі ў краіне ня вельмі шмат, скажам гэтак, людзей, гатовых ахвяраваць сабой, ён таксама разглядае і варыянт, што сам стане такім кандыдатам».

«Праблема беларускай апазыцыі ў тым, што яна сфармаваная на базе палітычных партыяў, якія ў першай палове 90-х гадоў ствараліся дзеля ўдзелу ў выбарах. Апынуўшыся ў сытуацыі, калі выбарчая сыстэма ператварылася ў муляж, гэтыя партыі працягваюць рабіць тое адзінае, што ўмеюць — праводзіць выбарчыя кампаніі. Абараніць сваю перамогу ад брутальных фальсыфікацыяў яны ня ў стане. Як правіла, іхнія лідэры, будучы палітыкамі нядрэннага ўзроўню, не валодаюць неабходнымі якасьцямі для дасягненьня перамогі ва ўмовах адсутнасьці выбараў. У тым ліку надзвычай неабходнай з такіх якасьцяў — здольнасьцю да самаахвяраваньня», — сказана ў заяве Мікалая Статкевіча.

Як кіраўнікі беларускіх партыяў паставіліся да ініцыятывы Статкевіча?

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, ідэя вылучэньня адзіным кандыдатам на прэзыдэнта ад апазыцыі аднаго з палітвязьняў — ня новая, яна ўжо абмяркоўваецца на закрытых пасяджэньнях партыйных структураў, і асабіста Анатоль Лябедзька да гэтага ставіцца станоўча.

«Паўтараю, што гэта ня ёсьць зусім новым, гэта абмяркоўвалася і абмяркоўваецца. Але наколькі гэта будзе плюсам ці мінусам, ня ведаю, не магу сказаць за ўсіх. Можа паспрыяць аб’яднаньню, а можа і наадварот. Як ставяцца да гэтага партыйныя структуры, не магу пакуль сказаць, бо абяцаў не выказвацца пакуль. Але мне асабіста такі сцэнар сымпатычны. Недзе 7–8 месяцаў таму праз Фэйсбук я зьвяртаўся да калегаў, каб вылучыць адзіным кандыдатам на прэзыдэнта праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які тады адбываў пакараньне ў бабруйскай калёніі. Такі сцэнар гарманічна, мяркую, спалучаецца з тым, што робіць АГП з 2012 году — кампанія за сумленныя свабодныя выбары. І яшчэ вельмі важна, што трэба навязваць свой сцэнар выбараў уладам, а не ісьці па калідорах, якія яна будуе. Таму падсумую: структуры ўжо месяц як абмяркоўваюць такі сцэнар, мне ён падаецца прымальным, але рашэньня яшчэ няма. Паглядзім, якое яно будзе».

Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што калі вылучэньне палітвязьня кандыдатам на прэзыдэнта аб’яднае апазыцыю, гэта будзе лепш, чым узаемныя спрэчкі і разрозьненасьць. Але, на думку Аляксея Янукевіча, у такім выпадку кандыдат ад апазыцыі сам пазбаўляе сябе магчымасьці публічна весьці перадвыбарчую барацьбу на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году:

«Відавочна, што такі кандыдат ня будзе зарэгістраваны, ён ня зможа спрыяць таму, каб на ўлады быў аказаны ціск беларускім грамадзтвам. Ён ня зможа прадстаўляць тую каштоўнасную альтэрнатыву „русскому миру“, якую апазыцыя, на маю думку, павінна прадставіць беларускаму грамадзтву падчас гэтых выбараў. Вылучэньне кандыдатам на прэзыдэнта таго, каго апрыёры не зарэгіструюць, вядома, можа дапамагчы апазыцыі захаваць твар. Але, на маю думку, гэта занадта слабая і нізкая мэта. Яна азначае, што мы загадзя пагаджаемся з тым, што ня можам уплываць на грамадзтва. Таму падчас перамоваў я ўсё ж буду прапаноўваць, каб мы шукалі выхаду на таго кандыдата, які зможа прайсьці праз усю выбарчую кампанію».

Намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі і былы начальнік Фрунзенскага РУУС Менску Алег Гайдукевіч скептычна паставіўся да таго, што ініцыятыву Мікалая Статкевіча падтрымаюць ягоныя калегі ў дэмакратычным лягеры.

«Гэтак вылучаць свайго кандыдата прадстаўнікі дэмакратычных партый, ці інакш, — хай бы каго вылучылі. Але, на жаль, мяркуем, ні пра што яны не дамовяцца. І гэтая ініцыятыва Статкевіча ні да чога не прывядзе. І другі момант — усё ж кандыдатам на прэзыдэнта трэба вылучаць чалавека, які можа на роўных весьці барацьбу за месца прэзыдэнта. І яшчэ з чым мы ня згодныя — трэба абавязкова браць удзел у выбарах. Бо не існуе іншага шляху, каб наступілі нейкія пазытыўныя зрухі ў краіне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG