Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Беларусі ў Бішкеку не мае інфармацыі пра ордэн Бакіеву


Амбасадар Беларусі ў Кіргізстане Віктар Дзенісенка зноў заявіў кіргіскаму зьнешнепалітычнаму ведамству, што не валодае афіцыйнымі зьвесткамі пра ўзнагароджаньне экс-прэзыдэнта Курманбэка Бакіева дзяржаўнай узнагародай Беларусі.

У МЗС Кіргізстана быў паўторна запрошаны амбасадар Дзенісенка для тлумачэньняў адносна інфармацыі аб узнагароджаньні зрынутага прэзыдэнта Бакіева дзяржаўнай узнагародай «Ордэнам дружбы народаў».

«Амбасадар адзначыў, што, па-ранейшаму не мае афіцыйнай інфармацыі адносна ўзнагароджаньня Бакіева, які жыве ў Менску», — паведамілі ў прэс-службе МЗС Кіргізстану.

«Так званае ўзнагароджаньне асуджанага судом да пажыцьцёвага зьняволеньня зьбеглага злачынцы высокай дзяржаўнай узнагародай Беларусі выклікае пратэст і зьдзіўленьне і разглядаецца ў Кіргізстане як несяброўская акцыя, якая сур’ёзна параніла пачуцьці родных і блізкіх загінуўшых і пацярпелых 7 красавіка 2010 года», — заявілі ў МЗС.

Падобны крок у МЗС назвалі «неабдуманай і недарэчнай падтрымкай злачынцы і яго атачэньня», што наносіць чарговую шкоду двухбаковым адносінам.

Кіргіскі МЗС папрасіў дыплямата «зьвярнуць увагу ўладаў Беларусі на неабходнасьць перагледзець гэтае рашэньне і ўстрымацца ў далейшым ад падобных акцый».

XS
SM
MD
LG