Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат лічыць захады пракурора «занадта суворымі» і просіць апраўдаць праваабаронцу Бандарэнку


Андрэй Бандарэнка і адвакат Дар'я Ліпкіна
Андрэй Бандарэнка і адвакат Дар'я Ліпкіна

У Кастрычніцкім судзе Менску працягваюцца судовыя спрэчкі ў справе праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі. У першай палове дня пракурор Аляксандар Бароўскі папрасіў для Бандарэнкі 6 год зьняволеньня з улікам таго, што адзін год можна зьняць паводле амністыі. У другой палове дня ў спрэчках выступіла адвакат Дар’я Ліпкіна.

Адвакат нагадала, што сумненьні ў віне абвінавачанага трэба трактаваць на ягоную карысьць, як патрабуе прэзумпцыя невінаватасьці.

Паводле Дар’і Ліпкінай, абвінавачаньнем не сабрана доказаў, што Бандарэнка вінаванаты ў хуліганстве паводле першага эпізоду абвінавачаньня. Тое, што Бандарэнка не ўчыняў хуліганскіх дзеяньняў адносна пацярпелага Яворскага, паводле адваката, даказана сьведкай Алёнай Красоўскай-Касьпяровіч, сьведчаньні якой адвакат назвала пасьлядоўнымі і праўдзівымі. Што да сьведкі з боку абвінавачаньня Дурманавай, то яе паказаньні адвакат лічыць непраўдзівымі і супярэчлівымі і зазначае, што ў судзе так і не былі правераныя супярэчнасьці ў паказаньнях сьведкі.

Дар’я Ліпкіна мяркуе, што ў Бандарэнкі не было намеру наконт хуліганства, а ён спантанна адрэагаваў на зьнявагу Яворскага, якая лічыцца вельмі крыўднай для людзей, якія пабывалі ў месцах зьняволеньня. Іншы намер Бандарэнкі, як лічыць адвакат, ня быў даказаны, а сумненьні трэба тлумачыць на ягоную карысьць.

Да паказаньняў пацярпелага Яворскага абаронца прапануе паставіцца крытычна, яны не выглядаюць праўдзівымі — пачынаючы ад часу здарэньня і да яго акалічнасьцяў. У прыватнасьці, ён блытаўся нават адносна сваіх дзеяньняў. Тое, што Яворскі амаль не прысутнічаў у судзе, адвакат лічыць падазроным.

Дар’я Ліпкіна таксама скрытыкавала вынікі экспэртызы пашкоджаньняў пацярпелага Яворскага. Паводле абаронцы, экспэрты ня выканалі сваіх службовых абавязкаў, бо ня высьветлілі паходжаньня ўсіх траўмаў, якія нібыта атрымаў Яворскі. Адвакат мяркуе, што дзеяньні яе падабароннага ў першым эпізодзе трэба кваліфікаваць як адміністрацыйнае парушэньне і што па гэтым эпізодзе Бандарэнку трэба апраўдаць.

У другім эпізодзе адвакат Бандарэнкі ня бачыць у дзеяньнях свайго падабароннага прыкмет асабліва злоснага хуліганства, бо лічыць недаказаным ужываньне Бандарэнкам ключоў у якасьці зброі падчас канфлікту з Тацянай Радзіён. Адвакат нагадала, што і пацярпелая не адзначала таго, што падчас канфлікту ў руках Бандарэнкі былі ключы. Выснову экспэртаў пра тое, што ключы «маглі быць ужытыя для нанясеньня пашкоджаньняў», адвакат прапануе не лічыць доказам, бо гэта толькі меркаваньне. Дар’я Ліпкіна спаслалася і на дадзеныя геномнай экспэртызы ключоў, якая паказала, што на ключах ня знойдзена сьлядоў цялеснага пашкоджаньня Радзіён. «Да таго ж пацярпелая прызнае, што гэта быў канфлікт абодвух бакоў, што яна сама нанесла пашкоджаньне Бандарэнку — моцна ўкусіла яго за палец», — заявіла адвакат Ліпкіна, якая лічыць, што па гэтым эпізодзе яе падабаронны таксама павінен быць апраўданы.

Андрэй Бандарэнка прызнаў сваю віну перад пацярпелай Натальляй Траўлькай, якая фігуруе ў трэцім эпізодзе абвінавачаньня, — нагадала суду адвакат Дар’я Ліпкіна. Тады Бандарэнка, якога пацярпелая Радзіён пачала здымаць на мабільнік, ударыў нагой па яе тэлефоне, а потым ударыў нагой ў твар Траўльку. Гэтыя дзеяньні зафіксавала відэа, якое сьледчыя выклалі ў інтэрнэт яшчэ да суду. Але адвакат нязгодная з такой прыкметай учынку Бандарэнкі, як «асаблівы цынізм», пра што казаў пракурор Аляксандар Бароўскі. «Бо інцыдэнт адбыўся ў памяшканьні райаддзелу міліцыі!», — працытавала пракурора адвакат. Дар’я Ліпкіна мяркуе, што дзеяньні яе падабароннага былі справакаваныя, у яго не было намеру на хуліганства. Таму адвакат таксама выказваецца за апраўданьне Бандарэнкі па гэтым эпізодзе, у якім ён парушыў, як яна мяркуе, толькі адміністрацыйны кодэкс.

Пасьля выступу адваката судзьдзя дала апошняе слова абвінавачанаму Андрэю Бандарэнку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG