Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка: 5 лютага супроць мяне была правакацыя як супроць праваабаронцы


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

6 жніўня ў Кастрычніцкім судзе Менску абвінавачаны ў злосным хуліганстве праваабаронца Андрэй Бандарэнка даў паказаньні па першым эпізодзе сваёй крымінальнай справы, які тычыцца нібыта зьбіцьця ім пацярпелага Артура Яворскага.

Раней Бандарэнка пагаджаўся даваць такія паказаньні толькі ў прысутнасьці пацярпелага Яворскага, якога некалькі дзён у судзе не было. Няма ў судзе Яворскага і сёньня. Бандарэнка хадайнічаў, каб была забясьпечана яўка пацярпелага, але суд спаслаўся на тое, што Яворскі на працэс ужо зьяўляўся, і хадайніцтва адхіліў. У выніку Андрэй Бандарэнка пачаў даваць паказаньні ў адсутнасьць Яворскага і адразу заявіў, што не прызнае сябе вінаватым у хуліганскіх дзеяньнях супроць Яворскага, а таго лічыць правакатарам.

Паводле Андрэя Бандарэнкі, гэтую правакацыю замовілі спэцслужбы, якія былі зацікаўленыя ў кампрамэтацыі праваабаронцы. Выснову пра нібыта правакацыйную ролю Артура Яворскага Андрэй Бандарэнка зрабіў на падставе паводзінаў пацярпелага. Паводле Бандарэнкі, 5 лютага ў прамежку часу паміж 20 і 20.30, а не ў 20.50, як сьцьвярджае сьледзтва, каля кавярні «Старажытная легенда» Яворскі папрасіў у яго цыгарэту, потым зьняважыў яго словамі «Прыбяры рукі, я ня ведаю, да чаго ты імі дакранаўся», пасьля перашкаджаў яму сысьці і трымаў за куртку.

«Я мусіў адштурхнуць яго рукой у плячо, пры гэтым рука праскочыла наперад і закранула губу пацярпелага. Але я не шкадую, што гэтак паступіў, хоць і шкада, што Яворскі атрымаў траўму», — заявіў суду Андрэй Бандарэнка. Таксама абвінавачаны сьцьвярджае, што пацярпелы ад удару ня падаў, а толькі прысеў на некалькі сэкундаў на кукішкі, падняўся і пайшоў у прылеглыя двары. Ніякіх траўмаў на твары пацярпелага, як кажа Андрэй Бандарэнка, ён ня бачыў.

Андрэй Бандарэнка таксама выказаўся адносна паказаньняў засакрэчанай сьведкі Інэсы Дурманавай. Праваабаронца паведаміў, што зьвесткі пра гэтую сьведку зьявіліся ў справе толькі з 5 сакавіка, празь месяц пасьля інцыдэнту. На думку Бандарэнкі, засакрэчаная сьведка зьявілася пасьля таго, як міліцыянты вырашылі завесьці супроць яго крымінальную справу, але адных паказаньняў Яворскага ім было недастаткова. «Вось чаму ўзьнікла Дурманава. Але яе паказаньні супярэчаць іншым сьведчаньням, і, каб яе немагчыма было праверыць, яе засакрэцілі», — мяркуе Андрэй Бандарэнка.

Прадстаўнік пракуратуры Аляксандар Бароўскі выказаў недавер да вэрсіі Бандарэнкі пра правакацыю з боку пацярпелага Яворскага. «Навошта яму гэта трэба?» — запытаўся пракурор. Андрэй Бандарэнка на гэта заявіў, што Яворскі, паводле яго, — «дробная сошка», «выканаўца», а правакацыю яму замовілі адмысловыя службы. Якія дакладна, Бандарэнка не ўдакладніў. «А эпізоды з Радзіён і Траўлькай — таксама правакацыя?» — запытаў пракурор. Андрэй Бандарэнка на гэта сказаў, што «тут ён сам дапамог».

У другой палове дня 6 жніўня суд пачаў вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы, якая налічвае 2 тамы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG