Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іраклій Курасбэдыяні, былы афіцэр грузінскай арміі, падпалкоўнік, зараз знаходзіцца ў Луганскай вобласьці ў складзе ўкраінскага дабравольніцкага батальёну «Данбас».

Ён адказаў на пытаньні грузінскай рэдакцыі Радыё Свабода.

РС: Прадстаўнік ўкраінскага кіраўніцтва, я маю на ўвазе былога міністра ўнутраных справаў Украіны Юрыя Луцэнку, днямі сказаў, што «тэрарыстаў» на Данецкім напрамку ў хуткім часе чакае сюрпрыз. Што маецца на ўвазе і як можна ахарактарызаваць ваенную сытуацыю, якая склалася на дадзены момант?

Курасбэдыяні: На мой погляд, гэты сюрпрыз яны даўно ўжо атрымалі, палова тэрыторыі, якую яны кантралявалі, ўжо ім не падкантрольная. Застаецца яшчэ вялікая тэрыторыя, але мы вельмі хутка прасоўваемся наперад і хутка вызвалім і яе таксама. Цяпер можна выразна вылучыць тое, чаго не было раней. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, пасьля таго, як былі прызначаныя новы міністар абароны, кіраўнік генэральнага штабу і зьявіліся выразна намечаныя задачы, вызначыўся той шлях, па якім мы ідзем, тое, што мы павінны рабіць. Мы адмовіліся ад таго, што было на пачатковым этапе, калі тактыка баёў прыносіла шмат бессэнсоўных ахвяраў — вось тады ўсё зьмянілася, і ініцыятыва відавочна перайшла ў нашы рукі. Адным словам, праціўнік бачыць, што напад зь яго боку будзе для яго ж і згубны. Зараз яны імкнуцца абараніцца, прыкрываюцца насельніцтвам, адкрываюць агонь, у асноўным, з населеных пунктаў, і мы імкнёмся максымальна пазьбегнуць страт сярод мірнага насельніцтва. Таму апэрацыя трохі зацягваецца па часе. РС: Распавядзіце пра інтэрнацыянальны склад украінскіх узброеных сілаў, наколькі я ведаю, батальён «Данбас», у якім вы зараз змагаецеся, вядомы менавіта сваім інтэрнацыянальным складам.

Курасбэдыяні: Так, ёсьць беларусы, ёсьць азэрбайджанец, людзі некалькі нацыянальнасьцяў, я цяпер дакладна не скажу, таму што, па нашых парамэтрах, гэта больш за батальён, да 400-500 чалавек.

РС: Іраклі, з боку ўжо здаецца, што баі робяцца пазыцыйнымі. Элемэнтаў рукапашных баёў стала менш.

Курасбэдыяні: Так, ёсьць некалькі месцаў вакол Данецку і Луганску, дзе ідуць больш інтэнсіўныя баі. Не ведаю, ці можна назваць гэта пазыцыйнай вайной, але на гэтым тыдні мы ўзялі 2 ці 3 населеныя пункты. Гэта патрабуе часу. І нам вельмі цяжка змагацца з ужываньнем артылерыі. Бо гэта ўсё адбываецца ў населеных пунктах, дзе жывуць людзі — так-так, яны ўмацоўваюцца ў населеных пунктах. Для мяне гэты маштаб быў незвычайным, таму што ў Грузіі мы прывыклі да таго, што ўсе побач, а тут нам даводзіцца дзейнічаць на такіх тэрыторыях, якія, можа быць, роўныя тэрыторыі самой Грузіі. У нас жа як — і Асэтыя, і Абхазія — усё побач, мы да другіх маштабаў прызвычаіліся. А тут адкрытая мясцовасьць, у асноўным, і яны, як правіла, хаваюцца ў населеных пунктах, таму што там і прадуктамі, і пітвом пажывіцца можна, і машыны ім патрэбныя, якія яны адбіраюць у мясцовых жыхароў, і людзі ім патрэбныя, якіх яны ўжываюць, як жывы шчыт, і не даюць ім магчымасьці зьехаць. Мы спрабуем хоць бы на некаторы час спыніць агонь, стварыць які-небудзь калідор для жыхароў, каб яны маглі выбрацца. Словам, расьцягвае ўсе па часе і стварае складанасьці толькі фактар грамадзянскага насельніцтва.

РС: Дадзеныя перапісу насельніцтва паказваюць, што людзей, якія называюць сябе ўкраінцамі, у гэтых абласьцях больш, чым расейскамоўнага насельніцтва. Украінскія ўзброеныя сілы адчуваюць падтрымку з боку насельніцтва ці яно больш схіляецца да падтрымкі сэпаратыстаў? Курасбэдыяні: Так, вядома, пэўная падтрымка ў сэпаратыстаў з боку насельніцтва ёсьць. Але гэта ня столькі падтрымка сэпаратыстаў як такіх, колькі падтрымка абстрактная — людзі думаюць, што прыйдзе Расея, і жыцьцё стане лепш. Таму што ім на самай справе жылося даволі туга: квітнела карупцыя, усё развальвалася, з-за чаго і здарыўся Майдан, а потым і расейская рэакцыя рушыла ўсьлед. Але скажу вам так: мы ўваходзілі ў такія гарады, якія ўвесь гэты час лічыліся «іх» гарадамі, (напрыклад, Лісічанск, куды мы ўвайшлі некалькі дзён таму, там быў досыць складаны рэльеф, падысьці да яго было нялёгка, і зусім нялёгка было яго браць, там асела даволі вялікая групоўка), — словам, былі пункты, у якіх ўплыў «Партыі рэгіёнаў» і ўплыў расейцаў быў даволі моцным. Але, нягледзячы на гэта, мяне вельмі зьдзівіла, што насельніцтва, людзі выходзілі да нас цэлымі дамамі, вуліцай, і наўпрост казалі, што, маўляў, «вось гэтыя па вам стралялі». І я не хаваю, што я грузін, і не лянуюся тлумачыць, калі мяне пытаюцца, чаму я тут і што раблю. І стаўленьне да мяне нармальнае. Таму што ўсё ўжо стаміліся тут, і цяпер разумеюць, што іх ужываюць, як жывы шчыт. Вядома, ёсьць людзі, якія вераць таму, што ім кажуць з Масквы, але калі яны бачаць, што ў іх двары усталёўваюць «Град», які дае два-тры залпы ў наш бок, а потым разгортваецца і страляе ў бок Данецку, ня ведаю, для чаго, можа, для таго, каб раззлаваць сваіх жа людзей (спачатку гэта для мяне было дзіка, таму што я не бачыў такога нават падчас баёў у Абхазіі і ў Асэтыі) — так пра што яшчэ казаць?

РС: А ці блізкая перамога ўкраінскай арміі ў вайне з прарасейскім сэпаратызмам?

Курасбэдыяні: Даволі блізкая. Ёсьць вялікі шанец, што да зімы ўсё гэта скончыцца. І я скажу як былы ваенны выведнік: заўсёды ўсё залежыць ад таго, што зробіць праціўнік. Калі адбудзецца наўпроставая адкрытая агрэсія, ўвойдуць войскі, як гэта адбылося ў Крыме (хоць, гэта наўрад ці будзе так, як было ў Крыме), то там будзе вялікае кровапраліцьце. Гэта, вядома, зацягне канфлікт, але ў той жа час гэта дапаможа паставіць кропку на Расеі, як на наймацнейшай дзяржаве. У Расеі няма шанцу дамагчыся посьпеху.

XS
SM
MD
LG