Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрал Размазьнін: Украінскае войска не ваюе з цывільным насельніцтвам


Пра хаду адноўленай антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны, пра тактыку ўкраінскага войска і сэпаратыстаў распавёў у інтэрвію нашаму радыё в. а. начальніка Галоўнага ўпраўленьня па працы з асабовым складам узброеных сілаў Украіны генэрал-маёр Аляксандр Размазьнін. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Дракахруст: Па выніках першага дня аднаўленьня АТА агучваецца розная інфармацыя, адны ўкраінскія афіцыйныя крыніцы кажуць пра 400 забітых баевікоў, іншыя – пра 1000. Якія дадзеныя, паводле вашых зьвестак, адпавядаюць рэчаіснасьці?

Размазьнін: Калі шчыра, то мы зараз не падлічваем дакладна страты праціўніка. Для нас галоўнае, што страты нашых вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у АТА, мінімальныя. Учора іх не было наагул, былі толькі параненыя. Сёньня, на жаль, страты ёсьць. Але тое, што баевікі, тэрарысты папрасілі калідор для пераходу на бок удзельнікаў АТА ці выхаду на тэрыторыю Расеі бяз зброі – ужо паказьнік таго, што апэрацыя праходзіць пасьпяхова. Расея адмовіла, зачыніўшы свае пункты пропуску, у пераходзе тэрарыстаў з тэрыторыі Ўкраіны.

Дракахруст: Вы сказалі, што апэрацыя адбываецца пасьпяхова. А за кошт чаго, чым цяперашні этап АТА адрозьніваецца ад тых, што былі да спыненьня агню?

Размазьнін: Адрозьненьне гэтых этапаў сапраўды існуе. Мы далі магчымасьць выехаць з зоны АТА як мага большай колькасьці жыхароў рэгіёну, вывезьлі практычна ўсіх дзяцей. Мы здолелі ўзмацніць групоўку, якая, будзем шчыра казаць, значна мацнейшая, чым была раней. Хачу, каб слухачы братэрскай нам Беларусі дакладна ўяўлялі сабе: ўзброеныя сілы Ўкраіны на тэрыторыю гарадоў не ўваходзяць. Усе населеныя пункты мы бярэм у кола, а «зачыстку» населеных пунктаў праводзяць Нацыянальныя гвардыя, часткі ўнутраных войскаў, сілы МУС і спэцпадразьдзяленьні.

Посьпех АТА зараз адбываецца за кошт таго, што мы зараз для зьнішчэньня блёк-пастоў, базавых лягераў баевікоў выкарыстоўваем не жывую сілу, а гарматы і авіяцыю.

Дракахруст: А ці ёсьць дадзеныя па стратах сярод цывільнага насельніцтва?

Размазьнін: З цывільным насельніцтвам украінскія ўзброеныя сілы ніколі не ваявалі і ваяваць не зьбіраюцца. На ўчорашні дзень – 8 чалавек цывільных, якія загінулі ў маршрутцы ў раёне Славянска. Яна патрапіла пад абстрэл гарматнай сыстэмы тэрарыстаў. Мы ў бок дамоў не страляем. Агонь скіраваны на аб'екты, дзе няма цывільнага насельніцтва. Але тэрарысты, баевікі ладзяць свае баявыя пазыцыі, у тым жа Славянску, у школах. Школы зараз у нас вольныя. Яны ставяць пазыцыі на тэрыторыі дзіцячых дашкольных устаноў, дамоў немаўляці. Таму мы зрабілі ўсё, каб з тэрыторыі актыўных дзеяньняў АТА вывезьці ўсіх дзяцей, якія пазбаўленыя бацькоўскага клопату. Мы робім усё, каб нашы дзеці не пацярпелі.

Былі спробы з боку Расеі забраць гэтых дзяцей на сваю тэрыторыю, але мы іх пакінулі ў сябе. Бо нашы дзеці – гэта нашы дзеці, якімі б яны ні былі.

Дракахруст: Скажыце, а вось Нацыянальная гвардыя, батальёны добраахвотнікаў – у якой ступені сілы, якія ўдзельнічаюць у АТА, падпарадкоўваюцца адзінаму вайсковаму камандаваньню, а ўрэшце – галоўнакамандуючаму прэзыдэнту Парашэнку?

Размазьнін: Усе яны абсалютна падпарадкоўваюцца адзінаму камандаваньню і нашаму галоўнакамандуючаму, прэзыдэнту. У нацыянальнай гвардыі ёсьць камандуючы. Батальёны спэцыяльных падразьдзяленьняў падпарадкаваныя начальнікам адпаведных сілавых структураў. Батальёны тэрытарыяльнай абароны падпарадкаваныя міністру абароны. Усе гэтыя размовы пра «армію спадара Каламойскага» недарэчныя. Бо няма такой арміі, ёсьць батальён «Днепр», які ўваходзіць у склад міністэрства ўнутраных справаў.

Дракахруст: Як вы, як прафэсіянал, ацэньваеце чыста ваенную тактыку праціўніка? Там, здаецца, не такія вялікія ваенныя розумы: Стралкоў – адстаўны палкоўнік, Болатаў – старшы сяржант запасу.

Размазьнін: І Стралкоў, і «Бес» – яны падпалкоўнікі, палкоўнікі, людзі, якія прайшлі «гарачыя кропкі», яны маюць досьвед вядзеньня баявых дзеяньняў. Ну Болатаў – гэта зразумела, ён – былы кіроўца аднаго з нашых кіраўнікоў.

Сюды здолелі перакінуць баевікоў пад выглядам аддзелаў Войска Данскога, іншых аддзелаў, якія былі сфармаваныя на тэрыторыі памежнай з намі дзяржавы. І набіралі хлопцаў ня проста з вуліцы, а тых, якія маюць вопыт баявых дзеяньняў. І аплата іх была значна вышэйшай, чым у нашых вайскоўцаў. Ну а потым, як заўсёды бывае, прыляцелі сюды «дзікія гусі» з усіх краін сьвету, у тым ліку і зь Сярэдняга Ўсходу, і з Блізкага Ўсходу, і з Каўказу – прыляцелі зарабіць грошай. І калі стала ім тут сьпякотна, яна просяць даць магчымасьць пакінуць нашу зямлю.

Наш прэзыдэнт прыняў рашэньне. Калі на руках чалавека няма крыві – мы яго амністуем. Калі чалавек забіваў нашых грамадзянаў – паўстане перад судом і панясе заслужанае пакараньне.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG