Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 1 жніўня: Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь?


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У хутары Шаблі пачынаецца двухдзённы музычна-мастацкі фэстываль Дружба. Хутар Шаблi знаходзіцца ў вёсцы Малое Запрудзьдзе Валожынскага раёну за 15 км ад Валожына і 80 км ад Менску па трасе на Вільню.

У кнігарні «логвінаЎ» у Менску начная прэзэнтацыя славацкага нумару часопіса «Макулатура». Пачатак а 21.00. Удзел возьмуць: Сьвятлана Рогач, Сяргей Сматрычэнка, Сяргей Календа (галоўны рэдактар), Васіліса Паляніна.

Дыскусія «Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь» у прасторы ЦЭХ (Менск, пр. Незалежнасьці 58/6). Пачатак а 18.00. Удзел возьмуць філёзаф і літаратар Ігар Бабкоў, багаслоў і культуроляг Ірына Дубянецкая, дызайнэр і паэт Міхал Анемпадыстаў, філёзаф Аляксандр Сарна. Вядучы дыскусіі — філёзаф Павел Баркоўскі.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1514 — Армія Маскоўскай дзяржавы пасьля трэцяй аблогі ўзяла Смаленск.

1812 — Напалеон Банапарт аддаў загад аб стварэньні войска Вялікага Княства Літоўскага.

1914 — Кайзэраўская Нямеччына абвясьціла вайну Расеі.

1920 — Чырвоная Армія заняла Берасьце.

1944 — У Польшчы пачалося Варшаўскае паўстаньне. Меркавалася, што баі будуць працягвацца некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі. Дзеля перамоваў са Сталіным у Маскву прыбыў прэм’ер польскага ўраду ў выгнаньні Станіслаў Мікалайчык. Але Сталін ўзамен за савецкую дапамогу варшаўскім паўстанцам прапанаваў Станіславу Мікалайчыку зьліць яго ўрад з савецкім марыянэтачным урадам — Польскім камітэтам нацыянальнага вызваленьня — створаным у занятым Чырвонай Арміяй Любліне 20 ліпеня 1944. Пасьля таго, як Мікалайчык адмовіўся падпарадкавацца ПКНВ, Сталін аддаў загад аб спыненьні наступальных дзеяньняў у раёне Варшавы. 2 кастрычніка паўстанцы капітулявалі. 17 студзеня 1945, амаль праз паўгода пасьля пачатку Варшаўскага паўстаньня, Чырвоная Армія ўвайшла ў пусты і зьнішчаны горад на левым беразе Віслы.

Пакідаючы дымны водар, маладосьць раставала шлейфам — лютым сынам свайго народа я на краі сьмерці сталею.

Як нажом, яшчэ да зьмярканьня мне сьвятло перарэжа колам — і разьбу я прасьплю сьляпую, карабін падклаўшы пад голаў.

Фрагмэнт верша «З галавою на карабіне» польскага паэта Кшыштафа Каміля Бачынскага, які загінуў на барыкадзе на чацьверты дзень Варшаўскага паўстаньня; пераклад Кацярыны Маціеўскай.

У гэты дзень нарадзіліся:

1520 — Жыгімонт ІІ Аўгуст, вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1548-1572).

1912 — Янка Ролсан (сапр. прозьвішча Гадзіцкі), дзяяч эміграцыі ў Аўстраліі.

З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА

1 жніўня 1914 Кафка пачынае працу над раманам «Працэс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG