Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа мастацтва быць амаральным? Так і хочацца сказаць: не! Для мастакоў падрыхтаваны іншы суд, ня тут і не цяпер: «там разьбяруцца», як казалі, грукаючы ботамі, у 30-х гадах начныя госьці, што прыходзілі да мастакоў і ня толькі да іх. У чарзе на той суд усім хопіць месца — зь іхнымі малюнкамі, п’ескамі, зборамі твораў у дзесяці тамах і гераічнымі сымфоніямі. Божы суд, д’ябальскі, таварыскі — якая розьніца, як яго называць. Усе там будзем. Толькі вось абстракцыяністаў туды ня возьмуць. У іх будзе сваё паседжаньне, абстрактнае, і прысуд будзе адпаведны: іх раскладуць на кубікі і ромбікі. На плямкі і пляўкі. На хімэры і хімічныя элемэнты.

Аднак гэта будзе потым. Мяшаць мастацтва з маральлю да суду неяк непрыгожа. Мастацтва, якое задаецца пытаньнем, ці маральнае яно, ці якое марыць быць маральным, ёсьць марнай спробай забегчы наперад натхненьня. Таму апошняе, пра што варта думаць мастаку, гэта мараль і здаровы сэнс. Амаральным мастацтва можа быць толькі тады, калі яно — падробка. А здаровым — толькі калі прызнаць існаваньне мастацтва, якое entartet. А адтуль ужо і да біялягічна чыстага мастацтва рукой падаць. Сьлізкі шлях.

Па вялікім рахунку, Пятрусь Броўка выглядае амаральнейшым за Генры Мілера. Паводле маральнасьці зробленага. А вось паводле літаратурных крытэраў... Хто яго ведае, ці можна іх наагул ставіць перад адным судзьдзём.

Кажуць, гэта папа Пій ХІІ 3 жніўня 1950 году не пабаяўся і абвясьціў абстракцыянізм як мастацкую плынь амаральным. Калі гэта сапраўды так, дык для папы той праклён быў добрай трэніроўкай перад энцыклікай ад 12 жніўня, дзе ён абрынаецца на ўсіх «абнаўленцаў», эвалюцыяністаў і атэістаў зь іхнымі малпамі. Рэч у тым, што Пій ХІІ быў адным з самых актыўных і чулых да часу папаў і востра адчуваў пагрозу з боку мастакоў: відавочна, што для яго ўсе гэтыя абсурдысты, абстракцыяністы, авангардысты, сюрэалісты, «новыя раманы», тэатры жорсткасьці і гэтак далей зьліваліся ў адну жудасную антырэлігійную хвалю, што накрыла сабой хрысьціянскі сьвет пасьля вайны. Карацей, бальшавікі ад культуры. І калі ўлічыць, што Пій ХІІ быў, напэўна, самым зацятым змагаром з чырвонай пошасьцю за ўсю гісторыю Ватыкану — дык нічога дзіўнага, што ў няшчасных няздарах-абстракцыяністах ён пабачыў ледзьве не самога Зьвера.

Напад на мастакоў — гэта, вядома, самае нявіннае, чым потым будуць папракаць папу. Калі абстракцыянізм даўно зробіцца кічам, прадуктам і закрасуе на сьцяне кожнай мяшчанскай кватэры, калі папа памрэ, а халодная вайна стане звычнай, як зімовы краявід, Пію ХІІ яшчэ доўга будуць прыгадваць ягонае маўчаньне падчас вайны, яго бязьдзейнасьць, яго абыякавае сузіраньне Галакосту, яго заступніцтва за нацыстаў. У параўнаньні з гэтымі абвінавачваньнямі нейкія там абстракцыяністы і праўда ня вартыя ўвагі. Гісторыя апраўдае Пія: ён не маўчаў, ён рабіў што мог, лавіруючы, як сапраўдны палітык, паміж двух, а то і трох монстраў.

Цікава, што асуджэньне Піем ХІІ абстракцыянізму адбылося ўсяго на пару гадоў пазьней, чым кампанія супраць фармалізму, касмапалітызму і эстэцтва, праведзеная ў СССР. У чымсьці яны былі ўсё ж падобныя: папа, зацяты вораг камунізму — і сам галоўны бальшавік-антыхрыст. Напэўна, рэч у маралі, адной на ўсіх, здольнай дэзынфікаваць, перамагчы і падпарадкаваць сабе ўсё — апрача мастацтва.
XS
SM
MD
LG