Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: «Малайзіскі „Боінг“ — фактар, які зьмяніў правілы гульні»


Заходні друк піша пра тое, што зьбіцьцё малайзійскага пасажырскага самалёта і працяг дзеяньняў Расеі па дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне падштурхнулі Захад да новых санкцыяў адносна Масквы.

The New York Times

У панядзелак ЗША і Эўропа адкінулі свае рознагалосьсі і дамовіліся рэзка ўзмацніць жорсткасьць эканамічных санкцый супраць Расеі. Гэта адбылося на фоне засьцярогаў, што Масква нарошчвае ўмяшаньне ва Ўкраіне і, магчыма, рыхтуе глебу для адкрытага ўварваньня.

Эўрапейскія лідэры шмат месяцаў адмаўляліся заходзіць гэтак жа далёка, як амэрыканцы. Цяпер жа бакі дамовіліся аб пакеце мераў, накіраваных на фінансавы, энэргетычны і вайсковы сэктары эканомікі Расеі У некаторых выпадках эўрапейцы, магчыма, нават апярэдзяць тое, што ўжо было зроблена Злучанымі Штатамі, так што Вашынгтону давядзецца іх наганяць.

Пасьля таго, як над Усходняй Украінай быў зьбіты малайзійскі авіяляйнэр, рашучасьць саюзьнікаў узмацнілася. Масква ня толькі не зрабіла крок назад, як спадзяваліся некаторыя, але, як кажуць амэрыканскія, эўрапейскія і ўкраінскія афіцыйныя асобы, нават фарсіравала свой удзел у вайне ва Ўкраіне разам з прарасейскімі сэпаратыстамі.

Калі пасьля сёньняшняга пасяджэньня ЭЗ эўрапейцы абвесьцяць аб сваіх новых мерах, чыноўнікі адміністрацыі Абамы, па іх словах, плянуюць абвясьціць аб мерах ЗША сёньня або ў сераду. Па словах Тоні Блінкэна, намесьніка дарадцы Абамы па нацыянальнай бясьпецы, мэта — «не пакараць Расею, але выразна даць зразумець, што яна павінна спыніць падтрымку сэпаратыстаў і перастаць дэстабілізаваць Украіну».

У панядзелак амэрыканскія афіцыйныя асобы паведамілі, што адкрытае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, хоць яно ўсё яшчэ малаверагоднае, здаецца больш магчымым, чым некалькі тыдняў таму. «Мы назіралі значнае паўторнае нарошчваньне расейскіх сілаў паблізу ад мяжы, што патэнцыйна можа азначаць падрыхтоўку да так званага „гуманітарнага“ або „міратворчага“ ўмяшаньня ўва Украіне», — сказаў Блінкэн. Унутры ЗША Абаму крытыкуюць за недастатковую жорсткасьць у дачыненьні да Расеі, але ён ціснуў на Эўропу, каб яна больш рашуча давала адпор Маскве. У гэтым месяцы Абама заблякаваў некаторым расейскім банкам і нафтагазавым кампаніям доступ на амэрыканскія рынкі сярэднетэрміновага і доўгатэрміновага капіталу.

Эўрапейцы, па словах афіцыйных асобаў, плянуюць увесьці падобныя абмежаваньні для расейскіх дзяржаўных банкаў, усталяваць эмбарга на продаж зброі і абмежаваньні ў сфэры продажу тэхнікі падвойнага прызначэньня.

Згодна з правіламі Эўразьвязу, эўрапейцы ня могуць накладаць санкцыі на канкрэтныя расейскія банкі так, як гэта робіць адміністрацыя Абамы. Так што санкцыі закрануць усе банкі, мажарытарныя пакеты якіх належаць расейскай дзяржаве. Пасьля гэтага амэрыканцы паспрабуюць нагнаць эўрапейцаў, распаўсюдзіўшы санкцыі на яшчэ большую колькасьць расейскіх банкаў. Афіцыйныя асобы запэўнілі, што паспрабуюць прадухіліць тое, каб Расея «пратачылася ў шчыліны» паміж эўрапейскімі і амэрыканскімі санкцыямі. Афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што дамоўленасьць з ЭЗ сарве спробы прэзыдэнта Пуціна ўбіць клін паміж ЗША і іх саюзьнікамі.

Новыя крокі робяцца, калі расейская эканоміка ўжо адчувае калясальны ціск, узмоцнены украінскім крызісам: рост фактычна спыніўся, капіталы бягуць з краіны, рубель адчувае стрэс, замежныя інвэстары ўсё больш цураюцца Расеі. Аднак некаторыя амэрыканскія чыноўнікі ў кулюарах выказалі сумневы, што гэта паўплывае на разьлікі Пуціна. Больш за тое, некаторыя асьцерагаюцца, што эскаляцыя, разам з посьпехамі арміі Ўкраіны, загоніць Пуціна ў кут, і яму яшчэ менш захочацца рабіць крокі назад. Пры гэтым эўрапейцы ўсё роўна адмовіліся зайсьці настолькі далёка, як хацелі амэрыканцы. Збройнае эмбарга не закранае кантракт на францускія «Містралі», Вялікабрытаніі ня хочацца ізаляваць расейскую фінансавую індустрыю цалкам, немцы супраць мераў, якія закранаюць расейскі газ.

І ўсё ж гатоўнасьць зрабіць больш жорсткімі санкцыі — гэта зрух у пазыцыі, асабліва сярод нямецкіх прамыслоўцаў. Многія вядучыя бізнэсоўцы зрабілі больш жорсткай сваю лінію пасьля падзеньня малайзійскага авіяляйнэра.

Der Spiegel

Як бы цынічна гэта ні гучала, але экспэрты-палітолягі кажуць, што трагедыя малайзійскага «Боінга» — гэта фактар, які зьмяняе правілы гульні. Прадстаўнікі 28 эўрапейскіх краін прынялі рашэньне ўвесьці першыя жорсткія эканамічныя санкцыі супраць Расеі. Яны прымуць пакет сэктаральных санкцый супраць Расеі і дадуць сваім прадстаўнікам у Брусэлі ўказаньне ўхваліць яго ў аўторак. Аналягічнай пазыцыі прытрымліваюцца і ў Бэрліне. Калі эўрапейскія краіны ў чарговы раз не пакіне упэўненасьць з нагоды санкцый, то Расеі і Пуціну можна будзе перакрыць кран.

Нягледзячы на летнія вакацыі, урад Нямеччыны спадзяецца, што ў Бруселі будзе скліканы пазачарговы саміт ЭЗ. Гледзячы па ўсім, Пуціну хочуць кінуць пальчатку на вялікай міжнароднай арэне.

Такім чынам, новыя санкцыі стануць першым тэстам на тое, ці зможа новая мужная пазыцыя эўрапейцаў уразіць расейскага прэзыдэнта. Між тым ужо цяпер Фэдэральная выведная служба Нямеччыны адсочвае «прыкметы таго, што ў расейскім кіраўніцтве мае месца жорсткае супрацьстаяньне паміж прыхільнікамі жорсткага курсу і прадстаўнікамі эканамічных колаў за ўплыў на прэзыдэнта Пуціна». У нямецкай выведцы мяркуюць, што «неўзабаве шэраг расейскіх алігархаў, якіх закранулі санкцыі Эўразьвязу, могуць вылучыць патрабаваньні палітычнага і эканамічнага характару і паспрабаваць затармазіць Пуціна».

Адзін зь іх праціўнікаў — дарадца Пуціна Сяргей Глазьеў. Такія, як ён, лічаць украінскага прэзыдэнта Парашэнку «нацыстам» і патрабуюць бамбаваць украінскую тэрыторыю. Яны лічаць, што Эўропа дэградуе, а ЗША — відавочны вораг Расеі, які друкуе даляры для таго, каб скупляць і зьнішчаць Расею. Глазьеў хоча адгарадзіць Расею ад астатняга сьвету і зрабіць яе цалкам незалежнай у асноўных галінах эканомікі.

Менавіта па гэтай прычыне санкцыі аказваюцца нават на руку прыхільнікам жорсткага курсу. Ужо зараз расейскім чыноўнікам і палітыкам забаронена мець замежныя рахункі, супрацоўнікам сілавых ведамстваў забаронена выяжджаць за мяжу. Да таго ж зусім нядаўна чыноўнікам забаранілі езьдзіць на машынах замежнай вытворчасьці.

Старшыня Ўсходняга камітэту нямецкай эканомікі Экхард Кордес лічыць, што «занадта моцны ціск звонку можа прывесьці да выніку, процілеглага жаданаму. Нікому ня стане лягчэй ад таго, што Пуціна загоняць у кут».

Пры падрыхтоўцы матэрыялу скарыстаныя пераклады Inopressa.

XS
SM
MD
LG