Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця прыпыняе інвэстыцыі ў Расею


Эўрапейскі банк рэканструкцыі й разьвіцьця заявіў у сераду, што Рада дырэктараў ня ўхваліць новыя інвэстыцыі ў Расею.

Такое рашэньне будзе прынятае ў адказ на заклік Эўразьвязу й Эўрапэйскага інвэстыцыйнага банку прыпыніць крэдытаваньне Расеі з-за яе падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.

Сябра Эўрапейскай камісіі, які курыруе энэргетычны сэктар, Гюнтэр Этынгер, заявіў у сераду, што Эўразьвяз не павінен надаваць Расеі тэхнічную дапамогу ў асваеньні запасаў нафты і газу ў Арктыцы, калі Масква не дапаможа аднавіць мір на ўсходзе Ўкраіны.

Эўразьвяз рыхтуецца ў чацьвер разгледзець магчымасьць новых санкцый супраць Расеі празь яе няспынныя, нягледзячы на папярэджаньні, дзеяньні ў падтрымку збройнага прарасейскага сэпаратызму на невялікай частцы тэрыторыі ўсходу Ўкраіны.

У аўторак група амэрыканскіх сэнатараў ад Дэмакратычнай партыі заклікала прэзыдэнта ЗША Барака Абаму зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Расеі й разгледзець пытаньне аб унясеньні ў сьпіс тэрарыстычных арганізацый самаабвешчаную Данецкую народную рэспубліку.

У лісьце прэзыдэнту сэнатары адзначаюць зьяўленьне новых сьведчаньняў парушэньняў правоў чалавека прарасейскімі сэпаратыстамі ДНР, уключна з выкраданьнем людзей і катаваньнямі. Аўтары ліста падкрэсьліваюць неабходнасьць неадкладных санкцый у дачыненьні да расейскай абароннай прамысловасьці, а таксама яе энэргетычнага і фінансавага сэктараў.

XS
SM
MD
LG