Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усходняе партнэрства» хочуць падзяліць на два клясы. Беларусь застаецца ў «нулявым»


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Эўразьвяз фармальна распачаў праект пад назвай «Усходняе партнэрства» на саміце ў Празе ў траўні 2009 году, прапанаваўшы падтрымку дэмакратызацыі і рынкавых рэформаў для шасьці краін: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Тады грамадзянская супольнасьць Беларусі сустрэла прапанову Эўразьвязу з энтузіязмам. Афіцыйны Менск паставіўся да «Ўсходняга партнэрства» больш стрымана. Якія зараз пэрспэктывы ўдзелу Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве», якія тут перашкоды і бар’еры, ці ёсьць спадзеў на больш шчыльнае супрацоўніцтва, — разважае палітоляг Юры Чавусаў.

— 22 ліпеня ў Брусэлі міністар замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімер Макей бярэ ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў дзяржаў-удзельніц ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства» ў Брусэлі. Да гэтага ў сустрэчах такога ўзроўню ўдзельнічалі намесьнікі міністра. Ці азначае гэта, што афіцыйныя ўлады зьбіраюцца больш адкрыта ставіцца да «Ўсходняга партнэрства»?

— Насамрэч афіцыйны Менск ніколі не спыняў працы ў гэтым кірунку. Іншая рэч, што часам замест міністра Макея прадстаўніцтва па Беларусі было на ўзроўні намесьніка міністра. Ня думаю, што зараз «Усходняе партнэрства» — прыярытэтны напрамак як для Эўразьвязу, так і для Рэспублікі Беларусь. Ёсьць іншыя працэсы, іншыя мэханізмы. Зь іншага боку, гэта пляцоўка для камунікацыяў Беларусі з Эўразьвязам.

— Шэсьць краінаў, якія першапачаткова былі задзейнічаныя ў праектах «Усходняга партнэрства», за гэтыя 4 гады падзяліліся, так бы мовіць, на два лягеры, два клясы. Ці азначае гэта, што для кожнай групы з боку Эўразьвязу павінны быць розныя падыходы, розныя ўмовы, розныя праекты?

— У Эўразьвязе цяпер дамінуе думка, што «Ўсходняе партнэрства» трэба падзяліць, скажам так, на два клясы. У першым клясе — тыя краіны, якія шчыра імкнуцца да эўраінтэграцыі і ў якіх ёсьць сур’ёзныя праблемы, у тым ліку і з акупацыяй ці анэксіяй часткі тэрыторыяў — гэта Ўкраіна, Малдова, Грузія. І тыя краіны, якія не імкнуцца да паўнавартаснага ўступленьня ў стасункі, да асацыяцыі з Эўразьвязам — гэта Беларусь, Армэнія і Азэрбайджан. На гэтай глебе цяпер стаіць пытаньне пра далейшае магчымае разьвіцьцё праграмы «Ўсходняга партнэрства».

Для Беларусі цяпер гэта мае даволі тэарэтычнае, абстрактнае значэньне, таму што Беларусь ня ўдзельнічае ані ў якіх двухбаковых вымярэньнях «Усходняга партнэрства». Беларусь удзельнічае толькі ў шматбаковых праектах і праграмах, так што гэта справа хутчэй больш сымбалічная для Беларусі на дадзены момант. Хаця пэўную актуальнасьць у якасьці такога дадатковага каналу камунікацыяў і ўзаемадзеяньня з Захадам гэтая праграма захоўвае для Беларусі.

— Грамадзянская супольнасьць, няўрадавыя арганізацыі ўскладалі на «Ўсходняе партнэрства» вялікія надзеі, яны думалі, што змогуць уплываць на ўрады сваіх дзяржаваў. Але нешта апошнім часам і іхні энтузіязм паціху згасае...

Для такіх дзяржаваў, як Украіна, «Усходняе партнэрства» — гэта ўжо пройдзены этап

— Што да ўдзелу грамадзянскай супольнасьці, то там таксама быў вялікі энтузіязм, калі фармавалася так званая Нацыянальная плятформа форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства». Там удалося прымусіць структуры Эўразьвязу да павелічэньня ролі грамадзкіх арганізацыяў у працэсах «Усходняга партнэрства». Але паколькі Беларусь паўнавартасна ня ўдзельнічае ў гэтым праекце, то і ўдзел грамадзянскай супольнасьці досыць фрагмэнтарны. Зь іншага боку, праца працягваецца. Наступны форум грамадзянскай супольнасьці будзе ў Тбілісі ўвосень, ужо адабраныя беларускія ўдзельнікі — прадстаўнікі беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Хоць, вядома, энтузіязму значна меней.

Зь іншага боку, некаторыя арганізацыі працуюць у галіновых групах — па навакольным асяродзьдзі, па іншых тэмах. Але ўсё ўпіраецца ў тое, што ўдзел беларускай дзяржавы ў гэтых праграмах і праектах мінімальны.

— Ці могуць зьмяніцца падыходы Эўразьвязу да Беларусі ў зьвязку з падзеямі ва Ўкраіне?

— Тут назіраецца такая сытуацыя, калі інструмэнт альбо будзе неэфэктыўны, альбо ён можа стаць эфэктыўным толькі ў той сытуацыі, калі ён будзе асобны для краінаў, якія імкнуцца ў Эўразьвяз, і краінаў, якія да ўступленьня ў Эўразьвяз не імкнуцца. То бок уся справа ідзе да таго, што для такіх дзяржаваў, як Украіна, «Усходняе партнэрства» — гэта ўжо пройдзены этап, то бок яго трэба перафарматаваць, рабіць нешта глыбейшае ў пляне спрыяньня рэформам.

А для такіх краінаў, як Беларусь, гэты мэханізм трэба ўдасканальваць у іншы бок. Наадварот, у бок зьмяншэньня такой прамой прывязкі «Ўсходняга партнэрства» да пагадненьня аб эўраасацыяцыі. І адзін з такіх варыянтаў — той праект рэформаў, які зараз запачаткаваны Эўразьвязам для Беларусі. Два гады таму спрабавалі зладзіць «Дыялёг дзеля мадэрнізацыі» — не атрымалася нічога, бо беларускі бок адмовіўся ўдзельнічаць. Рэформы — гэта яшчэ такая «лайт-вэрсія» набліжэньня Беларусі да эўрапейскіх стандартаў. Але пакуль гэта толькі праект, які рэалізуецца беларускімі няўрадавымі структурамі. Ёсьць спадзеў на ўдзел прадстаўнікоў дзяржавы на ўзроўні спэцыялістаў. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG