Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей у Брусэлі: экспэрты прарыву не чакаюць


Уладзімер Макей, архіўнае фота

Уладзімер Макей, архіўнае фота

На 22 ліпеня ў Брусэлі заплянавана сустрэча міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у праграму Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства». Беларусь на сустрэчы прадстаўляе міністар Уладзімер Макей.

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе МЗС Беларусі, Уладзімер Макей мяркуе выступіць на пленарнай міністэрскай сустрэчы і выкласьці на ёй падыходы Беларусі да далейшага разьвіцьця «Ўсходняга партнэрства».

«Ад Макея сёньня нельга чакаць нейкіх „рэвалюцыйных“ ідэяў», — мяркуе дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

Андрэй Ягораў

Андрэй Ягораў

«Думаю, што мы пачуем традыцыйную рыторыку, зьвязаную з тым, што Беларусь патрабуе роўнага ўдзелу ў гэтай праграме. А роўныя ўмовы ў разуменьні беларускіх уладаў азначаюць наступнае — не выстаўляйце нам ніякіх патрабаваньняў аб вызваленьні палітвязьняў, лібэралізацыі і правах чалавека, а давайце з намі супрацоўнічаць у эканамічным вымярэньні.

Я думаю, што такая рыторыка будзе разгорнутая Макеем. А Эўразьвяз сёньня фактычна пагаджаецца з такой пазыцыяй, нягледзячы на свае рытарычныя заявы пра палітзьняволеных, пра магчымыя санкцыі. Дэ-факта разгортваецца новы віток супрацоўніцтва на тых так званых прагматычных умовах, якія выстаўляюць беларускія ўлады».

Ня бачыць падставаў для таго, каб сёньняшняя сустрэча ў Брусэлі стала пераломнай, і старшыня міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзіслаў Вялічка:

Уладзіслаў Вялічка

Уладзіслаў Вялічка

«Пераломнасьць — гэта ня ёсьць рыса беларускай палітыкі пэрыяду Лукашэнкі. Гэта, хутчэй, шараговая сустрэча, якая павінна замацаваць зацікаўленасьць беларускіх уладаў у нармальных стасунках з Эўропай. Для гэтага цяпер існуе шэраг фарматаў, якія да нічога не абавязваюць беларускія ўлады, не патрабуюць непасрэдных вынікаў рэформаў у бліжэйшы пэрыяд. І таму такія адносіны ў прынцыпе больш на карысьць беларускай уладзе.

Думаю, што ў гэтай лёгіцы будзе працягнутая і сёньняшняя камунікацыя. І, найхутчэй, размова будзе ісьці пра ўжо пазначаныя пункты супрацоўніцтва. Гэта — пытаньні візавай лібэралізацыі і эканамічнага супрацоўніцтва ў фарматах, якія былі ўжо вызначаныя раней».

«На сёньня не выглядае, што афіцыйны Менск гатовы да нейкіх рэзкіх дзеяньняў і рухаў у бок Эўропы, — канстатуе намесьнік кіраўніка грамадзянскай кампаніі „Гавары праўду“ Андрэй Дзьмітрыеў. — Зь іншага боку, хоць і нязначны, але дыялёг з Брусэлем узнавіўся»:

Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

«І гэты візыт Макея ў Брусэль дадасьць дыялёгу, мабыць, больш выразнасьці. Яшчэ раз Брусэль згадае, што палітычныя вязьні павінны быць вызваленыя. Макей на гэта яшчэ раз скажа, што гэта ўнутраная справа Рэспублікі Беларусь.

Хоць з таго, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне, мне падаецца, што і Захад у значна большай ступені гатовы да кампраміснага дыялёгу зь Беларусьсю, і беларуская ўлада магла б скарыстацца гэтым і сапраўды зрабіць нашу незалежнасьць, наш сувэрэнітэт хоць крыху больш абароненым. Праз тое, што мы будзем базавацца не на адным толькі саюзьніку, а сапраўды на шматвэктарнай палітыцы».

Пасьля пленарнага паседжаньня ў Макея заплянаваныя некалькі двухбаковых сустрэч з калегамі зь іншых краін, якіх дакладна — пакуль невядома. Таксама ў праграму ўключана і прэсавая канфэрэнцыя беларускага міністра.

Для Ўладзімера Макея, які пэўны час быў неўязны ў краіны Эўразьвязу, гэты візыт у Брусэль стане другім. Год таму, у ліпені 2013 году, ён удзельнічаў у аналягічным мерапрыемстве.

Краіны «Ўсходняга партнэрства»

Краіны «Ўсходняга партнэрства»

Эўразьвяз фармальна распачаў праект пад назвай «Усходняе партнэрства» на саміце ў Празе ў траўні 2009 году, прапанаваўшы падтрымку дэмакратызацыі і рынкавых рэформаў для шасьці краін: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Праграма прапануе шасьці краінам-удзельніцам цесную эканамічную інтэграцыю з Эўразьвязам, калі тыя выканаюць пэўныя ўмовы. Зь цягам часу яны могуць падпісаць шырокія гандлёвыя пагадненьні, якія дадуць кампаніям краін-удзельніц лягчэйшы доступ да рынку Эўразьвязу.

Такія гандлёвыя дамовы дазволяць зьнізіць мытныя і іншыя бар’еры, якія стрымліваюць імпарт і экспарт, а таксама фінансавыя паслугі і дзяржаўныя закупы.

Большая мабільнасьць людзей у Эўропе — таксама частка праекту «Ўсходняга партнэрства». Эўразьвяз хоча спрасьціць працэдуры падарожжаў па Эўропе і ў канчатковым выніку прапанаваць бязьвізавы рэжым перамяшчэньня.

У абмен на лягчэйшы доступ да Эўразьвязу дзяржавы-ўдзельніцы павінны ўвесьці строгія правілы па барацьбе з карупцыяй, арганізаванай злачыннасьцю і гандлем людзьмі, наркотыкамі і зброяй. Гэта, у сваю чаргу, зьнізіць рызыку распаўсюджаньня такіх злачынстваў у ЭЗ.

Фармальна сёньня ў сталіцы Бэльгіі праходзяць дзьве сустрэчы. Спачатку за зачыненымі дзьвярыма дыскутуюць кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў толькі краін Эўразьвязу. Бліжэй да вечару да іх далучаюцца яшчэ шасьцёра — міністры замежных спраў Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны, то бок тых краін, што ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства».

XS
SM
MD
LG