Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі дзяржаўны сайт стаў на бок данецкіх сэпаратыстаў


Магілёўскі гарадзкі сайт, які належыць мясцовай філіі «Белтэлекама», апошнім часам актыўна рэтрансьлюе пазыцыю данецкіх сэпаратыстаў і лідэра прарасейскіх дывэрсантаў у Данбасе Ігара Стралкова. Беларускі дзяржаўны сайт называе ўкраінскія ўлады «хунтай», а саміх украінцаў — «украмі».

Сайт упрыгожаны гербам Магілёва са старажытнай «Пагоняй», а навіны на ім даюцца пераважна ад лідэра данецкіх баевікоў Ігара Гіркіна.

На магілёўскім партале www.mogilev.by пастаянна паведамляюць пра вайсковыя апэрацыі данбаскіх сэпаратыстаў ды ўкраінскіх сілавікоў. Баевікі выступаюць у навінах як «апалчэньне», а ўкраінскія вайскоўцы ды ўлада — як «хунта». Чытачам даводзяць, што дзеяньні сэпаратыстаў пасьпяховыя. Рэгулярна публікуюцца «зводкі» ад Ігара Стралкова (Гіркіна), грамадзяніна Расеі, палкоўніка ФСБ, які стаў лідэрам баевікоў і спачатку дзейнічаў у Славянску, а потым перабраўся ў Данецк.

Зводкі навінаў ілюструюцца фатаздымкамі з пазнакай, што яны — уласнасьць сайта. Падаюцца і відэаматэрыялы пра вайсковыя апэрацыі сэпаратыстаў, згарэлыя танкі ды падарваныя масты. Цяпер на сайце актыўна даводзяць, што ў катастрофе малайзійскага «Боінга» вінаватыя ўкраінскія вайскоўцы. У некаторых разьдзелах сайта публікацыі падаюцца дарэформенным расейскім правапісам, у прыватнасьці ў рубрыцы «Губерния».

Сайт створаны ў 2002 годзе, адміністратар дамэннага імя — Магілёўская філія РУП «Белтэлекам».

У «Белтэлекаме» не ўдалося высьветліць, хто напаўняе зьместам гэты сайт, там толькі паабяцалі разабрацца ў сытуацыі і падзякавалі за сыгнал.

Магілёўскі журналіст Аляксандар Буракоў зазначае, што сайт www.mogilev.by доўгі час не абнаўляўся. Але раптам ажыў. Гэты партал, кажа ён, перадусім вядомы перадрукамі навінаў зь іншых сайтаў.

«У дадзеным выпадку адміністратар сайта чамусьці пайшоў па шляху антыўкраінскім і прасэпаратысцкім — я кажу пра гэтак званую рубрыку „Ў сьвеце“, — тлумачыць журналіст. — Такім чынам на магілёўскім дзяржаўным сайце фактычна ўкраінцы называюцца „ўкропамі“. І гэта, безумоўна, дзіўна».

Аляксандар Буракоў дапускае, што кіраўніцтва прадпрыемства, якому належыць сайт, ня ведае, што там публікуецца:

«Звычайна начальства не праглядае такія сайты. Ня выключана, што гэта пэрсанальная ініцыятыва адміністратара».

Аляксандар Буракоў адзначае яшчэ адну акалічнасьць. Увесну невядомыя ўзламалі ягоны сайт «Свабодны фармат». Чатыры месяцы міліцыя шукае зламысьнікаў. Веры ў тое, што іх знойдуць, кажа журналіст, няма. Аднак ён заўважае:

«Увесну назіралася дзіўная актыўнасьць людзей, якія „працуюць“ супраць беларускай апазыцыі. Выкладаліся ў інтэрнэт абразьлівыя публікацыі і камэнтары на іх. Цяпер жа сытуацыя паварочваецца ў антыўкраінскі бок. Гэта, відаць, такі трэнд цяпер».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG