Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мацкевіч: Немагчыма адначасова быць добрым і Расеі і Ўкраіне, якія знаходзяцца ў стане вайны


Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Што азначае затрыманьне ў Менску народнага дэпутата Ўкраіны? Ці можна сьцьвярджаць, што ўлады Беларусі цалкам падпарадкоўваюцца Расеі, ці ўдаецца Аляксандру Лукашэнку падтрымліваць сваю неадназначную пазыцыю ва ўкраінска-расейскім канфлікце? На гэтыя пытаньні адказвае Старшыня рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч.

— «Лукашэнка на падтанцоўцы ў Пуціна, нейкай асобнай палітыкі ён не праводзіць», — заявіў Радыё Свабода дэпартаваны зь Беларусі народны дэпутат Украіны Аляксандар Брыгінец па вяртаньні ў Кіеў. Ці можна пагадзіцца з такой ацэнкай, і як увогуле варта ацаніць гэты інцыдэнт?

— Цяжка не пагадзіцца з гэтым абагульненым выказваньнем украінскага дэпутата, і ніякага асаблівага адкрыцьця тут няма. Але ж я б сказаў так: ня трэба перабольшваць удзел Лукашэнкі ў розных справах. Думаю, што тут проста спрацавалі фармальныя дамоўленасьці паміж спэцслужбамі. Вядома, што мытны кантроль у Беларусі і Расеі агульны, і беларускія памежнікі проста выконваюць тое, што пастанавілі расейскія. Як, у сваю чаргу, расейскія памежнікі могуць не ўпусьціць у сваю краіну чалавека, непажаданага беларускім уладам. Таму ня думаю, што тут было нейкае асабістае ўмяшаньне Лукашэнкі.

— Як увогуле можна ацаніць апошнія заявы і дзеяньні Лукашэнкі наконт расейска-украінскага канфлікту? З аднаго боку, кіраўнік Беларусі робіць часам даволі праўкраінскія заявы, зь іншага — затрыманьне дэпутата, прыкметы гандлёвай вайны паміж Беларусьсю і Ўкраінай і гэтак далей.

— Гэта ўсё наступствы непасьлядоўнасьці палітыкі і спробы ўсядзець на двух крэслах адначасова. Краіна павінна вызначацца, асабліва ў крызісны момант. Беларусь павінна заняць нейкі бок. Але ж ані беларускае кіраўніцтва, ані самі беларусы як нацыя пакуль ня вызначыліся. Аднак немагчыма адначасова быць добрымі аднаму і другому боку, якія знаходзяцца ў стане вайны.

— Вы кажаце пра неабходнасьць вызначацца. Але ці не здаецца, што ў цяперашніх рэаліях гэтае вызначэньне можа быць толькі на карысьць Масквы? Можа быць, для кіраўніцтва Беларусі якраз найлепшая пазыцыя — ніяк не вызначацца?

— Сёньняшняя сытуацыя склалася не адразу, гэта вынік недальнабачнай палітыкі 20 гадоў. Калі Беларусь дбае пра будучыню, то вызначацца трэба ўжо цяпер. Так, мы вельмі залежныя ад Расеі, павязаныя зь ёй шмат якімі пагадненьнямі. Аднак і Эўропа залежыць ад Расеі пастаўкамі газу і нафты. Аднак яна вызначаецца і прымае кірунак пазбавіцца ад гэтай залежнасьці.

Таму зараз Беларусь вымушаная прымаць рашэньні ў стылі рэал-палітык, але кірунак на будучыню трэба прымаць такі, каб зьмяншаць гэтую залежнасьць. Калі мы незалежная краіна, калі мы цэнім сваю незалежнасьць, то трэба яе павялічваць, у тым ліку ў гандлёвай і газавай залежнасьці ад Масквы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG